“Што ты адчуваеш, калі гаворыш па-свойму?” – спытаў ён неяк, калі яны рызыкнулі і выйшлі разам на плошчу. І тут яна сказала тое, што даўно не давала яму спакою:
“Ведаеш, калі раней я спрабавала гаварыць, як усе, у мяне быццам бы балела нейкая костачка ў роце. А калі гавару па-свойму – не баліць”.
У яго заняло дух. Гэта было сказана так натуральна, што не магло быць хлусьнёй. Ды яна і ня ўмела хлусіць.
“А ты можаш намацаць яе языком?” – спытаў ён, намагаючыся ня выдаць перад ёй сваёй шчасьлівай дрыготкі.
Маша спынілася, пракаўтнула сьліну і зь вельмі шчырым выглядам пачала вадзіць языком па сховах свайго рота.
“Не магу”, – сказала яна расчаравана. – “Але ж мы цяпер гаворым па-нашаму”.
Мы гаворым няправільна, непрыгожа, ня так! – хацелася крыкнуць доктару, я крыўляюся тут дзеля цябе, пудзіла. Але ён стрымаўся. Ён выхоўваў у сабе волю. Ужо тады ён ведаў, што каб правільна гаварыць – трэба валодаць сабой. Мець доступ кожным нэрвам да кожнага закутка. Ён усьміхнуўся:
“Ты падобная да вішні. Круглая і з костачкай”.
Яна ўся ўспыхнула ад радасьці. І ён, удаючы абыякавасьць, сказаў:
“Я жыву тут недалёка. Хочаш, заходзь у госьці. У мяне нікога няма. Брат у качалцы, бацькі на дачы, у Яўменаве”.
Яна зьбянтэжылася. Яна паглядзела на яго так, быццам гэтым позіркам хацела ўзяць нейкае абяцаньне. Ёй вельмі спадабалася пра вішню, ён гэта адчуваў. І ён ведаў, што ёй ня хочацца зь ім разьвітвацца. Урэшце, ён быў адзіны з аднагодкаў, з кім яна магла гаварыць па-свойму. Яна лічыла яго сваім сябрам. Але ёй было страшна.
“Добра!” – усьміхнулася яна, гледзячы ўбок. – “Хадзем. Калі б я ведала, што ты запросіш мяне ў госьці, я б узяла фільм. Мне сястра прывезла, ты глядзеў “Малпу Джэйн” па-нашаму?”
Доктар пахітаў галавой. Ён глядзеў “Малпу Джэйн” тры гады таму, гэта быў мультфільм для першаклясьнікаў. Нават уявіць сьмешна, што ён глядзеў бы яго – а пагатоў на гэтым “нарэчыі”… Убоства: яе сястра з тварам мужыка возіць са сталіцы сапсаваныя мультфільмы…
“Ну, наступным разам”, – сказала яна разважліва. – “Так?”
“Так! Тады хадзем!” – сказаў доктар.
Дома ў яго і праўда нікога не было. Яны зайшлі і селі разам на канапу. Доктар даў ёй паглядзець свае кніжкі, паказаў сувэніры, прывезеныя зь Літвы: ракавінкі, магніты, паштоўкі… А сам моўчкі глядзеў на яе, пакуль яна шчабятала, камэнтуючы кожную драбностку, кожны цень на здымку. “Вось якая ты балбатлівая”, – думаў ён. – “Хто б мог падумаць… Гэта тая костка прымушае яе балбатаць”.
Урэшце яна змоўкла. У пакой пракраўся вечар. Хутка меўся прыйсьці брат. Ён насыпаў ёй семак, яна падсунулася бліжэй да сьцяны, яна пачувалася ўсё вальней, і гэта было яму на руку. Яна думала, ён уключыць ёй нешта. Ня вытрымала ягонага маўчаньня:
“Пастаў штосьці, нейкае відэа? Га?”
“Я думаў, ты не глядзіш такое”, – змрочна сказаў доктар, падымаючыся з канапы і завешваючы фіранкі.
“Я разумею Язык!” – замахала яна рукамі. – “Уключы! Ці музыку пастаў… Гэта ж твой пакой? Мы нікому ня будзем перашкаджаць?”
Ён уключыў музыку, нейкую баляду, дыск, узяты ў брата, і сеў каля яе ног.
“Я хачу цябе папрасіць пра нешта”, – сказаў ён нягучна і паглядзеў ёй у вочы.
Яна замаўчала, затузалася на месцы, зашчоўкала семкамі.
“Ты ж мой сябра, праўда?” – спытаў доктар. – “Тады ты мне не адмовіш”.
“А калі адмоўлю?” – спытала яна, так гаркава склаўшы вусны, што ўнутры ў доктара нешта варухнулася.
“Тады мы перастанем быць сябрамі”, – сказаў ён маркотна. – “Бо мне здалося, ты мне давяраеш… І наогул”.
“Я давяраю”, – сказала яна ў прыцемках. – “Толькі не рабі са мной нічога”.
Ён нэрвова засьмяяўся і сам сябе аблаяў за гэта. Аднак яна ўсё роўна нічога не пабачыла. Доктар падсеў да яе і ўзяў у рукі ліхтарык. Іхныя твары былі зусім блізка.
“Пакажы мне сваю…” – сказаў ён нечакана хрыпатым голасам. Яна замерла. – “Раскрый рот і пакажы мне тую сваю костачку…”
“Што гэта?” – яна намацала ў ягонай руцэ ліхтарык. – “Навошта?”
“Так трэба”, – сказаў ён і уключыў яго. – “Адкрывай!”
“Я ня буду!” – яна хацела вырвацца, але ён трымаў яе. – “Ты зробіш зараз са мной нейкую брыдоту! Я не хачу!”
Доктар падумаў, што лепш за ўсё будзе адпусьціць яе. Падзейнічала. Спачатку яна кінулася да дзьвярэй, але не мінула і пяці хвілін, як ён пачуў яе крокі, адчуў яе руку на сваіх валасах.
“Ну добра”, – сказала яна з доўгім уздыхам. – “Глядзі”.
Ён ня бачыў, але пачуў, як вільготна цмокнуў яе рот, падняўся, уключыў ліхтарык. У яе роце было чырвона і пахла семкамі. На вуснах дзе-нідзе вісела семкавае шалупіньне. Доктар пачаў ліхаманкава параўноўваць свой рот, вывучаны ім амаль дасканала, зь ейным, такім маленькім і загадкавым. Яна дрыжэла. У гэтым неглыбокім, цёмным роце пачала зьбірацца сьліна. Доктар не адчуваў агіды. Ён шукаў костку. І тут дзяўчынка кашлянула. З-пад скуранога выгіну, такога напятага і пунсовага, што яго хацелася пракалоць іголкай, вызірнула і зноў схавалася нешта вострае, з разарваным эпітэліем на канцы.
“Я вижу ее”, – сказаў доктар. – “Вижу эту косточку. Спасибо, Маша. Можешь идти домой”.
Яна так і стаяла, з разяўленым ротам.
“Ну!” – крыкнуў ён. – “Пошла! Пошла домой!”