Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

Бо ён быў бацька, які адзін выхоўвае дачку. І гэта ўжо выклікала ў іх падазрэньні – у тых, хто жыў побач і глядзеў на іх зь Лёсяй праз свае ўсяведныя вокны. Бацька, які адзін выхоўвае дачку – у іхных вачох гэта ўжо было заганай. Бацька, дачка якога не гаворыць з жывымі людзьмі – загана ўдвая жахлівейшая. Ён адчуваў, кожную хвіліну адчуваў да сваёй незвычайнай сям'і інтарэс. Яны глядзелі на яго з такім выглядам, быццам ведалі, што ён там зь ёй робіць, калі застаецца сам-насам. Ён адчуваў гэтыя крывыя пагляды, гэтыя двухсэнсоўныя ўхмылкі, гэтае жаданьне зазірнуць у шчыліну і пераканацца, што ўсё так, як яны думаюць. Гэтую пэўнасьць у тым, што там, дзе цёмна, заўжды ляжыць бруд.

Але пакуль што ён не даваў ім нагодаў. І доказаў у іх не было. Ён быў з усімі роўна і аднолькава ветлівы, ён разьвіў у сабе здольнасьць па-майстэрску сыходзіць ад любых падступных пытаньняў. Ён нікога не пускаў да сябе ў кватэру – але сам ахвотна дапамагаў кожнаму з суседзяў. Напэўна, гэта толькі ўзмацняла іх падазрэньні. Мабыць, у іхных вачах так і мусіў выглядаць сапраўдны маньяк, сямейны гвалтаўнік і вырадак. Яны ведалі, усім сваім ябаным народным нюхам адчувалі, што тут нешта ня так.

І яны мелі рацыю.

Ведалі б яны, чым яны зь Лёсяй займаліся, калі былі дома.

Гаварыць, сьпяваць, гуляць у гульні са словамі, чытаць – хіба гэта ня самая страшная загана? Не – калі ты робіш гэта на правільнай мове.

А правільная мова па-за домам толькі адна. Язык.

Мова большасьці. Мова ўсіх. Мова кожнага. Мова, якую разумеюць тыя, хто глядзіць на цябе ў акно і выдумляе для цябе тваё жыцьцё.

На кухні жылі выпітыя ім бутэлькі – ён піў кожны вечар, кожны вечар – адна двухсотграмовая, пад няхітрую вячэру, калі Лёся заснула. Калі яна засынала, ён заставаўся адзін і яму рабілася яшчэ страшней. Гарэлка разганяла цені, гарэлка абараняла ад заўтрашняга дня, гарэлка давала яму сілы. Хера б ён здолеў так доўга супрацьстаяць ім, калі б ня гэтыя бутлікі, у кожным зь якіх хаваўся і чакаў свайго вечаровага выхаду ягоны асабісты слуга, яго целаахоўнік. Маленькі дэман супраціву, маўклівы масажыст зь пякучымі пальцамі і злымі вачыма. Неўзабаве ён больш ня мог жыць без гарэлкі.

А яшчэ ў гэтай кухні, куды зьмяшчалася ўсё ягонае прывіднае войска, жылі кнігі. Ягоныя ўлюбёныя кнігі. Месца для таго, каб тут сьнедаць, ужо не было. Толькі гатаваць, чытаць і спаць. Дапіўшы гарэлку, ён скідваў посуд у мыйніцу, ён рэдка мыў яго, і мыйніца была перапоўненая – трэба было добра пастарацца, каб засунуць туды новую талерку. За акном кухні шалеў вечар, круціў іхную кватэру і так, і сяк, як ідыёт, які хоча вытрасьці манэты з скарбонкі. Бацька ўсьміхаўся. Калі-небудзь іх абавязкова выкрыюць. Але ён верыў, што яшчэ пару гадоў яны маюць. Калі быць асьцярожным і не нагадваць пра сябе, калі Лёся і далей будзе яго слухацца – яны ня змогуць нічога зрабіць. Галоўным было ня схібіць. Не зрабіць таго, чаго так чакаў ад яго сьвет.

Бутэлькі і кнігі. А над канапай партрэт таго, хто Змог. Партрэт барадатага яўрэя Пэрэльмана, які нарадзіўся зусім блізка ад іхнага мястэчка зь яго хімкамбінатам.

Яўрэй Пэрэльман змог. Яўрэй Пэрэльман даказаў. Яўрэй Пэрэльман ведаў.

Бацька не любіў яўрэяў. Не любіў нармальнай нелюбоўю нармальнага жыхара краіны, якая не змагла. У ягонай нелюбові не было агрэсіі. У ягонай нелюбові была зайздрасьць. І таму ў бацькі быў свой яўрэй. Сур'ёзны яўрэй Пэрэльман з сумнымі вачыма практыкуючага чараўніка.

«Усё, што хоча сказаць хаця б адзін чалавек...» Усё гэта можа зрабіцца мовай. Зрабіцца зноў або ўпершыню – але можа.

Толькі адзін чалавек. Хаця б адзін чалавек. Бацька заплюшчваў вочы і пераставаў дыхаць, чуючы ў сабе гэты нечаканы касьмічны прастор. Удумацца толькі: адзін чалавек. Мове патрэбны адзін чалавек, каб быць жывой. Ніводнай памерлай істоце не дапаможа ажыць жывая істота. Адзін чалавек – гэта так мала. Хіба зрабіць такога чалавека – такая ўжо непасільная задача?

Хто, калі ня мы? Так пытаўся ён у сябе ў юнацтве, і гэта не патрабавала адказу. Толькі адзін чалавек – гэта і быў адказ.

Толькі адзін чалавек. І гэты чалавек сьпіць за сьцяною. Дзяўчынка, якую ён прыдумаў і потым зрабіў. Мова, паўсталая зь ягонага насеньня. Як расьліна. Як вада, як зара, як трава. Дзяўчынка-мова. Дзяўчынка-птушка.

Сіа, нільская сітаўка, з мовай у дзюбе.

Праверыўшы, ці сьпіць Лёся, бацька вяртаўся на кухню і клаўся на канапу. Часам ён лашчыў сябе – каб не звар'яцець. Гледзячы на кроплі, якія расьцякаліся па жываце, пакрытым сівымі валаскамі, ён думаў пра тое, што з кожнай зь іх мог бы паўстаць той самы толькі адзін чалавек – і гэтае войска магло б усё зьмяніць. Толькі адзін – гэта было і пра яго самога. Таго яўрэя называлі бацькам мовы – і ён таксама быў бацькам Мовы. І тады яму хацелася жыць далей.

І вось так ён жыў пад партрэтам – дзеля мовы, у якім бы абліччы яна яму ні ўяўлялася.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы