Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

О, тут было над чым працаваць. Выведзены з раўнавагі, з гістэрычным бляскам у вачах, або напоены шчодра, як зямля вадою, прадукцыяй мясцовага пладова-ягаднага камбінату, любы ягоны зямляк гаварыў інакш, чым калі ён ішоў у пашпартны стол, на бацькоўскі сход або ў Дом культуры. Дый сам хімік, калі доктар прасіў даць яму кансультацыю па злучэньнях і рэакцыях, разьліваўся такім чыстым салаўём, што доктар часам забываўся, што перад ім пацыент і што сядзяць яны пасярод краю, дзе пануе злая дурная костачка. Але варта было хіміку загаварыць пра мясцовыя навіны, пра драбязу, пра надзённае, будзённае, набытае, крадзенае – і ён ператвараўся ў звычайнага калеку, якога душыла знутры ягоная моўная няздольнасьць.

Яны бачыліся амаль штодня, доктар падпойваў настаўніка, той хмялеў хутка, як па навуцы. Лета кацілася ўпалым яблыкам па пясчанай дарожцы да весьнічак, яны сядзелі перад адчыненым гаражом хіміка, у садзе, закусвалі цёплымі памідорамі, і з гаражыка на доктара глядзелі, не міргаючы, як вочы забойцы, круглыя зрэнкі хімікавых жыгулёў. Хімік расказваў, як ловіцца рыба, і як трапіў у шпіталь дырэктар, перапіўшы сьпірту… Хімік гаварыў па-іхнаму, а доктар глядзеў яму ў рот, як верны вучань – і думаў пра тое, што ўратаваў гэтага небараку ад бескарыснасьці яго выпадковых ведаў. Прыйшла восень, лябараторыя была пустая. Першага верасьня хімік павесіўся, у тым самым гаражыку. Казалі, быў хворы, стаміўся цярпець боль. Але доктар ведаў сапраўдную прычыну. Прычына была ў мове. І толькі ў ёй. На гэтай мове нельга было нічога сказаць сьвету. Яна прагнула ачышчэньня. Але было позна.

Доктару пашанцавала – ён трапіў у памежныя войскі.

Так ён пачаў жыць у лесе. І гэта быў першы лес у яго жыцьці.

І лес прымусіў яго зірнуць на сябе зь іншага боку – быццам выпхнуў аднаго на залітую сонцам паляну.

Неяк яны нарадам ішлі праз гушчар і наткнуліся на драцяную агароджу, абысьці якую было немагчыма – яна растваралася ў лесе, не канчалася, а менавіта растваралася, быццам лес быў працягам гэтай бясконцай сеткі, быццам агароджа расла з-пад зямлі. Давялося лезьці празь яе. За агароджай быў ці то пусты, выселены санаторый, ці то закінуты піянэрскі лягер. Вецер па-гаспадарску перабіраў аканіцы і дзьверы, па прыступках будынкаў сьцяліўся яркі саматканы мох. Пасярэдзіне ржавела спартовая пляцоўка, драўляная сцэна была акуратна засыпаная ігліцай, нібы яе наўмысна расьцярушылі тут, перад тым, як сысьці. У сталовай пахла гнілой бульбай. А над уваходам, да якога яны выйшлі па амаль нябачнай ужо праз траву сьцяжыне, вісела аблупленае, аблепленае птушыным гаўном жалезнае сонца.

“Да, блядзь… Канцлагер “Солнышка”, – зь нейкай журбой пажартаваў старшына і сплюнуў.

Лес даўно захапіў гэтае месца. Раптам вецер сьціх, і ім зрабілася не па сабе. Іх галасы гучалі тут неяк мёртва, гукі сыходзілі ў пустату, паветра іх не трымала і не перадавала далей. Як вымкнутыя прыймачы. Доктар неяк вельмі востра адчуў тады, што ізаляцыя – гэта сродак ачышчэньня. Калі б яго закінуць сюды аднаго на тыдзень – ён бы або звар’яцеў, або зразумеў нешта вельмі важнае. А калі тых, хворых? Ім не было б на што марнаваць гукі. Усё лішняе сышло б у пустэчу, у ігліцу, у пясок, вылецела б у разьбітыя вокны лягерных карпусоў.

І загучала б музыка.

А лес чакаў, пакуль яны сыйдуць. Лес пачынаў злавацца. Гэта быў памежны лес, зь якім нікому не было ахвоты сварыцца. І яны сышлі, зачыніўшы за сабой браму.

На заставе ён адразу зьвярнуў увагу на чырвонага, як бурак, дурня, якога звалі Бохан. Чамусьці Бохан зь першых дзён упадабаў доктара і ўсё лез да яго з расказамі пра сваё жыцьцё на гражданцы. Сяброўства было сумнеўнае – з Бохана кпілі ўсе, Бохан быў просты, як бот, і наіўны, як дзіця. Ён адзіны тут быў зь вёскі – калхазан Бохан, Бохан-ябохан. А яшчэ – “Радавой Бохан”.

Так яго клікалі на заставе, каб паназіраць, як маленькія вочы Бохана пачынаюць панічна бегаць, рукі дрыжаць, а твар наліваецца крывёй так, што здавалася, зараз з вушэй пацячэ чырвоны сок. А ўсё таму што Бохан ня мог сказаць, як усе: “рядовой”, так і казаў “радавой” – пэўне ж, тая костка, думкі пра якую займалі доктара, у роце Бохана была тоўстая, быццам баранова нага. І доктару вельмі хацелася на яе зірнуць – але замінала асьцярожнасьць. Доктар імкнуўся быць непрыкметным – і яму неяк удавалася гэта цягам усёй службы. Жорсткасьці тут хапала, але жыць было можна – людзей навокал было няшмат, усім валадарыў лес. Доктар выконваў простыя правілы, лішняга не прасіў, слухаўся тых, каго трэба было слухацца – і ўпотай назіраў за Боханам. А потым наважыўся. Пачаў падсыпаць Бохану прыгатаваную ім сумесь.

А той і сам палез у пастку. Проста на кончык скальпэля.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы