«Добра, не хачу з табой сварыцца», – сказаў нарэшце Лёччык. – «Хачу, каб цябе ваўкі зьелі. А як ты думаеш: тая, з жоўтымі валасамі, яна хто?»
«Ня ведаю», – пачуўся ў цемры Лёсін голас. – «Напэўна, такая новая тацяна эдуардаўна».
«Мабыць, так», – пагадзіўся Лёччык. – «Але ня мама ж?»
«Ты дурны», – сказала Лёся і тут жа заснула – нібы ў яміне ўзялі і задзьмулі тонкую белую сьвечку.
8. ДРОБНЫЯ ЛІТАРЫ СЯДЗЕЛІ НА ПАПЕРЫ, ЯК МУХІ
Дробныя літары сядзелі на паперы, як мухі. Доктару нават захацелася сагнаць іх – і тады ніякія падзеі не адбудуцца, кепскія навіны не пачнуць дзень, і яму не давядзецца прымаць рашэньняў.
«Паслаць важатых?» – сказаў заўхоз. – «Ілі міліцыю адразу?»
«Бедные дети», – прамовіў доктар і правёў далоняй па аркушы. – «Девочку особенно жалко. Такое улучшение – и тут на тебе. Бедные дети».
«Апасныя», – сказаў заўхоз. – «Самыя ціхія ўсягда самыя апасныя. Я тут вам справачку падгатовіў…»
І на стол перад доктарам селі новыя літары. Такія самыя мушыныя. Антыгігіенічныя нейкія літары.
І тады ён прыгадаў іншы аркуш паперы. Далёка ад гэтага лесу, у зусім іншым жыцьці.
…Тая паперчына была прыклееная на стэндзе. А на паперчыне быў сьпіс з такімі самымі дробнымі літарамі. Зусім не такі кароткі, як сёньня. Вельмі даўгі сьпіс.
Сьпіс пачынаўся на ўзроўні вачэй – каб дачытаць яго да канца, трэба было сесьці на кукішкі, або нахіліцца ў пачцівым паклоне.
Доктар не зрабіў ні таго, ні другога.
Ён проста адышоў на два крокі і перачытаў сьпіс яшчэ раз. І яшчэ.
Ягонага імя не было. Ён яшчэ раз праскакаў вачыма ўсю дыстанцыю, ад Афанасьевай І.Р. да Яхантовіч П.А. Ён прачытаў сьпіс, як верш. Барыгін, Брысевіч, Гульмухамэдава. Паміж Брысевічам і Гульмухамэдавай мусіла стаяць ягонае імя. Але яго не было.
Гэта значыла, што ў мэдынстытут яго не ўзялі. Гэта значыла, што Барыгін, Брысевіч, Гульмухамэдава, а таксама Афанасьева і Яхантовіч будуць сем гадоў вучыцца, каб потым да сямідзесяці гадоў рваць гнілыя зубы глухім і нямым марнатраўцам, выпісваць ім асьпірын і бальнічныя, упраўляць недарэчныя, не патрэбныя гэтым жэлепадобным істотам косткі і рэзаць брудную скуру, мёртвую ад той пагарды, якую адчувае да іх прырода. І ніхто не дадумаецца да таго, што пачынаць трэба з костачкі. Вішнёвай костачкі ў роце – лішняй костачкі, якую яны ня могуць выплюнуць і таму асуджаныя хварэць і пакутаваць, асуджаныя быць мясам. Проста мясам. І ягонае адкрыцьцё так і застанецца ягонай таямніцай.
Гэта азначала катастрофу.
Доктар стаяў адзін пасярод вялізнага гораду, у белай кашулі з закасанымі, быццам перад цяжкай працай, рукавамі. Яму было амаль васямнаццаць. Вакол таўкліся такія, як ён, стварэньні: паўзнаёмыя, вывучаныя за папярэдні тыдзень твары, няспынная, як адкрыты крывацёк, гаворка – слухаць яе было невыносна: яны вымаўлялі «г» так, быццам дыхалі ў твар часныком, іхны рык быў цьвёрды, як драўляныя сядзеньні ў электрычках, іхнае чвяканьне было такое сакавітае, нібы яны жавалі сала. Быў ліпень. Была сьпёка. У дзяўчат раптам вырасьлі ногі, хлопцы пацелі так, што на футболках заставаліся белыя саляныя сьляды. Доктар употай зазіраў дзяўчатам у чырвоныя раты. Там, за белымі зубамі, у сьліне, якую яны пакідалі на цыгарэтных фільтрах, была яго будучыня. Амаль кожны тут хадзіў з запаленай язвай у роце, косткай, якая душыла яго – і ніхто не прызнаваўся, ніхто не прасіў аб дапамозе. Доктар глядзеў на іх, адчуваючы такое ўзбуджэньне, што яму хацелася схапіць іх за голыя загарэлыя рукі, усіх адразу, і закрычаць: «Сплюньце! Намацайце яе языком, расхістайце, вырвіце і сплюньце! А цяпер ідзіце дамоў і гучыце – кожны як можа, але музыкай!»
Музыкай, якую невядома на што вам далі. Музыкай Языка.
Учора ў іх была дыктоўка. Ім чыталі Лермантава. Што яны, гэтыя вясковыя дзікуны, маглі зразумець у Лермантаве і ва ўсёй гэтай вялікай літаратуры, гэтыя Брысевічы і Барыгіны – калі не маглі правільна вымавіць імя паэта? Скручаны чырвонай косткаю, як кобраю, іхны артыкуляцыйны апарат сыходзіў ад адказнасьці, фальшывячы ў самым важным месцы – там, дзе трэба быць прамым і рашучым, ён закругляў гук і той каціўся ў пустэчу. Быццам у ратах іхных жыў страх перад маўленьнем, быццам яны баяліся вымавіць слова да канца. Маўленьне інвалідаў – і такой была ўся іх гаворка: падобная да баязьлівага крыўляньня. Няскладныя, нескладовыя патугі гаварыць.
Ён мог іх вылечыць. Але ягонага імя не было ў сьпісе.
Дыктоўку ён напісаў на выдатна. Ён праваліў біялёгію.