Доктар пайшоў пехатой на вакзал і купіў білет дахаты. Аўтобус гаварыў і гаварыў – быццам сьмярдзела адкрытая рана. У іхных ратах жыла яго надзея. Ён надзеў навушнікі і непрыкметна ўключыў дыктафон. Яны ўсе былі небезнадзейныя, гэтыя ягоныя пацыенты, якія вярталіся з сымфанічнай сталіцы ў сваю какафонію, дзе можна было гаварыць так, як зручна, а ня так, як трэба – не, надзея была. Доктар вывучаў іх рупліва, зьбіраў матэрыял, ён даўно заўважыў, што музыка часам прарываецца з гэтых скалечаных пухлінай ратоў – і яму было цікава прасачыць, як чысьціня іх маўленьня суадносіцца з тэмамі, на якія яны гавораць. Вось едзе дэмбэль, цьмяна знаёмы твар, лысая галава, рэмень, заціснуты ў руцэ – падвыпіўшы, разамлелы, але позірк учэпісты, позірк учорашняга зэка. Калі ён гаворыць зь цёткамі пра навіны, якія адбыліся за яго адсутнасьць – музыкі не чуваць, адна каша, а калі расказвае пра сябе – стараецца, лепіць унутры сябе гукі, разумее нейкім сваім зьвярыным чуцьцём, як мусіць гаварыць Чалавек.
Языком. Ня косткай, што захрасла ў горле, ня звычкай, не малаком і ня салам, ня грушамі з садочку і не памідорам з гародчыку, ня дзедавай прымай і ня ўбогім сваім маленствам. Языком.
Увосень доктар і сам пайшоў у войска. Быццам памяняўся месцамі з тым бліскучым дэмбэлем.
Стрыжаная пад мужыка цётка ў местачковым ваенкамаце, у салдацкіх ботах, нагамі, што формаю нагадвалі галіфэ, зазірнула доктару ў рот і сказала: «Годзен». Хіба вы ня бачыце? – хацелася крыкнуць яму. Хіба гэтага не відаць голым вокам, што я занадта здаровы? Што мне пашанцавала і пухліна так і не пайшла ў рост? Што я ўратаваўся? Можа, таму, што бацькі заўжды хацелі зьехаць на ўсход, туды, дзе рэчы ўмеюць называць правільна і таму ведаюць ім цану? А можа, таму, што чытаў тыя кнігі – вялікія кнігі вялікай літаратуры, якія, здаецца, немагчыма зразумець, калі ты ня будзеш кантраляваць дыханьне і трымаць усе лейцы, на канцах якіх бягуць гукі? Пушкін, Талстой, Лермантаў, Чэхаў, Някрасаў, Дастаеўскі. Тыя, хто выхавалі ў людзях Язык. Тыя, хто захавалі на ім музыку, запісаўшы яе на чалавечыя мэмбраны. Спадчына, якую тут, у гэтым закінутым краі, згнаілі, вырашыўшы, што гаварыць можна як хочаш. Што ўсё на сьвеце ёсьць мова. Што мова можа быць свая.
Разве вы не видите, что я и так уже на службе? – хацелася сказаць яму. На службе Языку.
«Штота хацеў мне сказаць?» – запыталася цётка, грукнуўшы ботамі. З кішэні яе белага халата тырчэлі нажніцы. Імі за пяць хвілін да допыту яна абяцала адрэзаць яйцы аднаклясьніку доктара. За тое, што дурыў ёй галаву, скардзячыся на сэрца. Якое сэрца? – сказала яна. У мужыка сэрца ведаеш дзе?
«Сказаць хацеў штота? А, баец?»
Доктар сумеўся. Цётка нецярпліва ўпёрлася рукамі ў стол. Рукі былі валасатыя, як трапічныя расьліны.
«Ну-ка, давай скажы: таварышч камандзір, казарма гарыт!» – загадала яна, падазрона зірнуўшы яму ў вочы.
«Товарищ командир, казарма горит», – пакорліва паўтарыў доктар.
“Пайдзёт”, – ухвальна махнула яна рукой. – “Годзен, годзен”.
Але ж ён не паўтарыў таго, што яна хацела. Ён прамовіў гэтыя дурацкія словы зусім, зусім інакш. А яна не заўважыла. Не заўважыла музыкі, не пачула Языка. Як не заўважае косткі ў сваім па-маршальску ўбраным роце.
Той самай косткі. Костачкі, якую, калі захацець, можна выплюнуць.
Тыя некалькі пыльных і безнадзейных месяцаў, якія заставаліся да прызыву, ён цалкам прысьвяціў хіміі. Балазе магчымасьць зьявілася – і зусім нечакана. Неўзабаве пасьля свайго бясслаўнага вяртаньня з крыжовага паходу ў сталіцу, неяк вечарам – ціхім, такім ціхім, што ажно чуваць было, як кроў дрыжыць у вушах – доктар сустрэў на вуліцы свайго школьнага хіміка. Зайшлі да яго, селі ў двары, хімік дастаў самагону. Доктар пазіраў на яго з інтарэсам: нешта з хімікам было ня так, нейкае добрае, сьветлае, бяскрыўднае і абсалютна непапраўнае вар’яцтва хавалася ў ягоных вачах, яшчэ нядаўна такіх уладных: як і ўсе настаўнікі, хімік лічыў свой прадмет найважнейшым. Хімік гаварыў з доктарам на роўных, як з дарослым, спрачаўся, нешта даводзіў – і доктар бачыў, што гэты чалавек з падбародзьдзем, як у льва, і моваю, як у сьвінапаса, сам ня чуе таго, што прамаўляе… Доктар выпрасіў у яго ключы ад лябаранцкай – і спакойна хадзіў туды да самага верасьня, экспэрымэнтуючы з рэчывамі.
Гэта было рызыкоўна – лябараторныя запасы канчаліся, і нястача магла зацікавіць адміністрацыю. Тое, чаго ня мог яму патлумачыць хімік, доктар шукаў у сеціве – і з кожным днём адчуваў, што альхімія мовы робіцца ўсё больш падатлівай. Яму трэба было зразумець тую няўлоўную сувязь паміж псыхічным станам і маўленьнем, якую ён заўважаў на кожным кроку: гэтыя істоты вымаўлялі гукі больш ці менш чыста ня толькі ў залежнасьці ад асяродзьдзя, у якое траплялі, але і ад, напрыклад, сваіх стрэсаў, сваіх убогіх радасьцяў, ад таго, наколькі вольна яны маглі выяўляць свае інстынкты.