“Я вас надолго не задержу”, – спакойна прамовіла Тацяна Эдуардаўна, гледзячы яму проста ў вочы. – “Речь о вашем ребенке. И ни на какую работу вы не спешите. По-моему, вы таксист. И ночью заниматесь не тем, чем нужно. У вас глаза такие. А сейчас вам хочется одного – спать”.
І ён паддаўся – даў завесьці сябе на другі паверх, пайшоў за ёй, як баран, па сходах, загіпнатызаваны гэтымі чорнымі калготкамі, празь якія матава прасьвечвала скура, гэтымі валасамі, якія калыхаліся ў яе за плячыма, як быццам усё адбывалася пад вадой. Таксіст… Так, яна аднекуль пра гэта ведала – пра ягоны нелегальны заробак. Ня ведала толькі, што ён, выпускнік філфаку, быў вельмі кепскі таксіст, да яго вельмі рэдка садзіліся пасажыры. Быццам таксама нешта адчувалі, быццам ад ягонай машыны ішоў аварыйны дух паразы.
У яе кабінэце было добра праветрана і пахла парфумай і кавай. Ён зьдзівіўся, якая тут чысьціня. Ён адвык ад чысьціні. І голас, гэты чысты голас:
“Ну и пахнет от вас… Как из пивной. Вы пьете?”
“А кто в этом городе не пьет?” – крыва пасьміхнуўся бацька.
“И курите…” – чысты голас Тацяны Эдуардаўны зьвінеў у беласьці і хрусткасьці гэтага ідэальнага пакоя, так паветра зьвініць сонечным зімовым днём. – “Расскажите, чем вы занимаетесь с Сиа дома. И в котором часу она ложится спать”.
Бацька досыць няўцямна, бо словы блыталіся ў галаве, расказаў іхную легенду – кароткі зьмест усіх тых “навуковых рэкамэндацый”, якія ён цягам году атрымліваў ад настаўнікаў і іншых спэцыялістаў, якія так перажывалі за “нашу бедную дзяўчынку”. Яны раілі больш бавіць часу на сьвежым паветры, прапісвалі халодныя ванны, настойліва нагадвалі, што Лёся мусіць завесьці сяброў і маляваць чалавечыя фігуркі. І бацька смурна распавёў, як яны пасьля школы ідуць у парк, што кожныя выходныя выяжджаюць за горад, што робяць гімнастыку ў сасновым лесе недалёка ад дому, што дома ў Лёсі швэдзкая сьценка, што ў яе ёсьць сяброўка, якую завуць Люда, і што яны зь Лёсяй малююць цэлыя натоўпы ўсьмешлівых і шчасьлівых суайчыньнікаў. З букетамі нарцысаў і вянкамі на галовах. І з каласкамі ў жопах – хацеў дадаць ён, але стрымаўся. Усё гэта было хлусьнёй. Лёся ўвесь час была дома, і ў яе не было нават знаёмых. Яны слухалі музыку, чыталі старыя кніжкі, малявалі толькі жывёлаў і вучылі лялек іхнай мове. Інакш было нельга. Яна была пасланцом – а ён яе целаахоўнікам. Яму, бацьку, трэба было берагчы Лёсю і мову ад атрутнага Языка – а язык быў паўсюдна, пранікаў ва ўсе поры гораду, ім гаварылі ўсе поры году: правільны Язык, чысты язык, вялікі Язык, здаровы язык.
“Почему у вас такое плохое произношение?” – спытала Тацяна Эдуардаўна, зморшчыўшыся, і паставіла перад ім філіжанку кавы. – “Вы же родились в столице, учились…”
Тут, у зачыненым кабінэце, яго словы і праўда гучалі каструбавата, бацька і сам чуў, што не дае рады клятаму Языку. Звычайна, разьвітаўшыся зь Лёсяй каля школы, ён сядзеў у машыне і наноў наладжваў сябе на Язык, выключаў у сабе ўсе лямпачкі і кнопкі іхнай прыроднай мовы, і так да вечара – да таго моманту, калі яны зь Лёсяй зноў пераступяць парог іх крэпасьці і зачыняць дзьверы.
А сёньня яна засьпела яго зьнянацку. І наўмысна прывяла сюды, у гэты пакой, дзе ўсё чуецца так, як вымаўляецца. Дзе чуваць толькі праўду.
“Говорю как все здесь говорят”, – вінавата пасьміхнуўся ён, але Тацяна Эдуардаўна пахітала галавой:
“Нет! Я очень хорошо слышу, что вы стараетесь говорить как все. Именно стараетесь. И у вас плохо получается, поверьте. Вы умный и очень хитрый”.
І яна скрушна апусьціла бровы – каб адразу ж уперыцца сваімі сталёвымі вачыма ў ягоныя:
“Ваша дочь не слышит дома чистого языка. А в школе не желает его слушать. Это очень заметно, если понаблюдать за ней во время групповых занятий. Вы, может быть, не совсем меня понимаете…”
“Чаму я мушу цябе разумець?” – крыкнуў ён у думках. – “Ты чужаніца – ты ня маеш права на разуменьне. Цябе не разумее нават зямля, па якой ты ходзіш”.
“А что тут понимать…” – асцярожна сказаў ён. – “Буду стараться… это… побольше рисовать с Сиа. Людей”.
Блядзей.
“Да, Сиа не говорит”, – сьвідруючы яго вачыма, прамовіла Тацяна Эдуардаўна. – “Но дело в том, что она пишет. И то, что она пишет… Вот, посмотрите. Может быть, вы и правда не знаете, что у нее в голове. Но вот это – это! – очень ярко демонстрирует, какая чудовищная речь, если это можно назвать речью, в этой голове звучит”.
І Тацяна Эдуардаўна, не выпускаючы аркуш з рук, дала пачытаць яму некалькі напісаных умольна-чырвоным алоўкам радкоў. Ён прагна ўвабраў іх у сябе. Гэта пісала яна, Сіа. Ягоная Лёся. Ён чытаў гэта, як ліст з турмы.
“Дзевачка з песікам.