Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

Рэакцыі не было ніякай. Доктар уздыхнуў і загаварыў, сур’ёзна і маркотна, і яны, насупіўшыся, слухалі – так слухаюць шум вады ў чайніку. Ён гаварыў так, каб яны разумелі. Ён хацеў патлумачыць ім, што гэта будзе першы і апошні раз.

“Вы абое харошыя дзеці, але хворыя. Я доктар, я ведаю, хто на што хварэе. Плакаць і наогул засмучацца ня трэба – ніхто не вінаваты ў тым, што ён хворы. Уявіце сабе вялікі завод, на якім вырабляюць цацкі. Уявілі? Тата расказваў вам, што такое завод? Добра. І вось некаторыя цацкі зрабілі не зусім правільна. Забыліся ім прышыць пэўныя часткі, а можа, паленаваліся. І ў такім выглядзе гэтыя цацкі пачалі прадаваць у краме. Камусьці купілі добрыя цацкі, а камусьці – да прыкладу, вам – дасталіся тыя, зробленыя нядбайна. Дык вось я займаюся тым, што даводжу цацкі да ладу. Ясна?”

Лёся наморшчыла лоб. “Людзі – гэта ня цацкі”, – сказала яна. – “Цацкі гавораць той мовай, якой ты захочаш. А людзі гавораць той, якая ня можа іх забіць. Калі гаварыць не на сваёй мове – можна задыхнуцца”.

“І хто табе гэта сказаў?” – доктар схіліўся да яе твару і паклаў руку ёй на плячо. Вочы дзяўчынкі заставаліся безуважныя, быццам яна гаварыла відавочныя рэчы. Неба блакітнае, сьнег халодны, вада мокрая.

“Вядома, тата. Толькі ён ведае правільную мову. Нашу мову”.

“Твой тата, напэўна, вельмі цябе любіць”, – мякка прамовіў доктар. – “Але вось я. Ці тая цётка… мэдсястра… Або тыя людзі, якія прывезьлі цябе сюды. Мы што – усе задыхнемся? Я вось не задыхаюся. Наадварот, вельмі добра пачуваюся і ў мяне хутка абед. Чаму я дужа рады. Паглядзіце ў акно. Здаецца, ніхто не задыхаецца. Ці я памыляюся?”

Лёччык і Лёся і праўда падышлі да акна і паглядзелі ў яго так сур’ёзна, што доктар вырашыў пазначыць гэта як прыклад неадэкватнай рэакцыі.

“Гэта нічога не даказвае”, – сказала Лёся. – “Магчыма, яны ўжо задыхнуліся. А гэта проста інэрцыя”.

“Ого, якім словам вас навучыў тата”, – засьмяяўся доктар. – “Мая дачка такіх ня ведае, а яна старэйшая за цябе”.

Ён схлусіў. Ніякай дачкі ў яго не было.

“У чымсьці ваш тата меў рацыю. Людзі сапраўды задыхаюцца, калі ня могуць правільна вымаўляць гукі. А калі яшчэ пачынаюць ганарыцца гэтым – тут зусім пішы прапала. У лягеры мы шукаем унутры кожнага з вас чысты голас. Каб мы ўсе гаварылі на нашым языку правільна. Калі вы будзеце слухацца і выконваць усё, што кажуць вам мае асыстэнты і важатыя, калі будзеце раскрываць рот тады, калі трэба, і трымаць яго на замку, калі трэба памаўчаць – з вас больш ніхто ў жыцьці ня будзе сьмяяцца, ніхто ня зможа назваць вас калхозьнікамі і дэбіламі. Вы пачняце разумець тое, што трэба разумець нармальнаму чалавеку. Але добра, мой нос як у сабакі, а глаз как у арла, і нос чуе, што абед пачаўся, а вока бачыць, што першы атрад ужо выправіўся ў сталовую. Вы таксама галодныя. У нас у лягеры добрая кухня, дзядзька Вася гатуе – пальчыкі абліжаш, вам спадабаецца”.

“Пальцы нельга аблізваць”, – сказаў раптам Лёччык. – “Гэта негігіенічна. І грызьці нельга”.

“Па-мойму, тата забыў вам сёе-тое патлумачыць”, – усьміхнуўся доктар. – “Добра, ідзіце, мэдсястра вас правядзе. Мы будзем бачыцца два разы на тыдзень. І больш ніякіх гэтых вашых татавых моваў – толькі чысты і правільны язык. Хаця пастойце… Вы занадта смурныя. Всё, поиграли и хватит. С этого момента стараемся говорить чисто. Ну-ка, затяните мне песню. Любую, которую знаете!”

“Як я толькі нарадзіўся,

Сказаў бацька: кепска будзе…”

“Адкуль ты ведаеш гэтую песьню?” – спытала Лёся, калі яны ішлі па пасыпанай пяском сьцежцы ўсьлед за мэдсястрой да корпусу.

“Ад бацькі, вядома”, – сказаў Лёччык. – “Адкуль жа яшчэ?”

І сапраўды, адкуль яшчэ? – падумала Лёся. Яна апошнім часам думала так шмат, што на лбе ў яе зьявілася паласа, як у таты. Паласа нікуды не хацела дзявацца. Лёся спрабавала яе прыбраць – бо нікому ж не спадабаецца, калі ў яго на лбе працяжнік. І ў лягеры гэта ўвайшло ў звычку – разгладжваць сабе скуру на лбе, нацягваючы яе каля самых валасоў. Паласа нікуды не дзявалася – хіба што бляднела і нехаця раставала, каб потым, варта адпусьціць пальцы, вярнуцца як нічога ніякага.

Падчас наступнай сустрэчы доктар загаварыў зь імі пра маму.

“Яе няма”, – сказала Лёся.

“Как это “няма”?” – удаў шчырае зьдзіўленьне доктар. – “Где же она? Умерла?”

“Можна сказаць і так”.

“Ты боишься смерти? Постарайся ответить на языке, и как можно чище”.

“Чуць-чуць”, – прашаптала Лёся і азірнулася на Лёччыка, але той разглядваў нажніцы. Калі яны пазнаёміліся з доктарам, іх у кабінэце не было.

“Скажи еще раз”, – папрасіў доктар. – “Пожалуйста”.

“Чуць-чуць”, – сказала Лёся.

“А можешь вот так, мягко: чють-чють. Как птичка. Чють-чють-чють…. Чють-чють-чють… “

Лёся не стрымалася і ўсьміхнулася.

“Давай еще раз. Ты боишься смерти?”

“Чуць-чуць-чуць”.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы