Шаптанне за сцяной сціхла, і да памяшкання яе зноў прыйшоў патлаты сярдун. Ну што ж, калі яго прызначылі назіраць за ёй, то нічога не зробіш – вядома, дуэння з яго ніякая, але іншага выйсця няма. Яўгенія Канстанцінаўна абрысавала сіпуну сваю праблему, але той адразу ж сышоў. Ну вось, цяпер хоць памірай. Аднак у момант, калі панна Пракшына ўжо зусім адчаілася, ён, грукаючы вядром, вярнуўся. Ён адвязаў яе ад крэсла, папярэдзіўшы, каб яна не дуркавала, быццам бы ў яе былі хаця б прывідныя шанцы расправіцца з бандытамі ўласнаручна і збегчы. Дзявіца загадала яму выйсці прэч. Калі штосьці дагэтуль лічыла яна ганьбай, то ўсё гэта было бяскрыўднай дробяззю ў параўнанні з тым, што адбывалася з ёй зараз. Затое цяпер ёй лягчэй. Патлаты зноўку прывязаў яе да крэсла, гэтым разам замацаваўшы вузел трошкі слабей, і знік, прыхапіўшы вядро. І на тым дзякуй.
Яўгенія Канстанцінаўна была цалкам знясіленая сядзеннем у палоне. Пару разоў яна нават пачынала задрэмваць, але сненне яе было ўрыўкавым і ад яго рабілася цяжка ў галаве. Час быццам бы і не рухаўся. А яшчэ з кожным абуджэннем рабілася ўсё халадней, у грудзях нешта замінала, абы б не пачаліся сухоты. У чарговы раз страсянуўшы галавой, панна Пракшына скаланулася: з-за рога зноўку вызіраў рабаціністы, яна адвярнулася. Відаць, гэта было яго ўлюбёным заняткам. Рагочучы, ён пацягнуўся прэч, і да дзявіцы зноўку даляцелі галасы.
– Я вось чаго прыдумаў, – абвясціў хлопец. – А раптам яны не аддадуць золата?
– І што тады? – адгукнуліся астатнія.
– А тады навошта нам чакаць, пакуль яны вернуць манеты? – радасна сказаў рабаціністы. – Што, калі яна ведае?
Бандыты параіліся, і Яўгенія Канстанцінаўна пачула, як набліжаюцца да яе тры пары ног. Ну ўсё, цяпер ёй дакладна канец. Яны будуць яе катаваць, а прызнавацца, куды насамрэч быў перададзены скарб, нельга, тады ліхадзеі зразумеюць, што ўзялі яе ў палон дарэмна, і пазбавяцца дзявіцы. Застаецца спадзявацца толькі на іхняга завадатара, які, здаецца, загадваў яе не чапаць. Ды толькі ці ж прыгадаюць яны гэта ў запале дапытвання? Маўчаць! Альбо калі і казаць, дык толькі тое, што яна нічога не ведае. Гэта адзінае вырашэнне.
– Ну-с, мілае дзяўчо, кажы, дзе татухна твой хавае залацішка? – агідна працюгакаў руды хлопец.
Панна Пракшына высакародна сцяла вусны.
– Золата дзе? – закрычаў ён, пырскаючы слінай.
– Ды пачакай ты, не раві, – схапіў яго за плячо бацька. Ён адціснуў сына назад і падышоў да Яўгеніі Канстанцінаўны сам, схіліўшы да яе свой твар.
– Падумай, табе ж лепей зараз распавесці нам усё падобраму.Кабітатухнутвайгонехваляваць,ісамойхутчэйадсюль выбрацца. Не хочаш жа ты і далей сядзець у гэтай халадэчы?
Дзявіца адхілілася ад яго, наколькі магла, – надта ж смуродна ў яго пахла з рота, хіба самой перастаць дыхаць.
– Ну, што ж ты маўчыш? – бяспальцы, напэўна, думаў, што можа выклікаць у яе давер. – Дзе татухна хавае наша золата?
– Я не разумею, пра што вы гаворыце, – выдыхнула панна Пракшына, каб ён толькі адчапіўся ад яе.
А бяспальцы і праўда выпрастаўся і няўхвальна зірнуў на яе з-пад цяжкіх павек.
– Усё ты разумееш, проста казаць не хочаш. А гэта дарэмна. Нам ведаеш, хто распавёў?
У Яўгеніі Канстанцінаўны ад напружання пачало торгацца вока.
– Жонка вашага фурмана, – сам сабе адказаў бандыт. – Як пабачыла мерцвяка-мужа, дык адразу прызналася: вой, калі ласачка, не забівайце мяне і майго хлапчыску, гэта ж пан усё забраў, усё яму мала!
Вось сквапная кабеціна! Хто б сумняваўся, што яна так здрадзіць. Значыцца, слушна яна не спадабалася Яўгеніі Канстанцінаўне, прадчувала дзявіца, што не проста так тая смяялася. Ведала фурманава, што хеўра абавязкова прыйдзе да Пракшыных, вось заадно і адпомсцяць, што знайшлі ейны скарб. А гэтыя – радуюцца, думаюць, скемілі, што да чаго. Ані, спадарства бандыты! Можаце крыўляцца, колькі душа вашая пажадае, але ж золата цяпер у руках правасуддзя! Відаць, аблічча дзявіцы займела нейкі занадта ўжо самазадаволены выраз, бо рабаціністы пачаў выкрыкваць:
– Татачка, зірні-зірні! Нахаба, яшчэ пасміхаецца! Дай я з ёй пагавару. Яна ў мяне зараз ва ўсім прызнаецца…
Тут ён выдаў некалькі настолькі агідных слоў, што Яўгенія Канстанцінаўна толькі і магла, што спрэс пакрыцца чырванню, хаця разумела яна хутчэй не сэнс, а той імпэт, з якім рабаціністы выплёўваў свае брудныя абразы. Чаму ж толькі даводзіцца ёй, выкшталцонай і годнай дзявіцы, дачцэ двараніна, выслухоўваць гэтакую лаянку, якую, напэўна, і на самым кепскім базары не пачуеш. Хаця па шчырасці, панна Пракшына ніколі не была на базары, бо там ёй не было чаго рабіць. Зрэшты, як і ў закінутай майстэрні Файна. А наймаладзейшы ліхадзей ужо падкасваў рукавы.
– Дык, значыцца, не хочаш прызнавацца, дзе залацішка, – лісліва канстатаваў ён.