Дык вось дзе яны знаходзіліся! Яўгенія Канстанцінаўна ўзрадавалася і зноўку зайшлася ў спохваце кашлю. Мабыць, бацькі таксама зразумеюць? Ды толькі яна не магла прыгадаць, ці казаў Чапскі, дзе менавіта знаходзілася майстэрня Файна. Але, магчыма, яны зараз у Траецкім прадмесці? Дзе ж яшчэ была б наладжаная падробка дукатаў? У такім выпадку, яна і сапраўды зусім непадалёк: пераехаць раку – і вось ужо на мейсцы, хаця тут мусіць быць столькі дворыкаў, не мудрагеліста і заблукаць. Што ж за прыкры кашаль!
– Схадзі паглядзі, што там. А то яшчэ заб’ецца, – падаў голас бяспальцы.
Да яе зазірнуў ягоны сябрук. Панна Пракшына адвярнулася ды пачала бухаць сабе ў плячо. Патлаты знік, але хутка вярнуўся, трымаючы ў руках бляшаны кубак з вадой. Ён падышоў бліжэй ды паднёс кубак да самых яе вуснаў, але Яўгенія Канстанцінаўна толькі злосна зірнула на яго. Які ж чуллівы! Прымаць клопат ад бандыта яна не збіралася. Але была ў яе і іншая прычына не кранацца вады – калі пап’е, дык з’явіцца заканамерная патрэба, а як тут было з гэтым, меркаваць цяжка. Хаця што рабіць, калі трываць не будзе сіл (а такі момант абавязкова прыйдзе раней ці пазней), яна не ведала і пакуль лічыла за лепшае нават не думаць у гэтым кірунку. Яўгенія Канстанцінаўна яшчэ не страчвала спадзеву, што яе хутка знойдуць, хаця з кожным імгненнем вера гэтая раставала.
Патлаты паспрабаваў сілай напаіць яе, але панна Пракшына пачала брыкацца. Ліхадзей пастаяў, крыху падумаў, але, атрымаўшы ад дзявіцы чарговы позірк, поўны пагарды, плюхнуў вадой ёй у твар. Пакінуўшы Яўгенію Канстанцінаўну адплёўвацца і задыхацца ад абурэння, мужык сышоў, зноўку ўзяўшыся насвістваць.
– Ужо ведаеш, куды рушыш пасля? – бяспальцы выяўляў празмерную балбатлівасць.
Свістун прамаўчаў.
– Ды я ж не для таго пытаюся, шукаць цябе не буду, не бойся, – першы бандыт заліўся брахлівым смехам.
– А я і не баюся. Ні цябе, ні твайго смаркача, – сіпаты перарваў сваю песеньку. – Абы мяне потым не знайшоў праз тваё балбатанне ён.
Апошняе слова бандыт вымавіў з націскам і нават нейкім прыдыханнем, быццам бы на ўвазе меўся не проста ён, а нейкі Ён – з вялікай літары.
– А думаеш, можа? – тон бяспальцага раптам змяніўся на неспакойны.
– Ён можа ўсё, што заўгодна. Страшны чалавек. І як умее задурыць галаву, хоць ты дзеўцы, хоць ты сур’ёзнаму мужчыну.
– Ну, дзеўку зачмурыць шмат розуму не трэба. Морду саладжавую састроіць, вусікамі сваімі паварушыць, а тыя дык ужо і ліпнуць да яго, дурнічкі.
– Дурнічкі не дурнічкі, але ж нявесту вунь сабе абраў адукаваную. І бацька ў яе – той яшчэ дзялок, – паведаміў патлаты.
– Вой, дый якая яна адукаваная – святая прастата! Ён ёй слова скажа, а яна ўжо ўсё, бяжыць да яго, радуецца, сама сябе не памятае.
– Ды не, гэта толькі падаецца. Там такі характар, што не зачэпішся.
Пра каго ж яны размаўлялі? Значыцца, не бяспальцы іхні завадатар, а ёсць яшчэ нехта, хто кіруе імі ды дасылае нейкія загады. Ведаць бы толькі, хто гэты Ён, каб схапіць усіх адным заходам. Але ж той, відаць, недзе далёка і сам рук пэцкаць не збіраўся. Заставалася толькі спадзяванне, што калі арыштуюць яе крыўдзіцеляў (Яўгенія Канстанцінаўна нават не сумнявалася, што такая справядлівасць абавязкова адбудзецца разам з яе вызваленнем), то яны гэтага
– Чаго так доўга? – спытаў яго бацька.
– Ды чакаў, мо адразу прынясуць золата, – адказаў той.
– Ну ты і ёлуп! – накінуўся на яго патлаты. – Ніхто не заўважыў, як ты там швэндаешся?
– Ды не-не. Я ціхенька, з-за рога назіраў.
Яны пажурылі яго яшчэ крыху, а потым перайшлі на шэпт, і Яўгенія Канстанцінаўна ўжо не магла разабраць, аб чым гавораць бандыты. Напэўна, абмяркоўваюць дэталі сустрэчы з ейным татухнам. Толькі б абышлося. За пана Пракшына дачка не пераймалася, яна ведала, што ён не дапусціць нападу на сябе альбо на матухну з пані Канстанцыяй, але ж баялася яна якой-небудзь невыпраўнай недарэчнасці, якая не дазволіць іхняй сям’і з’яднацца зноў.
Ногі змерзлі канчаткова, і панна Пракшына зразумела, што цярпець больш яна не можа. Адцягнуць думкі больш не атрымлівалася, таму някепска было б заснуць, але сон у галаву не йшоў, таму што там запанавала толькі адно неадкладнае хаценне. Яўгенія Канстанцінаўна была ў роспачы і нават пусціла слязу, але гэта таксама не дапамагло. Яна сабрала рэшткі мужнасці і вырашыла пайсці на змову са сваім сумленнем.
– Гэй, хтосьці! – паклікала яна.