Дзявіца засталася ў разгубленасці. І не таму, што не разумела, што будзе далей, а з той прычыны, што ў галаве яе ніяк не выбудоўвалася прычынна-выніковая сувязь. Тое, што яны шукаюць мяшэчак з золатам, ясна як белы дзень, але ж пры чым тут Яўгенія Канстанцінаўна? У каго яны збіраліся абменьваць дзявіцу на дукаты? Няўжо ж вырашылі, што скарб застаўся ў Пракшыных! Але ад каго яны пра гэта даведаліся, калі знаходка была зроблена ўсяго толькі пазаўчора, а банда з Ашмянскага павета знікла за некалькі дзён да таго. Нейкая блытаніна. І хто гэты «ён», да якога яны ўвесь час звяртаюцца? Бяспальцы альбо нехта іншы? Як бы ні было, але падобна, што гэтага чалавека яны трошкі асцерагаюцца, напэўна завадатар. Таксама гублялася дзявіца і датычна ўдакладнення аб вяртанні золата: назад – гэта куды? Хто складае гэтую банду?
Панна Пракшына пакруціла галавой, аглядаючы свой часовы, як яна спадзявалася, прытулак. Суцэльныя шэрыя сцены, пустэча і ніякіх дзвярэй, толькі перагародкі – закінуты цэх ці што? І як жа холадна! Гэтым разам бандыты надта далёка не адыходзілі, а прымасціліся так, што яна магла някепска чуць працяг іхняй размовы.
– Зараз збегаеш на Петрапаўлаўскую, падкінеш ім пакунак, – гэта, відаць, казаў бяспальцы. – Толькі ціха і каб цябе ніхто не бачыў.
– Ды ясна-ясна, татачка, усё зробім, – а гэта адгукнуўся рабаціністы.
Значыцца, і такі business бывае сямейным? Ну, а што ж – болей грошай дастанецца, калі толькі хлопец гэты не прыб’е ўласнага бацьку. А ўвогуле добра было б, каб яны з-за прагнасці перадушылі адзін аднаго. Але ўжо пасля таго, як яе татухна даведаецца, дзе яна, і выправіцца ратаваць адзіную дачку. Усё ж такі не хацелася дзявіцы застацца тут адной і без усялякай магчымасці звязацца са знешнім асяроддзем. Толькі б хутчэй. У Яўгеніі Канстанцінаўны заныла сэрца – яна ўявіла, як бацькі атрымліваюць падкінуты бандытамі кавалак ейнага крыса і прыпіску: золата замест жыцця дзявіцы. Гэта яшчэ горш, чым думаць пра Тэдзі.
Але што гэта сказаў бяспальцы – збегаеш? Дык яны недзе непадалёк альбо гэта такая
Але колькі ж прайшло часу? І колькі пройдзе яшчэ, пакуль бацькі атрымаюць пакунак і здолеюць штосьці прыдумаць. Мабыць, атрымаецца схапіць гэтага мярзотнага рудога хлопца ды ён выдасць, дзе яны трымаюць панну Пракшыну? Інакш яна нават меркаваць не магла, як яшчэ можна высветліць, куды яе звезлі. Прачэсваць горад – гэта добра, але ж лепей ведаць дакладны адрас. Ад усіх гэтых разважанняў ёй рабілася млосна, у горле перасохла, і яна зноў пачала кашляць.
– Цікава, Якубка наш хацеў даць дзёру альбо напраўду збіраўся вярнуцца? – зноўку завёў размову бяспальцы.
– Хто ж табе скажа, – сіпануў патлаты.
– Проста думаю, ці было б столькі беганіны альбо не.
– Ды якая цяпер розніца? Яму ж ужо дакладна не пабегаць.
– Слушна кажаш, – пагадзіўся першы бандыт і дадаў: – Не трэ было яго адпускаць аднаго. Тады б і золата захавалі, і скончылася б усё хутчэй, без усялякіх трупаў.
– Гэта як яшчэ сказаць. І дзе б мы тады тое золата забіралі?
– Ды там жа, дзе нарабілі. Што за прыхамаць была такая? А так, цяпер ні золата, ні Якубкі. Ляжыць у казённай мярцвяцкай, бедалага, а мо ўжо і закапалі. От жыццё! Спачатку разам з Файнам нашым на катаргу патрапіў, а цяпер глядзі, як бязглузда, усё роўна свайго не атрымаў.
Дык і яны ведалі менскага штукара? Што ж гэта атрымліваецца, усе яны былі з майстэрні? А Якубка, відаць, той нябожчык, якога знайшлі ў флігелі Штэйна. Але што ж гэта мелася на ўвазе – забраць золата там жа, дзе яго нарабілі? Відаць, і галандскія дукаты насамрэч былі сфабрыкаваныя. Дзявіца навастрыла вушы, але кашаль яе перадужваў.
– А мо, гэта, якраз сваё і атрымаў? – спытаў сіпаты. – Усё ж сквапны ён быў, Якубка. Ніколі дзяліцца не любіў.
– Так, так, – уздыхнуў бяспальцы. – Мо таму ён і пайшоў па долю адзін? Напэўна, такі надумаў усё прыбраць да рук ды збегчы.
– Сабака, – падвёў вынік яго сябрук.
Яны трохі памаўчалі, нехта пачаў насвістваць.
– А ўсё ж якая тут справа рабілася! Былую майстэрню не вернеш, – відаць, у бяспальцага прыдаўся
– Дый Файна таго не вернеш, – на выдыху перарваў свістанне патлаты.
– Так, але як тут сядзім, дык нешта лезуць у галаву ўспаміны. Гэта ж, лічы, ягонае дзецішча.