— Бяры машыну, едзь да Федарука. Прывязеш Падлужнага адразу. Усё чалавеку лацвей будзе, часу менш змарнуе.
Я выйшаў з кабінета раззлаваны. Я не разумеў, чаму так паводзіць сябе Тамара, але адчуваў, што яна ўжо прыняла нейкае невядомае для мяне рашэнне, каб хутчэй закрыць справу. Канешне, ёй не трэба «вісяк», а тут лёгка складваецца: маці загінула, бацька і дзіця — мёртвыя. Усё спішацца пры жаданні і ўменні. Пабачым!
Алесь Федарук чакаў мяне, сумненняў не было. Канешне, учора Ганна Латышонак паведаміла яму пра нашу з ёй размову. Я не збіраўся з’яўляцца перад Федаруком так, быццам вярнуўся з таго свету. У мяне хапала фактаў, каб без эфектнага з’яўлення прымусіць яго прызнаць паразу і больш не гуляць са мной. З тым я і ехаў у Ляўдок, настроены на жорсткую размову пераможцы з пераможаным. Шчыра кажучы, гэта цешыла маё самалюбства: я не мог не адчуваць раней перавагі Федарука ў розуме, інтэлігентнасці і не ўсведамляць, што мы з ім стаім на розных прыступках.
Я не паспеў вылезці з машыны, а Федарук ужо выйшаў з хаты і ішоў да веснічак — пачуў гук аўтамабіля. Мабыць, ён быў перакананы, што я не змагу патрапіць у дом. Дзівак.
— Прашу мне прабачыць, але ў нашым доме… — пачаў ён, але я спыніў яго, бо не збіраўся быць з ім ветлівым і далікатным:
— Вы збіраецеся чыніць перашкоды службовай асобе — следчаму пракуратуры? Вы за тое, каб я выклікаў нарад міліцыі?
Ён панурыўся, апусціў галаву, але не саступіў убок, загараджваючы сабою веснічкі. Узняў на мяне вочы — і я здзівіўся з яго позірку: у якім чыталіся пакутны боль і просьба.
— Я вельмі прашу вас выслухаць мяне, — выдыхнуў ён.
— Я пабачу ў вашым доме таго, каго там хаваеце. Паедзем у пракуратуру, і там вы будзеце гаварыць колькі захочаце, — жорстка паставіў я ўмову.
— Я вас вельмі прашу, вельмі. Прашу вас паслухаць мяне, і тады. тады прымайце рашэнне. Мой абавязак, апошняе, што я магу зрабіць, застаючыся ў рамках сваёй выхаванасці. А іначай. іначай вам давядзецца выклікаць нарад міліцыі. Я не змагу добраахвотна нікога пусціць у хату.
Алесь Федарук, інтэлігентны вучоны з акуратнай сівой бародкай і светлымі вачыма, гаварыў ціха і вельмі спакойна, і менавіта гэты спакой мяне пераконваў: так і будзе, ён не пусціць мяне. Абурэнне і злосць выбухнулі ў галаве — я выхапіў мабільнік, каб сапраўды зрабіць выклік. Зірнуў на Федарука і ў яго вачах цяпер прачытаў ужо не проста просьбу. Там была пакута: чалавек быццам падрыхтаваўся да смерці. І забойца — я. Гэтае імгненне зменшыла маю гняўлівасць, мільганула думка: «Я ж нічога не губляю, ніхто не ўцячэ. Можна пагуляць у велікадушнасць».
— Добра, давайце, я гатовы вас выслухаць.
— Тады, калі ласка, хадзем за дом. Там невялічкая альтанка, цянёк і зацішна, — з палёгкай, якую атрымаў асуджаны, прапанаваў-запрасіў Федарук, развярнуўся і пакрочыў. Я пайшоў следам. Праходзячы міма расчыненых дзвярэй, ён гукнуў у хату:
— Волечка, зрабі, калі ласка, каву, Два кубкі. Ці вам гарбаты лепш? — заклапочана павярнуўся да мяне.
— Каву, — машынальна адказаў я, дзівячыся з паводзін навукоўца. Не, зараз ён не гуляе. Яго прапанова — чыстая ветлівасць, прывітая тактоўнасць. Ён ведае: я зараз зруйную, вынішчу дашчэнту нешта невымерна важнае для яго, а глядзі — каву прапаноўвае…
У далёкім куце ўчастка, пад старой яблыняй з густой, шырока раскінутай кронай, стаяла новая альтанка, абгабляваныя сасновыя брускі яшчэ не згубілі сваёй смаляной жаўцізны. Невялічкая, але ўтульная, на нізкім століку стаяў адкрыты ноўтбук. Не для адпачынку бяздумнага, значыць, рабілася. Федарук жэстам прапанаваў мне месца — спінай да дома.
Некалі тут быў сад. За некалькі крокаў ад альтанкі заставаліся яшчэ дзве яблыні, вялікія і старыя. Цяпер такія ў садах не растуць, садзяць усё больш невысокія, кажуць, польскія. Трава расла вольна, густа аздобленая адцвілымі, рудымі кропкамі дзьмухаўцоў, якія праз дзень-другі спраўдзяць сваю назву лёгкімі пухнатымі галоўкамі. І праўда, тут было зацішна і ўтульна.
Пачуліся нягучныя крокі. Я азірнуўся і пабачыў амаль дзяўчынку з тварам сталай жанчыны — такая яна была маленькая і безабаронная. Падфарбаваныя валасы былі туга сцягнутыя на патыліцы ў вузел. Шыя тонкая, і ў глыбокім разрэзе светла-зялёнай сукенкі бледная скура была непрыгожа звялая, у сетцы тонкіх густых маршчын. Жанчына несла невялікі паднос з кубкамі, талеркай з печывам, збаночкам з малаком. І тое, як яна несла гэты паднос сваімі невялікімі рукамі з тонкімі пальцамі, выдавала ў ёй незвычайную для мяне шляхетнасць. Раптам успомнілася не да месца: вось такім жанчынам цалуюць рукі. Па праўдзе кажучы, у мяне ўзнікла імпульсіўнае жаданне дапамагчы ёй, але Федарук апярэдзіў мяне — ён устаў і прыняў паднос з рук жанчыны, паставіў яго на столік.
— Дзякуй, Волечка, мы тут самі далей. Мая жонка, Вольга Рыгораўна, — павярнуўся ён да мяне.
Я не чакаў ад сябе падобнай галантнасці, але раптам прыўзняўся і з лёгкім нахілам галавы прадставіўся жанчыне:
— Васіль Шайбак, следчы пракуратуры.