Шчыра кажучы, мяне ўразілі тлумачэнні сваёй нечаканасцю і прастатой з адначаснай дасканаласцю. Але рэаліст ува мне супраціўляўся:
— Вам засталося патлумачыць прарочыя сны.
— Прыйдзе час! І амаль прыйшоў, — быццам толькі і чакаў такі скепсіс Федарук. — Сённяшняя квантавая фізіка, вы ж ведаеце пра такую, літаральна з ног на галаву ставіць наша ўяўленне пра сусвет. Элементарная часцінка можа быць адначасова ў двух месцах, і значыць, існаванне паралельнага свету — не фантастыка. Нядаўнія эксперыменты выявілі: у мікрасвеце працэсы, якія мусяць адбыцца, уплываюць на існуючы стан рэчываў! Будучае ўплывае на сучаснасць! Навуковы факт. То чаму здзіўляцца, калі нашы продкі перадалі нам у карыстанне такую вядомую прыкмету: вернешся назад — чакай непрыемнасцей. Гадоў праз колькі механізм гэтай прыкметы будзе такі ж просты, як і прадказанне дажджу па ластаўках. Але многага пакуль нельга патлумачыць. Таму, калі я буду вам казаць, што чагосьці не ведаю, я прызнаюся ў гэтым шчыра. Я навуковец, мне нельга саромецца нечага не ведаць.
— Дзякуй за шчырасць.
— Няма за што дзякаваць, праўда. Ці магу я вас папрасіць? — Федарук пільна паглядзеў мне ў вочы, з павагай: — Вы ж зрабілі для сябе нейкія вывады з усёй. гісторыі. І не памыліліся пакуль, — тут ён уздыхнуў. — Мне цікава ведаць ход вашых думак, разважанняў. Прашу мне прабачыць, я не пытаюся пра нейкія сакрэты следства. Мне здаецца, вы не да канца прайшлі.
— Так, пакуль не да канца, — не стаў хаваць я праўды. — Але дайду.
— Не сумняваюся. Дык важнай падказкай стала рэпліка аднаго нашага сябра?
— Калі вы пра пеўня, які зможа знесці яйка, калі народзіцца курыцай, то так.
Федарук уздыхнуў, хоць асаблівага шкадавання я не заўважыў.
— Сталася, дык сталася. Рана ці позна. Вы маеце ўчэпісты розум. Калі вы ўспомнілі пра Трою, пра тое, што кожны міф можна разглядаць як завуаляваны факт, я зразумеў, што вы дойдзеце да ісціны.
— Так, тая рэпліка паскорыла следства, надала правільны кірунак, — згадзіўся я, адчуваючы прыемнае казытанне самалюбства. — Хоць, скажу вам шчыра, спачатку я быў перакананы, што вы ўсе звязаныя з нейкай сям’ёй ці, горш за тое, групай з іншай краіны, якая замаўляе тут дзяцей. А іх выношваюць сурагатныя маці. Усё падыходзіла: цяжарнасць у вялікай тайне, той факт, што Насця — лесбіянка, але выношвала дзіця.
Сумненні пачаліся пасля таго, як я даведаўся пра Цмока. Насця ў перапісцы са сваёй сяброўкай прызналася: ёй трэба нарадзіць гэтую істоту. Мне патлумачылі пра міф. Стары Зміцер, бацька Насці, нечакана сказаў, што калі дачка выйшла замуж за Яшчура, дык і мусіць нарадзіць Цмока. І тут вось гэтая падказка: каб певень знёс яйка, ён павінен нарадзіцца курыцай. У прыродзе, кажуць, здараецца, калі курыца можа прыняць выгляд пеўня, але не страчвае пры гэтым магчымасці несці яйкі. Атрымалася, у міфе нічога нерэальнага не было. Насця нарадзілася хлопчыкам у целе дзяўчынкі, ведаю, прырода іншы раз так жорстка жартуе з людзей.
— Значыць, вы, скарыстаўшы прыродны факт, паклалі міф на рэальную глебу.
— Калі хочаце, хай будзе глеба. Так, калі ў прыродзе чорная курыца можа ператварыцца знешне ў пеўня, значыць, у міфе пад ёй можа хавацца жанчына-лесбіянка. Чорная — у дадзеным выпадку не колер, а вядзьмарства, бо ведзьмакі — чорная сіла ў вачах хрысціянства. Такім чынам, Насця і была тым самым чорным пеўнем, які павінен быў знесці яйка. Вяскоўцы бачылі, як неяк восенню менавіта Насця стала цэнтральнай фігурай аднаго з абрадаў, якія вы тут ладзілі сваім гуртом. Аддалі яе Яшчуру. Ад восені да сёння — тыя самыя месяцы для выношвання дзіцяці. А пасля я атрымаў і пацвярджэнне сваіх разваг ад Ганны Латышонак, пабачыў і само месца. Прызнаюся: уразіла… Ведаю сёння, хто быў бацькам. Той паэт, Андрэй Дылько.
У мяне засталося некалькі пытанняў, і адказ на іх я хачу пачуць ад вас. Як я зразумеў, вы тут галоўны, «Капітан», значыць, вы прыдумалі гэтую казку з Яшчурам, абрадам, нараджэннем Цмока. Я хачу ведаць, з якой мэтай вы ўгаварылі няшчасную дзяўчыну ці купілі яе згоду вынасіць дзіця. У вас, вучоных, я ведаю, хай дзіўныя, але вельмі канкрэтныя мэты. Тое немаўля, труп якога вёз на могілкі паэт, не Насця нарадзіла. Жанчына з першай групай крыві не можа мець дзіця з чацвёртай. Паколькі за ўсім стаіце вы, то дзіця Насці павінна быць у вас. Чыё дзіця вёз Дылько?
Я замаўчаў, даючы зразумець Федаруку, што чакаю ад яго адказу. Ён памарудзіў з хвіліну, некалькі разоў змочваў вусны кавай з кубка.