– Васпане! Але ж я яшчэ ня ўсё вам распавяла!
– Мадам, іншым разам! Мне пара ў Магілёў! Бывайце!
Вярнуўшыся на вакзал, Андрэ знайшоў свабодную лаву і не ўставаў зь яе да прыходу цягніка. Калі падалі вагон, ён уладкаваўся на сваім месцы і, не зьвяртаючы ўвагі на мітусьню наўкола, занурыўся ў пустэчу, заснуўшы да Менску глыбокім сном.
Белая Русь
Зыр, зьвяругі якія! Бач ты, як пашчы разявілі!
– Мабыць, жаўнер! З часткі на пабыўку вяртаецца!
– Зь якой такой часткі? Форма на ім ня нашая!
– Гэй! Уставай! Прыехалі!
– Паглядзі, як беднага размарыла! Не дабудзіцца!
– Ці ня немец? Можа, панямецку чаго ўзгадаеш?
– Канечне, аўсвайс, хэндэ хох! Дзе ты бачыла такіх няголеных немцаў? Зірні, зарос як! Гэта француз нейкі!
– Гэй! Прыехалі! Менск ужо!
Андрэ адкрыў вочы і ўбачыў дзьвюх цётак-правадніц, схіленых над яго тварам.
– Вой! Прачнуўся, даражэнькі! Падымайся! А то далей у Маскву паедзеш! Ха-ха-ха!
– Так-так, я зараз, – ён падняўся, і спрасонку спрабуючы сьцяміць, дзе ён і хто ён, накіраваўся да выхаду.
– Бачыш, наш аказаўся!
– Можа, артыст, на гастролі прыехаў… Я цяпер як тэлевізар уключу, там увесь час такія скокаюць. Апрануць на сябе што-небудзь гэткае і са сцэ….
Што яны робяць са сцэны, Андрэ ўжо ня чуў. На пэроне менскага вакзалу было зябка, цёмна і няўтульна, таму, не запальваючы цыгарэты, ён накіраваўся адразу ў падземны пераход.
Калі ён падняўся наверх, горад ужо сустракаў яго шыкоўным начным хараством плошчы Брамаў. Проста перад ім стаялі, падсьветленыя нэонамі, дзьве сымэтрычныя пампэзныя вежы. Яны таксама маглі б стаць яго братамі-блізьнятамі. Але на жаль, галоваў са шпілямі ім у свой час так і не збудавалі, таму цяпер яны больш нагадвалі два мудрагелістыя багата дэкараваныя арыстакратычныя тулавы з ордэнамі, бантамі, фальбонамі і манжэтамі, якія француская рэвалюцыя пасьля гільяціны пасадзіла сюды для ўрачыстай сустрэчы гасьцей гораду.
Да Менску Андрэ меў дзіўныя пачуцьці. З аднаго боку, магчыма, любіў, але зь іншага гэты горад палохаў яго сваім незразумелым хараством. У ягонай раскошы было нешта паганскае, дзікае, а часам і проста вар’яцкае. Імпэрскасьць Парыжу, Бэрліну, Лёндану, Вены несла ў сабе лёгіку, вытлумачальнасьць, тое, што магчыма адчуць, усьведаміць, прыняць і нарэшце зьмірыцца. Тут жа зьяўлялася ўражаньне, што імпэрыя будавала гэты горад у момант памутненьня сьвядомасьці, калі, ужо зусім ашалеўшы ад уласнай вялікасьці, яна пусьцілася ў дзікія архітэктурныя танцы, зьмяшаўшы ў адно кракавяк, прускі марш, польку, сіртакі, калінку-малінку, венскі вальс, яшчэ адзін прускі марш і эгіпэцкі пахавальны абрад часоў Рамзэса Другога.
Праўда, цяпер, у прускім шаломе, Андрэ няблага спалучаўся з пампэзнай архітэктурай гораду. Які-небудзь мудры начальнік з добрай фантазіяй мог бы нават выдаць загад, каб усе мясцовыя міліцыянты надзелі такія ж. Яшчэ адзін прускі марш адно ўзмацніў кампазыцыю гораду, на зло дробнабуржуазнаму хаосу, які пакрысе пачынаў пранікаць і сюды.
У Менску Андрэ меў багата сяброў, але стрэлкі на вежы набліжаліся да дзясятай, таму ён вырашыў выправіцца туды, дзе ня надта зьдзівяцца яго зьяўленьню ў такі позьні час. Пакінуўшы за плячыма арыстакратычныя тулавы, што па-ранейшаму красаваліся ў жоўтым сьвятле кучаравымі каўнерыкамі, рушамі, аксэльбантамі, накладнымі кішэнямі й мудрагелістымі бантамі, ён выйшаў на Кірава і рушыў у бок вуліцы Карла Маркса.
Прывакзальныя кварталы, як звычайна, поўніліся розным народам, што бадзяўся тут між мноства адчыненых да позьняга часу недарагіх чарачных, вінных крамаў ды іншых пітных установаў. Гэтая частка вуліцы Кірава складалася з двух даўгіх, высокіх і таксама сымэтрычных будынкаў, якія разам утваралі нешта накшталт глыбокай цясьніны. У падножжа цясьніны каля начных крамаў церліся дзіўнаватыя старыя, малалеткі нападпітку, папрашайкі з вакзалу, разгульнага выгляду дзеўкі ды іншыя людзі, якія, у адрозьненьне ад Андрэ, неяк слаба спалучаліся з патасным стылем вуліцы. Хутчэй яны былі падобныя да барбараў, што запаланілі вія, піяццы і палаццыё старажытнага Рыму. Каля гастраному, у вітрынах якога люстравалася кампанія хмяльных гунаў, Андрэ прыйшла думка, што прыйсьці ў госьці з пустымі рукамі будзе няправільна, і ён, збочыўшы, накіраваўся да ўваходу.
Адчыніўшы дзьверы, ён апынуўся ў памяшканьні, наскрозь прасякнутым зьедлівым салодка-горкім бакалейным пахам. Прастору высокай залі, упрыгожанай калюмнамі карынфскага стылю, запаўняла чарга, што таўклася ў вінным аддзеле, таму досыць вялікае памяшканьне здавалася цесным. Уткнуўшыся носам у патыліцу каротка стрыжанаму мужыку зь непрапарцыйна вялікімі, адтапыранымі вушамі, Андрэ стаў разглядаць зьмесьціва прылаўка.
Чарга рухалася вельмі павольна, таму, прагледзеўшы паліцы зьнізу даверху, ён ужо пачаў быў нудзіцца, але раптам адчуў на сабе непрыемны калючы погляд. Сьпярша ён не надаў гэтаму вялікага значэньня, узяўшыся ўважліва вывучаць маршчыністую патыліцу мужыка перад ім. Аднак дзіўнае пачуцьцё не адпускала. Нехта ззаду літаральна сьвідраваў яго вачыма.