Міжволі Андрэ пачынала ахопліваць няўцямная трывога. Пастаяўшы яшчэ пару хвілінаў, ён нарэшце ня вытрымаў і абярнуўся…
Дванаццаць параў вачэй моўчкі ва ўпор глядзелі на ягоны шалом. «Цьху ты! Ідыёты! – буркнуў ён сам сабе і павярнуўся назад. – Тарашчыліся б лепш на прылавак! Вунь колькі смачнага тамака для вас прыгатавана!» Аднак пачуцьцё трывогі не зьнікала. Чарга ледзь варушылася. Гандлярка, якая адпускала тавар, відаць, так стамілася за дзень, што рухалася, быццам ува сьне. У краме панаваў паўзмрок, і акрамя бакалейнай гаркоты сьмярдзела яшчэ нейкай цьвільлю. У глыбіні залі маячыў таксама зьлёгку падвялы за дзень міліцыянт, які з правінцыйнай нудой уваччу паглядаў на яго. У нейкі момант Андрэ захацелася ўсё кінуць, разьвярнуцца і сысьці, але цяпер было шкада пакідаць чаргу, больш за палову якой ён ужо адстаяў.
Тым часам непрыемнае пачуцьцё не праходзіла, а наадварот, з кожнай хвілінай расло, павялічвалася, усё глыбей зацягваючы яго ў бэрмудзкі трохкутнік трывогі. Здавалася, тут было нешта яшчэ, а ня простая сума дваццаці чатырох цікаўных вачэй. Відавочна, сярод іх былі тыя два вокі, якія й выклікалі гэтае гідкае адчуваньне. Андрэ патыліцай адчуваў, як яны сьвідравалі яго злымі экстрасэнсорнымі дрылямі, спрабуючы трапіць усярэдзіну шалома.
Нарэшце, ня вытрымаўшы, ён азірнуўся яшчэ раз. Цяпер на яго паглядалі ўжо трыццаць тры п'яныя вокі – з другога канца залі на яго пяліўся нейкі крывы мужык з забінтаванай рэпай. Андрэ пачаў узірацца ў твары людзей, што стаялі за ім. Побач хістаўся нецьвярозы дзед, потым тры пацаны, цётка з высокім шыньёнам, яшчэ адзін моцна даты мужык, старая, за ёй вэтэран, дзьве размаляваныя дзеўкі, яшчэ адзін дзед, нейкі бомж, і – вядома ж, ён вылічыў яго адразу, – брыдкі тып у шэрым гарнітуры. Ён адзіны не адвёў погляду, калі Андрэ зазірнуў яму ў твар, працягваючы сьвідраваць яго непрыемнымі, калючымі вачыма.
«Фу, мярзотны тып! Чаму ён так глядзіць на мяне? – падумаў Андрэ. – І чаму ён у шэрым гарнітуры? Ён не падобны да гэтых барбараў. І чаму яны ўсе маўчаць? Быццам чакаюць сыгналу. Гідкая цішыня. І гэты аднавокі туды ж. Хоць адной зрэнкай, але ўсё роўна пяліцца. Чартаўшчына нейкая! Фу! Ну і сьмярдзіць жа ў гэтай краме!»
Чарга яшчэ крыху пасунулася, але заставацца ў ёй рабілася ўсё больш нясьцерпна. Нарэшце, калі ў хвост стала тоўстая баба ў акулярах і таксама ўтаропіла свае чатыры шкляныя вокі ў Андрэ, ягоныя нэрвы ня вытрымалі, і Валенрод у ягонай галаве зароў:
– Чаго вылупіліся, сабакі?! Жывога цэсара ня бачылі?!
Дамба маўчаньня ў залі адразу абрынулася, і чарга раптам загаўкала, зацяўкала, загыркала, загаманіла, затрашчала двума дзясяткамі шыпячых, сьвісьцячых, п’яных, цьвярозых, нармальных і сіплых галасоў:
– У нас у дурдоме адзін таксама сябе цэсарам называў! Толькі ён казаў – я, бля, Ота фон Бісмарк!
– Дык ён і ёсьць з дурдому! Што, ня бачыце? Выпусьцілі з Навінак на пару дзён пагуляць!
– А я б такіх без намордніка не выпускаў!
– Не! Ён не з вар’ятні! Гэта клоўн з цырку!
– А што? Мне ён нават падабаецца! Прыкольны пацан!
– Мы такіх прыкольных калісьці расстрэльвалі!
– Так, так, Сталіна на іх няма! Распусьціліся сволачы!
– Ваабшчэ ахранелі! Ужо ў фашысцкіх касках па горадзе ходзюць! А ад іх тут кожны чацьверты пагіб!
– Гэта яны тут у сталіцах ходзяць! У нас у Мар'інай Горцы адразу б рогі абламалі!
– Ды які ён фашыст! Гэта футбольны фанат! Яны любяць такія рагатыя каскі надзяваць!
– Ведаем мы гэтых фанатаў! Вунь нядаўна ў Маскве на Чаркізаўскім рынку бойню ўчынілі! Пятнаццаць азэрбайджанцаў замачылі!
– А я ля стадыёну жыву! Дык днямі павесіла навалачкі ў двары, а іх нейкія казлы рагатыя сьцягнулі!
– Цяпер трэба ўсё на сыгналізацыю вешаць! А лепш яшчэ і ток правесьці! Каб падышоў, толькі цап – і брык на зямлю!
– У нас на лецішчы адзін так і зрабіў. Каб слоікі з агуркамі не пакралі, пакінуў на стале бутэльку гарэлкі, нейкага дусту туды насыпаў – і ў Менск. Тры гадзюкі ў акно залезьлі, выпілі і – брык на зямлю. Восем гадоў далі!
– А я б яго апраўдаў! Так і трэба гэтаму Зьмію Гарэлычу! Трэ’ як у Кітаі зрабіць: скраў – каб адразу руку адсеклі!
– Гэта не ў Кітаі, а ў Турцыі!
– Не! У Турцыі злодзея ў чан з лайном саджаюць. А над ім янычара! І раз у хвіліну гэты янычар шабляй узмахвае над чанам! Калі не пасьпеў у лайно з галавой нырнуць, то ён і зносіць яе нахрэн!
– Правільна Бацька дзелае, што гэтых варуг ганяе! А то ваабшчэ абнаглелі! Вунь што сёньня на Кастрычніцкай устроілі! Мяцеж настаяшчы! Дажа праспэкт перакрылі! Амон тры часы ня мог разагнаць!
– А ты, стары казёл, заткніся! Праз такіх, як ты, самі ў чане з лайном сядзім!
– Гэта хто тут сабака?
– А што ж яны хацелі, гэтыя таргашы? Спэкулянцкія морды! Хай ідуць на завод працаваць! На трактарны! Або ў калгас! Мала іх АМАП сёньня дубасіў!
– Так, так! Жульлё! Правільна іх Бацька заве – вашывыя блохі! А гэты ў касцы таксама іхні! Адразу відаць – бэнээфавец! Яны ўсе ў такіх касках ходзюць!
– Вашывых блох не існуе ў прыродзе! Дзе вы бачылі, каб блыха яшчэ й вашывая была?