У адрозьненьне ад Бону ці іншых рэйнскіх гарадоў, Магілёў ніяк нельга было зблытаць з санаторыем. Калісьці – гадоў трыста таму – ён меў шарм эўрапейскага гораду: мноства барочных касьцёлаў, вежы замка, ратуша, вузкія вулачкі з дамамі пад высокімі чарапічнымі дахамі. Але потым прыйшлі сьвятаполкі, і горад захрас у шэрай правінцыйнай нудзе. Касьцёлы зьнесьлі, замак зруйнавалі, ратушу ўзарвалі, дамы перабудавалі, сьпічастыя дахі замянілі на плоскія, чарапіцу – на бляху, – адным словам, з квітнеючага горад стаў звычайным пазаштатным лузэрам, што згубіўся дзесьці на задворках Расейскай Імпэрыі. Мабыць, адзінае, чаго не атрымалася тут зрабіць, – зьмяніць рэчышчы рэк ды прыбраць Дняпро, які па-ранейшаму працякаў праз Магілёў, цешачы вока жыхароў і прыежджых сваім нікім не кранутым хараством.
Дам
І ўсё ж Андрэ любіў гэты горад. І нават не таму, што тут нарадзіўся, – вядома ж, горад дзяцінства заўсёды самы ўлюбёны. Проста ён атрымліваў нейкае дзіўнае задавальненьне ў адчуваньні яго невымоўнай правінцыйнай тугі. Нешта падобнае ён адчуваў да пакрытых пылам выродцаў, што стаялі ў ягонай майстэрні. Ва ўбостве няўдалага твору ён бачыў праўдзівы бок жыцьця. У ім было больш глыбіні, і шчырасьці, і дасканаласьці, чым у гарадах прыгожых, пышных, пампэзных. Бо ў гэтым, здавалася яму, і ляжала задума Бога, які сьвядома стварыў гэты сьвет няўдалым выродцам. Чаму Ён так зь ім абышоўся, заставалася для Андрэ таямніцай. Аднак ва ўсім, што прэтэндавала на дасканаласьць, бачыў ён руку іншай сілы, той, якая ў вечным процістаяньні з Богам спрабуе адказаць сілай прапорцыі на шчырасьць юродзтва, замяніць хараство дысгармоніі мовай сымэтрыі, засланіць праўду ўбоства абаяньнем прыгажосьці.
Дайшоўшы да вуліцы Будзённага, Андрэ збочыў у двор і падняўся на мансарду да свайго старога прыяцеля Яўгена, які таксама быў мастаком і меў тут майстэрню. Той, на шчасьце, аказаўся на месцы. Ледзь адчыніўшы дзьверы, Яўген паведаміў:
– Сёньня зранку тэлефанавала твая жонка. Сказала, што ў цябе белая гарачка, таму грошай табе ні ў якім выпадку не даваць. А калі зьявісься і будзеш прасіць, скакаць на кані й размахваць шабляй, без ваганьняў выклікаць брыгаду і выпраўляць у псыхушку! Ха-ха-ха!
– Так, прыемна, калі нехта клапоціцца пра тваё здароўе! Але, як бачыш, я ўжо зьлез з каня. Я толькі што вярнуўся з санаторыя і нават піва ўжо двое сутак у роце не трымаў!
– Праходзь у пакой. Дарэчы, піва хочаш?
– Варум не, давай!
Яўген прынёс з кухні шклянкі і, наліўшы, працягваў:
– Жонка ў цябе зь дзівацтвамі! Сёньня цэлую гадзіну пра цябе апавядала! Па-першае, кажа, ты набухаўся ў Бэрліне і ўсадзіў усе грошы ў нейкую антыкварную каску. Наколькі я разумею, вось у гэтую! Потым, маўляў, у цябе зусім зьехаў дах, і вы зь нейкім Хведарам тапілі боты ў Шпрэе. Ха-хаха! Уяўляеш, якая лухта? Прывязвалі да іх цагліны і тапілі! Пасьля ты купіў ёй у падарунак паранджу! Ой, іржу, не магу! І хацеў, каб яна па горадзе ў ёй гуляла! А яшчэ, кажа, ты вырашыў гэтай каскі ніколі не здымаць. І будзеш хадзіць у ёй па Магілёве да самай магілы. І цяпер, як памрэш, нават у труну нармалёвую ня ўлезеш – трэба будзе дзірку ля ўзгалоўя сьвідраваць. А яшчэ цешчы ў падарунак зь Нямеччыны прыпёр нейкі бот з памыйкі! Анягож, абрагочасься! Калі б цябе ня ведаў, дык проста фэльетон для газэты! Адным словам, кажа, ты канчаткова звар’яцеў на глебе непрабуднага алькагалізму, і трэба неадкладна зьмяшчаць цябе ў дурку.
– Паслухай, Андрэй! – сказаў Яўген пасьля невялікай паўзы на глыток піва. – Мне здаецца, табе трэба патусавацца ў бліжэйшыя дні ў горадзе сярод розных знаёмых, паказаць, што ты нармалёвы. Ведаючы тваю Сьвету, я думаю, яна ня толькі мне, а ўсім патэлефанавала. Горад у нас невялікі, імгненна чуткі пойдуць. Нехта падумае, што ты сапраўды з глузду зьехаў!
– Я сёньня ўжо тусаваўся ва ўнівэрсытэце. На перапынках студэнты з усіх факультэтаў на шалом паглядзець зьбягаліся. А пасьля заняткаў Альгерд падышоў і папрасіў, каб я хутчэй папраўляўся, бо іначай нічым дапамагчы мне ня зможа.
– Ды ты што, ненармальны? На заняткі ў гэтай касцы хадзіў? – Яўген выкаціў на Андрэ збдзіўленыя вочы.
– Так, уяві сабе!
– Ну ты і псых! Так яны сапраўды вырашаць, што ты шызануўся!
– Мне пляваць, што яны там вырашаць, – спакойна адказаў Андрэ.
– Паслухай, стары, не мне цябе, вядома, вучыць, але, здаецца, ты нешта ня тое робіш! Ну, я разумею, набухаліся вы ў Нямеччыне, павесяліліся. Можа нават утапілі па п’яні ў куражы нейкія там боты ў рацэ. Ды халера зь ім, усадзіў ты з бадуна ўсе грошы на гэтую каску! З кім не бывае! Але навошта ва ўнівэрсытэт на заняткі яе насіць? Цябе ж адтуль імгненна выпруць!
– Таму, што я не магу яе зьняць!