– Ну, ня буду адцягваць вас ад працы! – Пётр Яўлампіевіч падняўся з канапы і накіраваўся да выхаду. – Стварайце вечнае! А шафы ўсё-ткі рассуньце! Крыўдна будзе, столькі хараства загіне!
Ужо ля дзьвярэй ён азірнуўся на Андрэ і паўшэптам спытаў:
– А каску гэтую вы дзе дасталі?
– Ва Ўсходняй Прусіі, ледзь адшукаў!
– Паслухайце, у мяне да вас будзе вялікая просьба! Наступным разам, можа, вы і мне такую самую з Усходняй Прусіі прывезяце? Вось, я вам тэлефончык пакіну! Надта, надта ж мне хочацца мець такую самую!
Андрэ паабяцаў абавязкова пашукаць што-небудзь падобнае і, праводзіўшы Пятра Яўлампіевіча да дзьвярэй, узяўся за скульптуру. Справа зь бюстам сёньня прасоўвалася значна лепей, чым учора. Зьяўленьне роднаснай душы, кагосьці, хто, як і ён, хацеў бы хадзіць па Магілёве ў прускім шаломе, дабратворна паўплывала на Андрэ. Гадзіны да трэцяй дня ён ужо зрабіў ладны кавалак працы. А пятнаццатай дваццаць, заўважыўшы, што да візыту кліента засталося дзесяць хвілінаў, ён узяў газэткі з кучы, што не спадабалася Яўлампіевічу, і асьцярожна, як клапатлівая маці, прыкрыў імі выродцаў.
Дакладна а палове на чацьвертую зьявіўся пунктуальны замоўца – невысокі мужчына гадоў пяцідзесяці пяці ў гарнітуры і з ладным жывоцікам пад белай кашуляй. Арсень Казіміравіч належаў да мясцовых гандляроў сярэдняй рукі і трымаў некалькі шапікаў: на вакзале, на Быхаўскім рынку і яшчэ недзе ў мікрараёнах.
Увайшоўшы ў майстэрню, ён кінуў на канапу скураную тэчку і пачаў зь цікаўнасьцю разглядаць няскончаны бюст жонкі, якая загінула каля году назад у катастрофе. Пакрытыкаваўшы памер носа, адтапыраныя вушы, няправільны выгін вуснаў, ён раптам паглядзеў на Андрэ і нечакана спытаў:
– Паслухайце, Андрэй, а вы што, лепіце партрэт маёй жонкі ў гэтым шаломе?
– Так, а вас нешта не задавальняе?
– Мяне ўсё задавальняе, але я хачу, каб вы здымалі яго падчас працы.
Казіміравіч нахмурыўся, ссунуў бровы і суха працягнуў:
– У гэтым ёсьць нейкі зьдзек зь нябожчыцы! Я не хачу, каб адтуль, – Казіміравіч узьнес палец да столі, – яна бачыла, як нейкі незнаёмы мужчына лепіць яе партрэт у фалічнай касцы з тоўстым эрагаваным наканечнікам, задраным да неба.
– Вы бачыце ў гэтым спробу спакусіць яе мэнтальнае цела?
– Мне не падабаюцца такія намёкі. Калі б вы надзелі шапку-вушанку або кепку, я ня меў бы нічога супраць. Але вы ўзьнялі на галаву чэлес. Таму альбо вы здымеце яго і працягнеце працу, альбо я зьвярнуся да скульптара бяз чэлеса.
Андрэ пачынаў нэрвавацца. Пазбавіцца апошняга кліента і разам зь ім грошай было б вельмі недарэчна. Таму, крыху падумаўшы, ён адказаў:
– Паслухайце, Арсень Казіміравіч, я бачу, вы чалавек адукаваны і, відавочна, да таго, як арганізавалі свой першы каапэратыў па вытворчасьці плястыкавых сурвэтніцаў і мухабоек у выглядзе чалавечай пяцярні, займаліся сур’ёзнай навуковай працай. Таму вам, пэўна, вядома, што кожны сапраўдны мастак – гэта мэдыюм, усяго толькі праваднік патаемных сэнсаў, якія ён увасабляе ў сваіх творах. Магчыма, гэты фалападобны прадмет ёсьць толькі інструмэнтам, які дазваляе мець лепшую сувязь зь іншымі сусьветамі. Вы ж трактуеце яго такім чынам, нібы я ўзьняў на галаву фалас у сэнсе выкліку ўсім. Нешта накшталт паднятага ўверх мэдыюса – сярэдняга пальца рукі, які крычыць сьвету: фак! фак на вас усіх – у тым ліку на вас, на вашую жонку, на маю жонку, на Пятра Яўлампіевіча, на Карла і Фрыдрыха, на папа ў чорнай рызе, на старых са свастыкамі на галовах, на імпэрыялістаў, антыглябалістаў, алігархаў, на чортавыя партыі, нафтавыя картэлі, на куратаршаў у акулярах, на цешчу зь яе ботамі! Аднак, паверце, гэты фалас ня ёсьць прыкметай узбуджэньня адносна вашай жонкі, і я зусім не зьбіраюся спакусіць яе і правесьці зь ёй астральны полавы акт. Ён неабходны мне толькі для сьпірытычнага кантакту, каб усталяваць сувязь зь яе духам і лепш зразумець твор, над якім я працую.
Арсень Казіміравіч з падазрэньнем і незадаволенасьцю паглядзеў на яхідную фізію Сьвятаполка.
– Але, у рэшце рэшт, калі ўсё ж такі вы настойваеце, – працягнуў Андрэ пасьля даволі доўгага, якое не прадракала нічога добрага, маўчаньня, – я магу нацягнуць на фалас засьцерагальнік! Гэта нешта накшталт прэзэрватыва. Вось, паглядзіце!
Ён дастаў шмат разоў выпрабаваны абрэзак дошкі, узьняў яго на кончык шалома і з крыху ідыёцкай усьмешкай прадэманстраваў Казіміравічу гэтую дзіўную кітайскую пагаду.
– Ваш мэтад сьпірытуалізму, – сказаў пасьля невялікага роздуму Арсень Казіміравіч, – здаецца мне шарлятанствам. Я ня ведаю, чым вы там займаецеся з маёй жонкай у астрале. Але мне будзе спакайней, калі яе партрэт зробіць ня мэдыюм з чэлесам на галаве, а нармальны скульптар. Бывайце! Аванс можаце не вяртаць!