– Што ўчыніў? Я табе зараз растлумачу, што ўчыніў! – інтанацыя голасу Фадзеіча стала больш патаснай. – Мне многія тут казалі, што ты звар’яцеў. Дах у цябе ад п’янства і ўсялякага там авангардызму зьехаў! Трэба, маўляў, цябе падлячыць – і ўсё ўстаканіцца! А я думаю – не, ты ня чокнуўся! Ты сьвядома на гэтую ідэалягічную дывэрсію пайшоў! Спэцыяльна каску жаўнера непрыяцельскай арміі надзеў! У той час, калі наша краіна з усіх бакоў аточаная ворагамі, якія сьпяць і бачаць, як бы яе сцапаць і зьесьці, – тут ён няўхвальна зірнуў на Валенрода, – калі вакол імпэрыялісты, Амэрыка, НАТА, Газпром, аранжавыя, апазыцыя, варожыя галасы, Крэмль, расейскія алігархі, ты зьяўляесься ў даручанай мне ўстанове з гэтай дывэрсіяй на галаве! Вось скажы, хто гэта? Хто гэтыя львы? Ангельцы? Немцы? Французы? А можа, рускія? Дык, калі б ты каску савецкага салдата-вызваліцеля ці хаця б будзёнаўку надзеў, я б слова не сказаў! Хочаш? Хрэн з табой, хадзі ў будзёнаўцы па ўнівэрсытэце! Але ты ж вунь што ўздумаў! Хочаш усю нашую навучальную ўстанову зганьбіць! Каб у Менску сказалі, што я тут крамолу разводжу, карбанарыяў прыгрэў! Каб мяне самога з працы паперлі! Адным словам, вось табе чысты аркуш! Альбо ты тут і зараз здымеш з галавы гэтую праказу, альбо пішы заяву па ўласным жаданьні!
Фадзеіч паклаў перад Андрэ белы аркуш паперы. Крыху памаўчаўшы, ён дадаў:
– Звольніць цябе мы можам і без заявы. Ты прапусьціў без паважных прычынаў некалькі заняткаў на мінулым тыдні. Але так і быць, зраблю табе ласку: сам пішы!
Андрэ ўзяў асадку і пачаў накідваць тэкст заявы:
Я, такі і такі, прашу вызваліць мяне ад пасады выкладчыка малюнка ва ўнівэрсытэце ў сувязі з поўным неразуменьнем кіраўніцтвам навучальнай установы маёй ідэйнай пазыцыі. Лічу, што ў той час, калі наша дзяржава з усіх бакоў аточаная непрыяцелямі, калі ёй пагражае Амэрыка, НАТА, Крэмль, ААН-Газпром, нафталінавыя картэлі й іншыя нядобразычліўцы, скрайне неабходна наладзіць масавую вытворчасьць вырабу № 215, узору 1905 году (які ў народзе завецца «шалом») з мэтай пагалоўнага ашаламленьня грамадзянаў краіны. Гэты прадмет служыў бы сымбалем няскоранага духу нашага народу, які, насуперак усім зласьліўцам, цьвёрда і ўпэўнена ідзе да сваёй, яму аднаму вядомай, мэты.
Гэты шалом, або ў прастамоўі «каска», сваім задраным угару шпілем кідаў бы выклік супольнасьці непрыязных дзяржаваў. На мой погляд, было б мэтазгодна пры запуску вырабу (каскі) у масавую вытворчасьць адразу ж падбаць пра замену наканечніка-пікі на стылізаваны сярэдні палец рукі. Такі ўдасканалены выраб меў бы назву «факінгшалом». Паколькі па-нашаму «шалом» – гэта каска, а на іншых мовах – «мір», то сэнс вырабу чытаўся б як «фак на ўвесь мір», ці, па-нашаму, «сьвет». Надзеўшы на галаву факінг-шаломы, наш народ прадэманстраваў бы ўсім, што яму глыбока насраць на інтрыгі непрыязнай Антанты, на сусьветную змову і пагрозы нафталінавых картэляў. Што ён, нягледзячы ні на што, будзе па-ранейшаму рухацца да запаветных, недасяжных вышыняў.
Мне вельмі шкада, але пакуль мая прапанова аб паўсюдным укараненьні факінг-шаломаў не знайшла разуменьня ў кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Па непаразуменьні й недальнабачнасьці яно і самога падаўца гэтай заявы залічыла ў шпіёны Антанты. З чым выказваю поўную нязгоду і свой катэгарычны пратэст!
Барыс Фадзеіч уважліва вывучыў заяву, дастаў насоўку і, працёршы спацелую лысіну, вымавіў:
– Крыўляцца надумаў, блазан хрэнавы! Дажартуесься калі-небудзь!
Ён ізноў падышоў да графіна з вадой, наліў і нагбом выпіў. Мабыць, учора Фадзеіч моцна паддаў, і цяпер яго мучыла смага. Ён вытрымаў паўзу, паглядзеў на Андрэ і, рэзка наліўшыся крывёю, залямантаваў:
– Прэч адсюль!!! Прыдурак!!! Юродзівы!!! Даю табе дзесяць дзён, каб вызваліць майстэрню!!! Каб да сямнаццатага ні цябе, ні твайго барахла й духу ў ёй не было!!!
Пакінуўшы кабінэт рэктара, Андрэ накіраваўся ў горад. У гэты вечар ён мусіў вырашыць дзьве задачы: пазычыць крыху грошай і падумаць, куды часова прыстроіць хаця б самае каштоўнае з майстэрні. Паколькі ў Магілёве любая навіна ўмомант аблятала паўсьвецкія кулюары, то, куды бы ён ні прыходзіў, усе ўжо ведалі пра ягонае дзівацтва, а, убачыўшы жывое пацьверджаньне, пачыналі кожны па-свойму ўгаворваць Андрэ абдумацца ды зьняць з галавы праказу.
Як зазвычай бывае з плёткамі, яны пакрысе абрасталі новымі акалічнасьцямі і невядомымі раней дэталямі. Таму, зьяўляючыся ў чарговых знаёмых, Андрэ высьвятляў пра сябе шмат цікавага, аб чым сам і не здагадваўся. У адных гасьцях яму расказалі, што ён уступіў у сатанінскую сэкту і ўвайшоў у змову з самім Люцыпарам, што абрад адбываўся ўначы на бэрлінскім мосьце. Яго апранулі ў паранджу, а ў пацьверджаньне клятвы прымусілі зьесьці адзін дамскі бот.