У другіх – нібыта на яго зваліўся кавалак Бэрлінскага мура. І цяпер яму паўсюль мрояцца цагліны, што падаюць на галаву. Таму ён надзеў шалом з расьсякальнікам і баіцца здымаць. У трэціх – што ён вінаваты ў сьмерці нейкага Хведара, былога сужыцеля, які ад непадзеленага каханьня павесіў на шыю камень і кінуўся ў Шпрэе. Кажуць, калі цела вылавілі, на ім былі чырвоныя жаночыя боты. Гэтая падзея так засмуціла Андрэ, што ён надзеў на галаву прускі шалом і пакляўся насіць да самага скону. У чацьвертых – што, наадварот, яго за нейкія боты хацеў утапіць круты мэн па мянушцы Герасім. Але Андрэ апрануў паранджу і зьбег з Бэрліну, а цяпер хаваецца тут, але на ім заўжды каска, а пад вопраткай – бронекамізэлька, бо ён баіцца, што людзі Герасіма знойдуць яго і ў Магілёве.
Зрэшты, Андрэ ня стаў аспрэчваць гэтыя чуткі. У кожным выпадку ён дамалёўваў прапушчаныя дэталі і распавядаў, як усё было на самой справе. Што да зьедзенага абутку, ён паведаміў, што бот быў усё ж такі не сыры. Напачатку яны доўга варылі яго ў тазе на вогнішчы пад мостам. Але еў ён не адзін, а з усімі, праўда, яму дасталася самая кашчавая частка – падэшва, якую прыйшлося вельмі доўга разжоўваць.
Наконт Бэрлінскага муру ён зазначыў, што яго даўно не існуе ў прыродзе. А насамрэч на яго зваліўся кавалак карынфскай калёны з фасаду Пэргамона, калі ён увечары, насьвістваючы палянэз «Разьвітаньне з радзімай», прагульваўся па Музэйнай высьпе.
Пра сьмерць Хведара ўдакладніў, што калі цела вылавілі, на ім былі не чырвоныя боты, а даўжэзныя чорныя батфорты на высокіх абцасах. На пытаньне, калі ён пасьпеў зьмяніць арыентацыю, адказаў, што здарылася гэта нечакана для яго самога, калі яны з Хведарам, моцна выпіўшы на нейкім вэрнісажы, спалі разам пад адной коўдрай.
Але самым непрыемным для Андрэ былі ня гэтыя гісторыі, а тое, што грошай ён ні ў каго не пазычыў. Усе спасылаліся на часовае безграшоўе, адсутнасьць замоваў, будаўніцтва лецішча, вясельле дачкі, дзень нараджэньня жонкі й іншую лухту. Затое паўсюль ён патрапляў на вясёлыя бяседы і, ня стрымліваючы сябе, добра набраўся. Калі ўначы Андрэ апынуўся ў апошняй кампаніі, то ўжо ледзь стаяў на нагах. А выпіўшы яшчэ, заявіў, што гэта ён забіў у Бэрліне Герасіма, пра што, зрэшты, ні кроплі не шкадуе. Што Герасім быў апошні гаўнюк, які ўтапіў у Шпрэе не аднаго сабаку. А яшчэ пад сакрэтам паведаміў, што менавіта Герасім быў тым дворнікам, які працаваў у доме каля каналу, дзе жыла забітая старая-працэнтшчыца. За што верныя сябрукі Герасіма – Кох і студэнт Пестракоў – пакляліся адпомсьціць яму, таму зараз ён мусіць хавацца ў Магілёве і ні днём, ні ноччу не здымаць з галавы шалома…
Пад раніцу Андрэ неяк дабраўся да майстэрні і адразу паваліўся на матрац спаць.
Падзеі наступных дзён для большай дакладнасьці прывядзем зь дзёньніка самога Андрэ, куды ён пачаў занатоўваць іх пасьля таго, як яго звольнілі з унівэрсытэту.
Прачнуўся сёньня са страшэннага бадуна. Быў учора ў гасьцях і, відаць, намяшаў рознай дрэні. Мусіць, спаў бы да вечару, але раніцай нечакана абудзіў участковы мент. Доўга грукаў у дзьверы, пакуль я не прачнуўся. Затым расхаджваў па майстэрні, разглядаў выродцаў. Запытаў, ці ня страшна сярод іх начаваць. Адказаў – ужо не, ну хіба што з пахмельля. А ўвогуле, нас, авангардыстаў, адмыслова вучаць не палохацца сваіх твораў. Потым ён пачаў цікавіцца ўсялякай хрэньню: ці шмат п’ю, ці часта п’ю? Як на ліха, выгляд я меў хворы, быццам зь Пятром Водкіным толькі пару гадзінаў таму разьвітаўся. Часта падыходзіў да ўмывальніка ды сёрбаў ваду з крана. Гаўнюк, мусіць, падумаў, што я скончаны п’янтос. Наогул, тып быў вельмі непрыемны. Вочкі маленькія і злыя. Каб ведаў, дзьверы б не адчыняў.
Спытаў пра адносіны з жонкай. Пра бацькоў. Ці пілі? Адказаў, хто ж на фронце ня п’е. Цікавіўся, ці ёсьць сваякі? Ці часта бываю за мяжой? Што там раблю? Сказаў, ня ваша сабачая справа. І наогул, я хутка звальваю зь яго раёну, таму хай ідзе трахае мазгі іншым крэтынам.
Зазірнуў у маленькі пакойчык. Убачыў там саламянага чалавека. Спытаў, хто гэта? Я адказаў: былы гаспадар. Жарту не зразумеў. Затым адчыніў шафу і пакорпаўся ў барахле. Знайшоў часопіс з голымі дзеўкамі. Пацікавіўся, ці не займаюся распаўсюдам парнаграфіі? Ці прымаю наркотыкі? Ці стаю на ўліку ў наркалягічным дыспансэры? У псыхіятрычным шпіталі? У апазыцыйнай партыі? Ці маю судзімасьці? Ці знаходзіліся сваякі на акупаваных тэрыторыях? Ці я не габрэй? Ці не гомасэксуаліст? Ці нюхаю клей? Ці заўсёды размаўляю па-беларуску? Чым зарабляю на жыцьцё? Дзе быў 28 лютага а трэцяй ночы? Ці гэта ня я скраў навалачкі каля стадыёну? Навошта я надзеў на галаву шалом?