Марыя ўзьвілася і вылецела з майстэрні, на разьвітаньне сказаўшы, што я юродзівы й месца маё на цьвiнтары ля царквы. Гэтая думка мне спадабалася. Пасьля яе сыходу я выцягнуў вазок, што нядаўна знайшоў у катакомбах, і ўважліва агледзеў. Мабыць, давядзецца паспрабаваць: усё адно грошай няма.
Вырашана! Пераяжджаю! Пераяжджаю пад мост! Лепшага месца ў гэтым горадзе мне не знайсьці. Ужо пачаў зьбіраць рэчы. Раніцай схадзіў ва ўнівэрсытэцкі гараж, дамовіўся пра мікрааўтобус на заўтра. Самае каштоўнае: інструмэнты, альбомы – завязу ў майстэрню Яўгена, астатняе – пад мост; частку схаваю ў катакомбах.
Пачаў разьбіраць вялікую шафу. Калі ўзяўся за другую, нечакана зьявіўся мужык у шэрым гарнітуры. Хаця які ён мужык, шчанюк яшчэ – гадоў дваццаць сем, даўгалыгі й худы, гарнітур на ім, як на швабры, вісіць. Я яго некалькі разоў бачыў ва ўнівэрсытэце. З сакрэтнага адзьдзелу. Студэнтаў вярбуе, каб адзiн на аднаго й на выкладчыкаў стукалі.
Перш за ўсё пацікавіўся, чым я тут займаюся. Я яму: «Што, ня бачыце? Шафы разьбіраю! У падпольле сыходжу і мэблю з сабой забіраю!»
Гэты выявіўся не такі тупы, як участковы. Пасьмяяўся і запытаў, навошта мне шафы ў падпольлі? А я кажу: «Як навошта? Гісторыю пра славянскую шафу памятаеце? Ды і ў засадзе ў шафе сядзець значна выгодней!»
Тады ён пачаў пра мае замежныя паездкі распытваць. Куды езьдзіў? Што рабіў? З кім сустракаўся? Потым пацікавіўся палітычнымі поглядамі. Я кажу: «Не зьмяніў!» А ён: «Што не зьмяніў?» – «Ну як жа, – адказваю, – Карла й Фрыдрыха люблю, ды й Валодзю ўважуха! Праўда, – кажу, – Карл мяне апошнім часам непакоіць пачаў! На днях у гастраноме бутэльку гарэлкі ды два плаўленыя сыркі не захацеў прадаць. Хоць я яму растлумачыў, што з тэзамі пра Фэербаха азнаёмлены, а яшчэ сьпяшаюся, за мной пагоня, між іншым, з вашых. А ён мяне ў адказ гнідай імпэрыялістычнай абазваў! Зусім у дзеда дах паехаў! Дарэчы, – пытаю я тыпа ў шэрым гарнітуры, – а вы ведаеце, што Фрыдрых – масон? Калі ён за прылаўкам у вінным стаяў, я на ўласныя вочы пярсьцёнак на яго руцэ бачыў!»
Тып прамаўчаў. Па скасабочаным выразе твару было відаць, што Карла ён не паважае. Ды й адкуль яму! Гэты шчанюк ужо ў такі час у школу пайшоў, што нават у піянэрах не пасьпеў пабываць! Потым, ён кажа мне: «Ну добра: тое, што вы прыхільнік марксісцкага вучэньня, я зразумеў. А навошта ж вы тады на галаву прускі шалом надзелі? Вам як камуністу трэба іншы галаўны ўбор насіць».
А я яму зьедліва адказваю: «А ці ведаеце вы, васпане, што я ня проста марксіст, а марксіст-імпэрыяліст? Гэта значыць, вызнаю самае што ні ёсьць першапачатковае, незакаламучанае, неспаганенае ўсялякімі рэвізіяністамі вучэньне! А ці маеце вы паняцьце, вашамосьць, што Карл Маркс быў найпершым германскім імпэрыялістам?» Тут я дастаў кнігу Бярдзяева й зачытаў гэтаму маладзёну фрагмэнт з «Духоўных асноваў рускай рэвалюцыі»:
«Маркс кажа моцнай і ўладнай мовай германскага імпэрыялізму… Ён выдатна ўсьведамляе расавае прызначэньне германцаў цывілізаваць славянскі Ўсход, у германізацыі славянаў ён бачыць прагрэсіўны рэвалюцыйны працэс і нават амаль клясычныя формулы германскага імпэрыялізму. Вышэйшая раса мае права заваёўваць, калянізаваць і цывілізаваць ніжэйшую расу… А мы ж, дурні, думаем, што Маркс быў інтэрнацыяналістам на гуманнай падкладцы, што ён жадаў братэрства народаў, запаведваў не рабіць «анэксій» і дазваляе ўсім народам вольна самавызначацца… У немца можа быць ідэя інтэрнацыяналізму, але гэта будзе інтэрнацыяналізм пасьля выкананьня германскай расай сваёй цывілізатарскай місіі, пасьля германізацыі славянскага Ўсходу».
«Таму, кажу, бачыце, таварыш, я як праўдзівы марксіст-артадокс прыбыў у ваш горад зь вялікай місіяй – падпарадкаваць германскаму духу вашыя дзікунскія плямёны. А цяпер для выкананьня гэтай імпэрыялістычнай задачы мне трэба працаваць – шафы разабраць, а вы замінаеце.
Юнак у шэрым касьцюме нават разгубіўся. Сказаў, што гэта першы такі выпадак у ягонай практыцы. І ён нават ня ведае, у які аддзел перадаць маю справу, бо ўва ўсім мясцовым упраўленьні няма ніводнага спэцыяліста па марксістах-імпэрыялістах. На што я параіў яму адправіць маё дасье ў цэнтральную ўправу. Маўляў, у Менску ў Вялікім Жоўтым Палацы абавязкова знойдзецца чалавек, знаёмы з гэтым пытаньнем.
Перад сыходам тып спытаў, як я стаўлюся да прэзыдэнта. Я адказаў, што мне вельмі падабаецца ягоны партрэт, асабліва той, што вісіць у кабінэце ў Барыса Фадзеевіча. Гэты жаўтароты неяк нядобра паглядзеў на мяне і на разьвітаньне папрасіў сур’ёзна падумаць. Пра што падумаць, я, праўда, не пасьпеў у яго ўдакладніць.
Увесь астатні дзень да глыбокай ночы зьбіраў і пакаваў рэчы. Барахла ўсялякага за гады набралася багата. Нават ня ведаю, як заўтра адным рэйсам усё вывезу.