Раніцай займаўся перавозам манатак. Як я і думаў, у адну машыну за раз усё ня ўлезла. Давядзецца потым на тралейбусе астатняе давозіць. Каштоўныя скульптуры й інструмэнты пакінуў у майстэрні Яўгена. Разабраныя шафы, крэсла, маленькі столік, дошкі й посуд завёз пад мост. Туды ж прыхапіў і электрычную плітку. Пагляджу потым, можа, ад вулічнага ліхтара атрымаецца падключыцца. Узяў з сабой пяць выродцаў. Хацеў больш, але ў машыну ня ўлезьлі.
Калі прыехаў пад мост, паўстала праблема, як усё па адхоне падняць. Прыйшлося абвязваць і ўгару вяроўкамі зацягваць, але часу на гэта пайшло багата.
Пасьля абеду прыняўся зьбіраць шафы. Зьбіўшы, паставіў іх сьпінамі да бэтонавай апоры моста. Паспрабаваў у адной пасьцелю раскласьцi, уладкаваўся, але аказалася, спаць нязручна – капыты ня выцягнуць. Давялося пілаваць дзірку для ног у наступную шафу, а шчыліны паміж імі дошкамі забіць, каб па начах ня дзьмула. Атрымалася цалкам неблагое двухпакаёвае жытло. У адной шафе спальня, у другой – вітальня, кухня, шатня і бібліятэка. Бюсты выродцаў я ўверсе, на даху, паставіў. Да дзьвярэй завесы прыкруціў і замкі павесіў, каб кожная блядзь туды ў маю адсутнасьць нос не савала.
Са столікам таксама крыху пакорпаўся. Спачатку на адхоне роўна не хацеў станавіцца. Давялося дзьве ножкі падпілаваць, але ў выніку даволі сымпатычнае гняздо атрымалася. Праўда, над галавой кожныя тры хвіліны тралейбус праяжджае ды ўвесь час нейкія ўроды равуць, затое краявід тут прыгожы. Што ўправа, што ўлева з-за апоры зірнеш – паўсюль Дняпро перад табой прасьціраецца!
У майстэрню вярнуўся позна. Заўтра займуся катакомбамі. Трэба там другое патаемнае гняздо зрабіць.
Раніцай спусьціўся ў падвалы. Усё абышоў і ўважліва агледзеў на прадмет патаемнага сховішча. Спыніў выбар на маленькім пакоі ў бакавым тупіку, крыху далей ад вялікіх заляў. Праўда, дзьвярэй у ім няма, трэба будзе адну з майстэрні зьняць, там паставіць і замок павесіць.
Прыдумаў спосаб, як туды прабірацца. Знайшоў вакенца на вуліцу, забітае знутры дошкамі. Я цьвікі выцягнуў і адмысловую зашчапку змайстраваў, каб можна было звонку яго адчыняць.
Пасьля абеду дзьверы ў каморцы павесіў і пачаў ужо рэчы туды перацягваць, як раптам поп у майстэрні зьявіўся. Ужо каго-каго, а яго я напэўна не чакаў пабачыць. Мусіць, цешча зайсьці папрасіла. Яна ў царкву апошнімі гадамі часта наведваецца.
Вельмі ён завітаў нясвоечасова, некалькі дзён засталося, а працы яшчэ – конь не валяўся. Але думаю: добра, хрэн зь ім – асоба духоўнага званьня, трэба хаця б гарбаты прапанаваць. Ад пачастунку поп не адмовіўся, але, як толькі на крэсла прысеў, адразу пабелкай вымазаўся. Я яму кажу: «Асьцярожна, бацюшка, брудна тут у мяне. Рызу запэцкаць можаце!»
А ён у адказ пачаў мяне ўгаворваць адумацца і чартаўскога шалому пазбыцца. Маўляў, нячысты за гэтым стаiць, вунь і рог ужо адзін паказаў. А далей толькі горш будзе! Я пытаю: «Што, і хвост вырасьце?» А ён: «Гарэць будзеш у вечным агні! У пякельным полымі!» Я яму ў адказ, маўляў, дзякуй, бацюшка, за папярэджаньне, але на днях пажарны ўжо заходзіў і наконт пажару праінструктаваў.
А поп працягвае: «Вось бачыш, ужо і языком тваім авалодаў сатана! Сам ня ведаеш, што вярзеш! Геену вогненную з пажарам блытаеш! Пакайся! Здымi гэтую чартаўскую каску з галавы!» А я ў яго на гэта пытаю: «Бацюшка, а вы ў якім званьні? Капітан альбо пакуль яшчэ старшы лейтэнант? Вы сюды па заданьні камітэту ці па просьбе Марыі Іванаўны завiталi?»
Ён раззлаваўся вельмі й пачаў на мяне нешта крычаць, накшталт, каб базар фільтраваў. А я яму ў адказ: «Дзякуй, бацюшка, за добрыя словы, але мы ў пасярэдніках для сувязі з Богам патрэбы ня маем! Калі прыпячэ, я як-небудзь выхад на яго сам знайду! Пагатоў камісійныя плаціць вам ня хочацца! А зараз, выбачайце, мяне катакомбы чакаюць! Калі жадаеце мне яшчэ нешта пра вечны агонь распавесьці, то заўтра я ў вас на дзядзінцы перад царквой буду, тады й пагаворым!»
Сышоў поп вельмі раздражнёны, усё пра нейкую чартаўню сам сабе мармытаў. А я, разабраўшы стэляж, перанёс яго на новае месца. Затым у каморку выродцаў і сёе-тое з рэчаў даставіў.
Увечары вазок да заўтрашняга дня падрыхтаваў, дзьвярныя ручкі анучамі абгарнуў, каб ад асфальту адштурхоўвацца, бязногага ўяўляць. Але драўляную куксу майстраваць ня стаў. Думаю, тут безь яе абыдземся. Жэрці ўжо зусім няма чаго. Апошнія рэшткi сёньня даеў.
Раніцай пагрузіў на вазок двух вялікіх выродцаў і пацягнуў іх пад мост. Прыбыўшы на месца, усё ўважліва агледзеў – цi ня лазіў хто безь мяне. Здаецца, пакуль усё ціха. Трэба падумаць, чым бы бэтонавы адхон нашмараваць, каб склізкі стаў і ўскараскацца ніхто ня змог. Узімку прасьцей будзе: дастаткова яго вадой паліваць, а для сябе драўляную лесьвіцу зрабіць і ў хмызьняку схаваць.