Увесь дзень рэшту рэчаў у катакомбы перацягваў. Туды ж і канапу з парваным матрацам накіраваў. У выніку някепскі бярлог выйшаў. Буду ў ім начаваць, калі зусім халодна стане. Толькі трэба незаўважна, у прыцемках туды прабірацца. Бо ўдзень, імгненна вылічаць, па сьлядох пайдуць і на логавішча натрапяць.
Толькі што Яўген зьявіўся. Прынёс «Крыжачка» дзьве бутэлькі. Ох, не люблю я гэты гліцэрын, але давядзеца выпіць за сканчэньне сэзону! Пайду стол накрываць, цыбулю, сыркі й хлеб наразаць…
……………………………………………
У гэтым месцы запісы Андрэ нечакана абрываюцца. Але не таму, што ў той вечар ён ізноў зашмат выпіў (а вядома ж, адной бутэлькі на дваіх, можа, і хопіць, але дзьвюх на дваіх заўсёды бракуе). Натуральна, выпіўшы ўсё, яны выправіліся ў начнік па дагонку. Але паколькі пасьля дзявятай вечара ў горадзе пачыналася камэнданцкая гадзіна на моцныя напоі, даганяцца давялося адным толькі півам. Тут і хаваўся падступны падвох. Бо любы профі ведае: нельга заліваць паўтара літра гліцэрыну зьверху такой жа ці, крый Божа, большай колькасьцю піва. Інакш утвараецца нітрагліцэрын – рэчыва выбуховае, небясьпечнае і непрадказальнае. І нават калі вы пазьбегнеце непрыемных прыгодаў, раніцай вас чакае найцяжэйшы бадун.
Але прычына, па якой абарваліся запісы ў дзёньніку Андрэ, ня толькі ў гэтым. Сямнаццатым вечарам імглістага сырога кастрычніка ён не зьявіўся ў месцах, дзе мог бы працягнуць іх. Ён не прыйшоў начаваць ні ў былую майстэрню, ні ў шафы пад мостам, ні ў патаемнае сховішча ва ўнівэрсытэцкіх склепах. Ня бачылі яго і ні ў адной з кватэраў магілёўскіх знаёмых.
Проста гэтым шэрым аўторкам ён выправіўся ў палёт. У той палёт, якога чакаеш, а прыходзіць ён усё адно нечакана. Да якога ў думках ты быццам гатовы, але калі зьяўляюцца анёлы ў белым, ты крычыш ім: пакіньце! Пакіньце мяне ў спакоі! Не жадаю! Не хачу я з вамі ляцець! Аднак анёлаў не цікавіць вашае меркаваньне. Яны бяруць пад белыя крылы і эскартуюць з сабой, са смуткам паведамляючы, што гэтае цела ўжо табе не належыць…
І паляцеў Андрэ гэтым пахмурным восеньскім днём ластаўкай шызакрылай – паляцеў ня ў Гамбург, не ў Бэрлін і нават ня ў Менск. Ён кружляў над Дняпром, над местам, дзе калісьці жыў Леў, дзе засталася яго Магіла, паводле якой горад і назвалі Магілёвам.
Калі яны зь Яўгенам, які застаўся начаваць у майстэрні Андрэ на кучы анучаў, абудзіліся ранкам, тое, што адбывалася ў іх мазгаўнях, нават пахмельлем назваць было нельга. Пад шаломам Андрэ нібыта пасялілася двухпудовая чыгунная гіра, якую той проста ня мог адарваць ад матраца. Яна скруціла скроні, здушыла артэрыі, спляжыла Сьвятаполка і Валенрода так, што яны без прыкметаў жыцьця ляжалі на шаломе, быццам два каты на асфальце, па якім праехаў шматтонны каток. Вакол усё круцілася, чыгун ціснуў на вочы, а каб утрымаць гіру ў вэртыкальнай пазыцыі, патрабаваліся нечалавечыя высілкі волі. Андрэ адразу зразумеў, што гэта той дзень, калі чакаць заходу сонца ня толькі бессэнсоўна, але больш за тое – небясьпечна.
Яўген пачуваўся падобна, але ў адрозьненьне ад гаспадара майстэрні ягоны арганізм ня быў так змучаны нягодамі акопнага жыцьця. Таму менавіта Яўген накіраваўся да найбліжэйшай крамы дзеля паўлітры так неабходнай ім зараз мікстуры.
Калі б у той дзень Андрэ ўсё-ткі прыслухаўся да голасу Хведара Міхайлавіча, які зьявіўся адразу, як толькі Яўген сышоў у гастраном па бутэльку, то, можа, яго абмінуў бы ластаўчын палёт над гняздом зязюлі. Але ён не прыслухаўся. Наадварот, пачаў пярэчыць. Абвясьціў, што ў самой ідэі – праз пакуты да дасканаласьці – ёсьць нешта заганнае! Бо, калі пакуты ад Бога, а дасканаласьць ад д’ябла, то куды ж тады коціцца сьвет, калі не да чорта?
Калі Яўген вярнуўся з ратавальным напоем, Андрэ са словамі, што ня мае больш аўтарытэтаў і ніякі Хведар Міхайлавіч ня будзе яму ўказваць, у які час пачынаць піць, перакуліў у ротавую адтуліну на чыгуннай гіры адразу ўсю бутэльку піва. Потым, разьліўшы па шклянках «Крыжачок», яны прынялі на грудзі грамаў па дзьвесьце.
Як звычайна бывае пасьля такой тэрапіі, бадзёрасьць і адчуваньне радасьці жыцьця ненадоўга вярнуліся. Андрэ павесялеў, чыгун у галаве растапіўся да стану этэру, нават да той яго фракцыі, калі ўся істота раптам адчувае незвычайную лёгкасьць, можна сказаць, эўфарыю, калі сьвет ізноў выглядае прыязным, дасканалым, ласкавым. Ільвы таксама ажылі. Іх плоскія абалонкі напоўніліся геліем, і бязважкія, як паветраныя шарыкі, счапіўшыся лапкамі, яны прыняліся танчыць крыжачок над шаломам Андрэ.
Аднак гэткі стан душы тым і небясьпечны, што штурхае да ўчынкаў, якія ў такі дзень, магчыма, рабіць ня варта. Можа, трэба было выпіць яшчэ грамаў па сто ды пайсьці спаць. Але ажыўшы, Андрэ раптам вырашыў адвезьці пад мост тры апошнія бюсты. Калі зрабіць тры рэйсы тралейбусам, да вечара ён акурат усё пасьпее. Госьць таксама меў пэўныя справы, таму, выпіўшы яшчэ піва, яны дабілі рэшту «Крыжачка», перапалілі й разьвіталіся. Прыхапіўшы галаву касавокага мужыка, Андрэ пасунуўся на прыпынак.