«Дзе я? – намагаўся зразумець Андрэ. – Мужык у белым сказаў, што ў раі. Мусіць, тут, у апраметнай, такія жарты. Але, напэўна, гэта ня пекла. У пекле мусіць быць горача. Надоечы поп палохаў вечным агнём, а тут стаіць жудасны холад. Фортка адчыненая, і зь яе невыносна дзьме. Не, гэта больш падобна да чысца. Зараз прыдуць арханёлы і забяруць кожнага куды трэба. Мяне, хучэй за ўсё, у пекла. Ня думаю, каб перад раем чалавека прывязвалі да ложка. А гэтага малпападобнага, мусіць, у рай. Нездарма ён ходзіць тут зусім голы. Ды і «пасцат» яго выпускаюць. Вось дзе нявіннае стварэньне. Ваісьціну, чалавек-убожак: наіўны, незаплямлены інтэлектам, просты, як палена, – такіх Госпад любіць.
А гэты парнакапытны, што мыкае, мабыць, яшчэ пад пытаньнем. Напэўна, ня вырашылі, куды яго, вось ён і вые – душа мучаецца. Цікава, хто з гэтых у белым Міхаіл, а хто Рафаіл? Рафаіл, мяркую, дабрэйшы. Маўчыць ды ўсьміхаецца. А той, што сувора вачыма зыркае, – пэўна Міхаіл. Ён тут галоўны спэцыяліст па чарцях. Мабыць, і накладныя на пекла асабіста падпісвае.
І ўсё ж! Дзе я? Гэта псыхушка? Палата для буйных? Але чаму прывязалі толькі мяне? У псыхушцы павінна быць вячэра. Нянечкі ходзяць зь пілюлямі й шпрыцамі. Псыхіятары ў акулярах. Гэтыя два тыпы не падобныя да псыхіятараў. Хутчэй да мардаваротаў. Можа, турма? Але чаму ложкі, белыя прасьціны? Дзе параша? У вязьніцы абавязкова мусіць быць параша. Халера! Калі яны разьвяжуць? Халодна».
Раптам дзьверы адчыніліся, і на парозе зноў зьявіліся асобы ў белым.
– Ну што, бузіць больш ня будзеш? – запытала адна, паглядзеўшы на Андрэ.
– Разьвяжыце мяне!
– Ну, глядзі! А то імгненна скруцім! – мужык у халаце падышоў і пачаў разьвязваць вяроўкі.
– Дзе я?
– Як дзе! У выцьвярэзьніку!
– Дзе мой шалом? – Андрэ прыўзьняўся на ложку.
– Які яшчэ шалом?
– Залаты такі, прыгожы, з ільвамі!
– Глядзі, Міша. Так паддаў, што ня памятае, дзе мір згубіў! Ха-ха-ха! Ня ведаю! Калі будуць выпускаць, шалом, мір, ільвоў і ўсе фенечкі, што пры табе былі, назад атрымаеш.
– Паслухайце, але я ўжо працьверазеў! Адпусьціце мяне!
– Цяпер нельга! Раніцай галоўны прыйдзе, агледзіць, тады выпусьцім!
– Але паслухайце..
– Усё! Размова закончана!
– А пасцат хоць можна!
– Добра! Пасцат можна? Пайшлі!
Вярнуўшыся ў пакой, Андрэ пабачыў, што за яго ложкам стаялі яшчэ два шэрагі мэталічных шконак, на якіх акрамя парнакапытнага і малпападобнага спаў яшчэ нехта невядомага пакуль віду. Ён залез пад прасьціну і, скурчыўшыся ад холаду, паспрабаваў заснуць, каб тужлівыя думкі хоць ненадоўга пакінулі яго ў спакоі.
Прачнуўся ён ад таго, што нехта зноў гучна лупіў па мэталічнай блясе кулакамі. Гэтым разам то быў траваядны. Ён стаяў у доўгіх сямейных трусах са ўскалмачанай шавялюраю і, прыскокваючы з нагі на нагу, барабаніў па дзьвярах капытамі. Па рухах было заўважна, што хмель яшчэ не пакінуў яго. Сон больш ня йшоў у спусьцелую галаву Андрэ. Ён варочаўся з боку на бок, але гэта не дапамагала схавацца ад назольных, ужо цалкам цьвярозых думак. Яны выскоквалі зь цёмных калідораў сьвядомасьці і з адмысловай нялюдзкай жорсткасьцю катавалі яго.
– Ну што, давыёбываўся са сваім шаломам? З гэтай сваёй атупелай упартасьцю? Ідыёт! Што і каму ты хацеў давесьці? Усяму сьвету вайну абвесьціць? Усяму шалому фігу паказаць?
– Што, тужліва? Бессэнсоўна? Ты сам жадаў ператварыць гэтую тугу і бессэнсоўнасьць у поўны абсурд! Хацеў яе ў квадрат, нават у куб узьвесьці! Задаволены? Зразумеў, што не з тваімі мазгамі да бессэнсоўнасьці ў кубе набліжацца? Адзін яе выгляд разарве іх на дробныя кавалкі! І ніякі шалом не дапаможа! Усьвядоміў, што месца тваё – сядзець у бессэнсоўнасьці першага градусу? Аблажыцца газэтамі, тэлевізарамі, бабамі, палітыкай, півам, глупствам усялякім і любым спосабам думку пра сэнс удушыць, каб яна ў тваёй мазгаўні, крый божа, слова ня вякнула!
– Кім ты сябе ўявіў? Звышчалавекам? Шалом на галаву нацягнуў і да бессэнсоўнасьці вышэйшых градусаў памкнуўся? Усе, хто гэты шлях да цябе прайшоў, альбо Напалеонамі ў псыхушцы сканчалі, альбо Напалеонамі рабіліся, але ўсё роўна кепска сканчалі. Спадар Ніцшэ, хоць і прасьпяваў гімн Звышчалавеку, але па той бок бездані зазірнуў – і ўсё адно ў вар’ятні загнуўся!
– Hцre sie nicht! Du der Krieger! Der preuЯische Krieger! Spucke auf ihren Sinn! Die Nichtigkeiten! Sie werden deines Krieges niemals verstehen!
– Што, цывілізаваў славянскія плямёны? Леў хрэнавы! Ляжыш цяпер сярод гэтых траваядных, якія бяз портак па камэры бегаюць, трасуць яйцамі, кулачкамі ў дзьверы тарабаняць – пасцат просяцца!
– Es nichts! Dein Krieg wurde noch nicht beendet!
– Und du darfst, der Kretin, wollte dadurch zum Gott wird sich nähern! Durch die Leiden hat der Weg zu ihm gewählt! Wollte Narr in Christo werden! Стыгматы auf den Kopf sich hat aufgerichtet!