І тады адбыўся цуд. Ліпеньскі дождж, які ліў усе гэтыя дні і з-за якога я прапанаваў перайменаваць тутэйшы «снежань» у нешта больш рэлевантнае, раптам скончыўся. Стала вельмі ціха, нават чайкі прымоўклі, здзіўленыя. Кожны, хто быў у гэтым горадзе, узняў вочы дагары, да нябёсаў, дзівячыся кароткаму перадыху. І тут з вышыні павольна і ўрачыста, падкрэсліваючы выключнасць моманту, пасыпаўся бялюткі, як сукенка нявесты, снег…
Частка другая. The route of roots
Заўвага рэдактара (Я. П.): Джон, калі ты жадаеш пісаць па-беларуску, так ты і пішы па-беларуску. Я яшчэ магу вытрымаць мноства англамоўных словаў, якімі залатаны тэкст, але ж калі ангельская мова вынесена ў назву часткі, дык гэта ўжо нейкі Дыкенс атрымліваецца. Да таго ж, гэтая гульня «ou» «oo» у двух назоўніках, якая, магчыма, падаецца табе ўдалай знаходкай, выглядае практыкаваннем пачынаючага складальніка паэтызаваных радкоў, які паставіў побач два падобныя па гучанні словы і лічыць, што гэта і ёсць паэтыка тэксту, Шэкспір, бялявы Манблан натхнення. Карацей, Джон, я выпраўляю назву часткі на моўную знаходку, якую прыдумаў у якасці мілагучнага і куды больш паэтычнага заменніка тваіх roots, і пакідаю цябе ў маўклівым захапленні маім талентам.
Частка другая. Хадою каранёў
У той год, калі мы сустрэліся, адусюль у Стамбуле, літаральна з кожнага пірацкага кіёску «CD-DVD-MP3» даносіўся нервовы голас Брэндана Флаўэрса, які то ўзыходзіў у фальцэт, то абрынаўся ў прыемны бас. Брэндан, расцягваючы галосныя, выводзіў свой гімн Crossfires, і іншай падказкі пра тое, калі дакладна гэта адбылося, — не будзе. Зрэшты, калі мы бачым у кіно інтэр’ер у стылістыцы канца 70-х (шмат каляровага пластыка, які з-за Кубрыка і Карбюзье стаў прыкметай well-fashioned interior і хуценька пайшоў з моды праз нейкія пяць год); калі на сценцы пакоя вісіць каляндар на 1980-ты год, а пры ўсім гэтым аднекуль з вуліцы чутно «Ламбаду», нам адразу ж становіцца зразумела, што перад намі сцэна для дзеянняў, якія разгарнуцца ў 1989-ым. Бо да 1989-га не было ліпкай, як танная пахлава, набытая на рагу ў Лалэлі, «Ламбады», а пасля 1989-га «Ламбады» зноў не было, бо надта ж прыелася з-за бясконцай ратацыі. Такім чынам, адзіная падказка пра год: Crossfires.
Я ляцеў дадому, асветлены паловай сонца, якое ніяк не магло закаціцца, сысці, супакоіцца само ды пакінуць у спакоі мяне. Гадзіна, другая, шостая, а захад, да якога я рухаўся, усё яшчэ ўтрымліваў прыкметы блізкай прысутнасці сонца, бо хуткасць, з якой мы рвалі нябёсы, не давала часу бегчы наперад. Мне не спалося з-за гэтага захраслага на палове шляху свяціла, мяне падкалочвала ад каламутнага летуцення, падобнага да таго, што я адчуваў у папярэднюю ноч, але з тым істотным адрозненнем, якое набывае вобраз, напрыклад, лялечнага трусіка, калі ён перамяшчаецца са сну пра дзяцінства ў начны навязлівы кашмар, у якім трусікі абступаюць цябе, і робіцца млосна ад іх неверагоднай колькасці, ад іх маўклівасці, ад іх змрочнага сімвалізму.