— Зноў prabach miane… Хаця б за тое, за што можаш прабачыць ты… З астатнім я паспрабую разабрацца. І яшчэ, я хацеў сказаць: дабро заўсёды перамагае зло. Заўсёды. Гэта фізічны закон. І нават калі цяпер, пасля той крыві на снезе, усё выглядае на тое, што зло перамагло, так не будзе, Наста…
— Дабро заўсёды перамагае зло, кажаш? — яна ўсміхнулася. — Толькі не ў гэтай краіне, Джон Вілаў. Толькі не ў ёй! Успомні свой маёнтак. Хто каго перамог?
Яна прайшла некалькі яшчэ крокаў, спыніўшыся на самай мяжы цемры. За яе спінай была бездань ды безвыходнасць расстання, немагчымасці майго існавання без яе. Бейёглу з яго трамвайчыкам ды начным натоўпам пад парасонамі адсюль нагадваў знакамітую перспектыву Манмартру, напісаную Манэ.
— Ты добры чалавек, Джон Вілаў, — звярнулася яна да мяне. — Ты наіўны, дурны, непісьменны, які забыўся на сваю мову, ты абыякавы ды напаўадукаваны пасля свайго Гарварду. Ты баязлівы, ты забабонны, ты маеш схільнасць да лішняе вагі і не ведаеш пра пакт Молатава-Рыбентропа. Але ж — ты добры чалавек. Таму ніколі. Ніколі не спрабуй патрапіць у гэтую краіну, у Беларусь. Ты там загінеш. Таму што калі дабро спрабуе перамагчы ў сумленнай бойцы зло ды хлусню, яно гіне.
А што да мяне, дык я прыняла рашэнне. Я вяртаюся.
— Ты што?
— Вяртаюся. Здам білет заўтра і паеду ў зваротны шлях.
— Ты ў росшуку!
— Я пакуль пасялюся ў Вільні, сорак кіламетраў да мяжы! Побач, зусім побач. Жыць у Вільні для беларуса — усё адно, што жыць у Менску. Мова. Вёска. Вільня. Вільня — сталіца без краіны, Беларусь — краіна без сталіцы. Ты б зразумеў, калі б трохі ведаў гісторыю… Там усё такое ж. Да болю такое ж. Я пасялюся там і буду чакаць. Нават калі чакаць давядзецца дзесяць год. Пры першай магчымасці — паеду дадому…
— Чаму, Наста? Навошта? Ты ж вырашыла — і файна абгрунтавала! Што радзіма ўнутры! Што ты будзеш гадаваць яе ў ЗША!
— Вырашыла. План сапраўды быў добры. Але я сустрэла вельмі добрую ілюстрацыю таго, чым усё гэта скончыцца. Я сустрэла цябе. Твой дзед таксама, мусіць, вывозіў частку роднай «Польшчы» ў эмігранцкім клунку. Каб захаваць на чужыне. І што? Захаваў? Унук ані слоўца не разумее на яго мове! Дык гэта ўнук! Што будзе яшчэ праз тры калены? Што? Яшчэ адзін радавод «карэнных амерыканцаў», што забыліся на продкаў?
Я вінавата маўчаў. Я зразумеў, што стаў для яе нагодай, падставай для прыняцця рашэння, якое можа яе згубіць. Я пакутліва падбіраў словы, каб запэўніць яе, што я — выключэнне, аднак па ўсім выходзіла, што ніякае я не выключэнне, бо сапраўды большасць маіх сяброў называлі сябе карэннымі North Americans, нават маючы цёмную скуру…
— Viraj, Наста, — нагадаў я слова, якое цудам запомніў па-беларуску. — Ты імкнулася ў viraj. І амаль што даляцела!
— Вырай? — перапытала яна. — Дык гэта для птушак вырай там, дзе цёпла. Для чалавека вырай — там, дзе ягоны дом! А дом у мяне на поўначы, скаваны ільдамі. Мне туды! Да таго ж, выявілася, што на нябёсах таксама ёсць страх і кашмары. І што калі ты застрашаны, ты будзеш баяцца і ў Стамбуле, і ў Амерыцы… Ты не зразумеў, Джон, — дадала яна светла. — Адбыўшы свой тэрмін тут, у чысцяцы, я цяпер лячу не ў зваротны шлях, не на зямлю. Гэта іншая вандроўка. Гэтая вандроўка не назад, а наперад. Я ўзнагароджана выраем, узнагароджана нашай сустрэчай. Я лячу ў вырай, у свой заснежаны, сцюдзены вырай…
Я прачула абняў яе. Абняў, нібы збіраюся затрымаць у сваіх абдымках назаўжды, не пусціць на пагібель, на зняволенне, на вар’яцтва. І сапраўды, хто сказаў, што мы павінны зараз разысціся назаўсёды? Хто абвесціў гэты прысуд? І нават калі ён абвешчаны на нябёсах, я яшчэ магу яго абскардзіць, затрымаць яе побач і запэўніць (прыклаўшы ўсё ўласнае красамоўе) не ехаць у тую Вільню, якая мне падавалася невялічкім мілітарызаваным мястэчкам побач з уваходам у памежны падземны тунэль, які доўжыцца да самай Беларусі (тут перад кожным аўтобусам ці аўто са скрыгатам адчыняецца падобная да гільяціны жалезная заслона, якая аддзяляе цывілізаваны свет ад краіны, дзе абвешчана ў пошук Наста).
— Слухай, калі ты нікуды не ляціш з раніцы, дык чаму б нам не сустрэцца яшчэ раз? Напрыклад, апоўдні?
— Навошта? — запыталася яна. Здаецца, Наста вырашыла, што я адыграў сваю ролю ў ейным жыцці і магу сысці ў непатрэбны цень успамінаў.
— Мы б маглі схадзіць на Шагала.
— Мы яго бачылі.
— Здалёк! Няўжо цябе не цікавіць, якое ўвасабленне на гэтым палатне набыў ягоны ўлюбёны Вібескц?
— Віцебск, дурачына!
Як я нахвальваў шагалаўскі жывапіс! Як апісваў каларыстыку і вобразнасць! Як пераконваў, што без мастацтвазнаўцы Шагала не зразумець, таму ёй трэба скарыстацца неверагоднай магчымасцю не проста паглядзець на палатно, але атрымаць грунтоўны аналіз, як на Discovery (гэтае параўнанне зноў яе павесяліла). Магчымасцю палюбіць жывапіс на ўсё астатняе жыццё. Карацей, яна здалася. Я прапанаваў забраць яе заўтра з гатэлю на таксоўцы, але ж яна катэгарычна адмовілася называць, дзе жыве. «Для тваёй жа бяспекі», —растлумачыла яна. Тады я прапанаваў сустрэцца ў цэнтры, мяркуючы, што яна жыве недзе побач, у гістарычнай частцы.