Падхапіўшы ўсё патрэбнае для гарбаты, ён шпарка пакульгаў некуды наверх — о, гэтыя знакамітыя стамбульскія лесвіцы! — і мы на здаровых, маладых нагах, ледзьве паспявалі за ім. Нагналі яго двума паверхамі вышэй, дзе была абкладзеная белымі мармуровымі плітамі пляцоўка. Унізе была бачная ўрачыста падсветленая шкляная столя галерэі, пасярод якой у мураваным празрыстым кубе знаходзіўся скарб, за якім мы палявалі ўвесь вечар. Карціна дэманстравалася ў вельмі нестандартным ракурсе, букет быў перавёрнуты, аголенай жанчыны не бачна наогул, аднак пякучыя колеры білі па вачах, адразу выдаючы працу вялікага майстра.
Зноў усміхнуўшыся, стары растлумачыў, што музей ужо зачынены, бо ахоўнікі пайшлі дадому глядзець футбол. Але што мы можам прысесці і атрымаць асалоду ад вечара ды кубачка араматнай гарбаты. І што галоўнае ў жыцці — нікуды не спяшацца, бо калі спяшаешся, ніколі не паспяваеш. А яшчэ калі сесці вунь там, дык бачна мора і караблі. Я сунуў яму пяць баксаў і, пасля ўжо таго, як ён іх узяў і схаваў, адчуў, што ён рабіў гэта не дзеля грошай, а з-за ўласцівай стамбульцам гасціннасці. Аднак, паколькі мы — са свету, дзе грашыма вымяраецца ўсё, ён грошы прыняў — не выключана, каб нас не пакрыўдзіць. Стары сказаў, што звычайна выходзіць сюды паліць, але што паліць ён можа і ўнізе. І што жыццё — цуд, і яно надта кароткае. І што чым больш спяшаешся, тым хутчэй усё пройдзе.
Мы засталіся адны. Я прысеў на лаву, узрушана сказаў пра Шагала, пра яго crazy color conjuctions, пра тое, што ў любым музеі свету пазнаю яго палотны за сто метраў, калі яшчэ ніякіх сюжэтаў не бачна, выключна каларыт. І раптам спыніўся:
— А, я забыўся! Ты ж не любіш мастацтва.
— Так, я не люблю мастацтва, — цвёрда сказала яна. Гучала гэта як нейкі маніфест, які сам па сабе цягне на мастацкую акцыю, таму выправілася: «Не тое, што не люблю. Не разумею. І не маю часу, каб зразумець гэтыя карцінкі».
— А чаго ж ты так сюды імкнулася? Да Шагала?
Адказ быў агучаны вельмі ўсхвалявана:
— Таму што ён — мой зямляк. У нас з ім адна краіна на дваіх, — тут у маім сэрцы нешта варухнулася, варухнулася, здаецца, тое, што завецца генетычнай памяццю, астаткавым нацыянальным светаўспрыманнем.
— О, я і не ведаў, што ты з Расеі!
Цяпер, калі я ўжо добра ведаю гісторыю і культуру Настынай зямлі, калі арыентуюся ў беларускай літаратуры і нават сам спрабую пісаць прозу (занятак дурны: жывапіс нашмат высакародней гэтага словапляцення!), я здзіўляюся толькі аднаму — як яна мяне не забіла за гэтую праяву ідыятызму? Я тымчасам працягваў думку, самазабыўна напрошваючыся на чвэртаванне.
— Знаёмцеся, Джон Вілаў, эксперт па рускім жывапісе XIX стагоддзя! Attorney двух буйнейшых аўкцыённых дамоў, рэпутацыя якога была сёння апоўдні з грукатам знішчаная назаўсёды! Джон Вілаў, беспрацоўны, — я зноў дурашліва працягнуў ёй далонь і толькі тут заўважыў, як набрыняў натуральнай нянавісцю ейны позірк.
— Дурань ты! Дурань, Джон!
— Што такое? — спужаўся я. Ніколі не бачыў такіх фурыёзных істотаў.
— Дзе цябе вучылі, Джон Вілаў? У Маскве?
— У Бостане! У мяне прыстойная адукацыя!
— Табе падабаецца мастацтва акупантаў? — яна пляснула мяне па плячы, пляснула балюча з той жа непасрэднасцю, з якой у таксоўцы песціла валасы.
Я зразумеў па-свойму:
— Пры чым тут Трэці Рэйх? І Нямеччына? Якія акупанты?
— З-за такіх, як ты, дурач-ч-чына, з-за такіх… Маёй краіне… У маёй краіне… — Яна павярнулася спінай і, здавалася, захліпала. Я праз вялікую паўзу няўпэўнена дакрануўся да яе пляча. Вельмі асцярожна.
— Прабач. Я праўда не разумею. Патлумач, калі ласка!
Яна тузанула галавой і павярнулася — так, што стаў бачны толькі профіль:
— Марк Шагал, дурань ты, быў беларусам! Не таму, што нарадзіўся ў Беларусі, а таму, што да самага скону — да самага — ты чуеш? — любіў адзіны горад на зямлі — Віцебск! Любіў, як дзяўчыну, як мару, як… Як вырай… Ведаеш, ёсць такое слова ў мове, на якой я размаўляю…
Тут трэба асабліва спыніцца (па-беларуску!) на тым, як яна тлумачыла мне, што такое беларуская мова з яе старажытнай пявучасцю, з яе градацыйнымі пяшчотнымі памякчэннямі (такімі, як адбываецца ў інверсіі з «ch» у слове «пяшчота»), з яе занядбаным, як Атлантыда, сучасным статусам. Мова, за якую ў тым фантастычным «выраі», які яны так любілі з Шагалам, можна лёгка атрымаць пятнаццаць сутак па адміністрацыйным артыкуле «лаяўся матам, махаў рукамі». За мову, уявіце! Не за словы, якія на ёй гаворацца, а менавіта за мову, якая ўтварае мелодыку гэтых словаў. Нават калі ты гаворыш «слава паліцыі»!