Калі Каруся завялі ў пакой, ланцугі з ягоных ног былі знятыя. Няма куды збягаць. Сцены толькі што зладаваныя, голая цэгла цэментам заляпаная, а мэбля дыхтоўная, арыстакратычная, але старая, паламаная. Ложак з недарэчнымі драўлянымі калонамі, на якіх калісьці, відаць, грувасціўся аксамітны балдахін — блышыны прытулак. А замест пярыны ды гары шаўковых падушак — працёртая жаўнерская ваўняная коўдра на голых дошках. Залацісты кілім на каменнай падлозе мо калісьці быў прыдатны і для прынцэсіных ножак, а цяпер так выцерты і паедзены моллю, што не адгадаеш, якіх быў колераў. У куце — камін, аблямаваны да палавіны белай кафляй з сінімі караблямі. Астатняя кафля складзеная ў скрыні ля сцяны.
Увогуле ж, прасторны пакой нагадваў сумесь лабараторыі і кабінета. Некалькі сталоў ад розных набораў мэблі заваленыя паперамі — планы, схемы, мапы, разлікі... Прылады для вымярэння, макеты вайсковых збудаванняў... Дарагі прыбор для пісьма, з мілымі бронзавымі сабачкамі, што прыселі на малахітавай падстаўцы, а побач — грубы гліняны кубак з адбітым краем. На паліцах — кнігі на розных мовах. Вырвіч узяў са стала пашарпаны том, які аброс закладкамі: падручнік па латыні!
— Калі ўдасца адсюль выйсці, іспыты за ўвесь універсітэцкі курс здам лёгка, — прабурчаў Карусь. — Наверсе яшчэ лабараторыя... Гер Кемпелен загадаў не абмяжоўваць мяне ў навуковых даследаваннях.
Зноў бразнулі засовы. Каржакаваты дзяншчык ледзь трымаў паднос, застаўлены стравамі, простымі, але ўежнымі.
Толькі калі дзверы зноў былі зачыненыя і з’явілася надзея, што ў бліжэйшую гадзіну ніхто сюды не ўваліцца, Карусь уздыхнуў з палёгкай, плечы зрабіліся не такія каменныя, і як бразнецца на калені перад Лёднікам, апусціўшы галаву.
— Даруйце, пан Баўтрамей, не ўбярог я панну...
Доктар, зразумела, былога слугу з падлогі падняў, на крэсла ўсадзіў, сам усеўся на суседняе, а Вырвічу і Меланхоліі засталася абабітая выцертым шоўкам казетка з будуара невядома якой фрау ці фройляйн. Самы час быў для споведзі.
Карусь сапраўды пільна сачыў за лёсам любай панначкі, але, ясная рэч, не ўмешваўся... Куды нядаўняму рабу лезці ў сям’ю гаспадыні... Вучыўся ён старанна, каб апраўдаць затраты свайго добрага гаспадара пана Лёдніка. Поспехі рабіў — асабліва ў навуках дакладных i натуральных. Але, як толькі ўдавалася, прыязджаў з Вены ў Бадэн. Цешыўся здаля, як прыгожа Сафійка ў новых уборах выглядае, у багатай карэце.
Ваявода супрасльскі пан Валенты Жылка на юную жонку, здаецца, надыхацца не мог. Хаця пляткарылі месцічы — як жа не абгаварыць маладую пару? — часам засмучоны пан быў праз капрызы красунькі. Якія — можна было здагадацца з рэдкіх лістоў, што Сафійка Карусю, аказваецца, усё-ткі дасылала. Скардзілася: вось цемрашалы, не даюць дома лабараторыю зладзіць, свякроўка, Ганна з Макавецкіх, змушае больш гаспадаркай займацца, а не кніжкі чытаць ды смярдзючыя рэчывы ў колбах змешваць. Валентага вучоная пані ледзь угаварыла ў Вену пад’ехаць, на адкрытую лекцыю ва ўніверсітэцкім анатамічным тэатры, куды дам таксама пускалі. Здаецца, падбіла была мужа і зладзіць шпіталь для бедных, дзе яна стaне практыкаваць, але Валенты, свякроўю адгавораны, марудзіў...
— Забралі ў мяне яе лісты, калі арыштоўвалі, — глуха прагаварыў Карусь. — Вось усё, што змог прыхаваць...
Палез за пазуху, дастаў беражліва складзеную чыстую анучку, а ў ёй — адарваны ад ліста шматок, з два пальцы, з абрыўкамі слоў, выведзеных круглым дзявочым почыркам.
Калі паненка знікла, а адна прыслуга з дому Жылкаў прагаварылася Карусю пра вар’яцтва беднай фрау і шпіталь Святой Даратэі, хлопец памкнуўся з пытаннямі да гаспадароў. Ну і далей усё як Вырвіч і ўяўляў: Валенты, які і раней не зносіў нахабнага слугу, накрычаў на таго і пачаў праганяць, пушчанскі хлапец, у якога годнасці бы то не менш, чым у якога нобіля, упёрся.
Здаецца, Валентаму руку зламаў і сківіцу набок звярнуў.
Ну, калі ёсць вол, знойдзецца і дышаль.
У вязніцы студыёзус прабыў тры месяцы. Потым яго пакаранне замянілі на жаўнерскую службу. Муштра, казармы...
— Колькі разоў спрабаваў збегчы? — сумна папытаўся Лёднік.
— Чатыры разы, пан Баўтрамей, — з няёмкасцю адказаў хлапец. — Пяты раз месяц таму... Злаўчыўся схавацца ў павозцы, што дастаўляе камяні. Сабакі ўнюхалі.
Не трэба было распытваць, каб ведаць, чым заканчвалася кожная няўдалая спроба. Добра, што да смерці хлапца не замардавалі.
Жаўнераў пагналі будаваць фартэцыю. Каруся паставілі насыпаць хітрамудры абарончы вал... Студыёзyc заявіў наглядчыку, што канструкцыя абавязкова абрушыцца, бо няўдала спланаваная... Заявіў пераканаўча, агучыў уласныя разлікі. На шчасце, наглядчык аказаўся разумны. Пра здарэнне даклалі Кемпялену, старому знаёмцу банды Чорнага Доктара. Пасля таго як на троне імператара Аўстра-Венгрыі апынуўся Фрыдрых, Кемпелена старыя зласліўцы адапхнулі ад двара. Той з радасцю перабраўся ў родную Венгрыю, але заданні кшталту вось гэтага працягваў выконваць. Праект ягоны быў амбітны, з усякімі фокусамі, якія маглі спадабацца заказчыку... Толькі зроблены на хуткую руку.