Читаем Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага полностью

Кемпелен, якому паказалі занадта вучонага жаўнера, Каруся пазнаў — у палацы Шэнбрун доктар і пушчанскі дзікун дапамаглі прыдворнаму механіку пазбегнуць выкрыцця ягонага шалберскага вынаходніцтва, механічнага шахматыста, якім кіраваў насамрэч схаваны ў пастаменце чалавек. Тады Лёднік змусіў рухацца аўтамат сваймі асаблівымі ўменнямі, а Карусь падказваў хады шахматнай партыі.

Карацей, увішны Кемпелен прыстасаваў студыёзуса сабе ў дапамогу, тым больш усе дзівіліся здольнасці пушчанскага дзікуна імгненна рабіць у галаве любыя вылічэнні, нават самыя складаныя. Кемпеленаўская вылічальная машына блізка да таго не падпаўзла.

Чым далей, тым болей неабходным рабіўся новы інжынер. Ён фактычна перарабіў увесь праект, а паколькі быў сумленны аж да згубы, назіраў за кожнай дэталлю, і Кемпелен з задавальненнем пераклаў на студыёзуса ладную частку сваіх абавязкаў... Зразумела, пасля ўзвядзення крэпасці хлапцу абяцалі волю, багатую ўзнагароду і добрую кар’еру. Але насамрэч, хутчэй за ўсё, яго чакалі новая вязніца і далейшая служба на ланцугу. Навошта пану Кемпелену дзяліцца заслугамі з нейкім бяспраўным вязнем-жаўнерам? Бачылі ўжо, як ён выкарыстоўваў няшчаснага шляхціца Варонскага, якога садзіў у свой аўтамат у шахматы каралёў абыгрываць.

Toe, што сапраўднай волі Карусю не відаць, пацвярджалася тым, што ён аніяк не мог дабіцца, каб яго выпусцілі хоць на дзень — ірваўся даведацца пра панначку. Не давалі нават ліст адаслаць. Ён заставаўся вельмі каштоўным, але вязнем, ахоўвалі яго як скарбніцу. Умовы жыцця і працы зладзілі добрыя, мэблю з палаца герцага Абервальтэрса старую падабралі. А паколькі інжынер па-ранейшаму спрабаваў збегчы, біць не білі, але надзелі ланцугі.

— Пан Лёднік, вы мусіце неадкладна ехаць да Жылкаў, патрабаваць, каб забралі з вар’ятні панну Сафію! — Карусь ажно кулакі сціснуў у бяссілым адчаі. — Вас яны паслухаюць! Паабяцайце ім, што самі яе вылечыце, прыгразіце судом за неадпаведнае абыходжанне. Ніхто, акрамя вас, не мае такога права!

— Так i зраблю, хлопец, — Лёднік паклаў руку на плячо былога слугі. — Толькі ты паедзеш з намі.

Легка сказаць — а як зрабіць? Каб можна было ўцячы — Карусь i сам справіўся б.

Вырвіч, Лёднік і Меланхолія абгледзелі апартаменты пана інжынера. На другі паверх з ягонага пакоя вяла вузкая драўляная лесвіца — проста праз квадратны праём у столі. Лабараторыя была нішто сабе, малодшыя Вырвічавы дзеткі Паўлюк ды Касенька тут пішчалі б ад захаплення, ды і старэйшы, Янук, хоць падлетак ужо, заліп бы. На адным са сталоў стаяў макет фартэцыі, якую ўзводзілі. Нават маленькія гарматкі былі, і масты падымаліся. Усе будынкі пафарбаваныя ў белы колер, вось чаму фартэцыю называюць Белай — значыць, задумана зрабіць аднаго колеру з герцагскім палацам.

Былі і макеты нейкіх хітрых механізмаў.

— Не ўсё гэта я рабіў, вунь тую марціру пан Кемпелен прыдумаў, — няўважна махнуў рукой Карусь. — I хай бы ён лепш і надалей акведукі, фантаны ды шахты праектаваў і мне даручаў... Нядобрая справа — прыдумляць, як істотаў Божых лацвей нішчыць.

— Праўду гаворыш, Карусь, — ціха прамовіў доктар і нагнуўся ніжэй над макетам фартэцыі. — Надзвычай дакладна зроблена. Сам усё?

— Дапамагалі, — сказаў інжынер. — Адкуль у мяне хапіла б часу? А за дакладнасць адказваю... Пайшлі, зараз самі ўбачыце.

У столі гэтага паверха таксама аказаўся невялікі, з няроўнымі краямі, праём, закрыты зверху дошкамі. У яго мусілі ўсталяваць бервяно — пратарчаку хітрага пад’ёмнага механізма, макет якога стаяў у куце, як замардаваны трасучкаю лясун. Карусь лёгенька падставіў да адтуліны вялізныя драбіны, якія Пранціша, мусіць, прыдушылі б вагай, спрытна палез наверх, ссунуў накрыўку з грубых дошак убок...

I нечакана ўсе аказаліся на верхняй круглай пляцоўцы вежы, адкуль відаць як на далані ўсё будаўніцтва. I светлы палац герцага Абервальтэрса са шматлікімі вежачкамі, гаўбцамі і галерэяй, быццам карункавы капялюш, пакладзены на траўку. I прыліплыя ўшчыльную да дзівоснага палаца выродлівыя шэрыя прастакутнікі казармаў, і пляц перад імі, падобны да лапаты, на якой гаспадыня засоўвае ў печку булкі. З другога боку срэбная змяя ракі прапаўзала якраз ля падножжа гэтай вежы, утвараючы натуральную абарону.

Мусіць, пасля сцяна вежы зраўняецца з адхонам, а пакуль што па насыпе над ёю прабег шэры дог.

За рэчкай, адразу за поплавам, пачынаўся гай, якому хутка, відаць, належала быць ссечаным, каб не даць ворагу незаўважным падабрацца да сценаў.

— Адмыслова мне сюды выходзіць дазволілі, каб планаваць дакладней, — Карусь падышоў да цаглянага мура па пояс вышынёй, які адгароджваў пляцоўку ад бездані. — Хоць які глыток волі...

Праўда, воля была адноснай. Бо ўсё гэтак жа гаўкалі сабакі, а ў вартаўніка на версе другой вежы тырчала за плячом стрэльба.

— На маёй вежы таксама вартаўніка часам ставяць для ўрачыстасці, калі герцаг прыязджае ці з імператарскага двара хто, — буркатнуў Карусь. — А звычайна жаўнеры там, паміж паверхамі, у косткі перакідваюцца.

Перейти на страницу:

Похожие книги