Читаем Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага полностью

Карусь, які даўно не бачыўся са сваім добрым гаспадаром, трохі распавёў навінаў пра Караблі, а галоўным чынам перапрашаў, што за паненкай не ўсачыў. А пачыналася ўсё так добра... Былая пані Жылкава імпэтна ўзялася ў бацькоўскіх уладаннях працу шпіталя для сялянаў наладжваць. У дзвюх кабетаў роды паспяхова прыняла. Лекі рабіла, аднавіўшы лабараторыю, якую Бутрым быў у Караблях зладзіў. Каруся, як Вырвіч зразумеў, па-ранейшаму даймала: то разам, як галубочкі, нешта карыснае ўчыняюць, то паненка пагляд адводзіць і адмоўчваецца.

Карусь, дарэчы, ухітрыўся ў Караблях паравы млын за гэты час адбудаваць. I граблю новую пачаў ладзіць, яшчэ ўвосень. Хоць сяляне дужа падазрона да ўсіх панскіх штукарстваў ставіліся — а гэта ж яшчэ гарбаціцца трэба дзеля тых штукарстваў, — інжынеру Белай фартэцыі, суроваму плячыстаму асілку, слова суперак сказаць баяліся. Потым самі зразумелі сваю выгаду... За памол на новым млыне ў тры разы меней плаціць, грэбля дазволіла ў суседняе мястэчка ўдвая шлях скараціць... Але гэта не значыла, што не спаляць, не спаганяць. I, калі з паненкі трохі пасмейваліся — скача, шчабеча, павучае, — да Каруся, быццам да суддзі, пачалі звяртацца: справядлівы пан і любога злодзея ў крук сагне.

Злодзея сагне, а кветачка Лёднічанка яго самога згінае. Вырвіч разумеў, што Карусь ніяк не наважыцца на нейкі рашучы крок: Сафійка ж па-ранейшаму для яго — дачка ягонага дабрадзея-гаспадара, парушынкі з кралечкі здзімае, даткнуцца баіцца. А яна, хоць сама не прызнаецца, толькі і чакае, каб хлопец сілу сваю праявіў ды жарсць.

Алесь Ледніковіч ляжаў на сенніку змрочны і маўклівы... Ягоная мара пра нейкую ідэальную Ліцвінію-Крывію-Беларусь на Новай Зямлі разбівалася на друз, як скляпенні полацкай бібліятэкі.

Лёднік усё прыслухоўваўся — відаць, непакоіўся за дачку і жонку... А Вырвіч хацеў аднаго — выспацца. Насоўваўся па норах. А ён не суслік, фараонаў пацук, якіх Радзівіл Сіротка з Егіпта прывёз і якія ля Нясвіжа распладзіліся, ён — шляхціц герба Гіпацэнтаўр, нашчадак самога Палямона!

Выспацца не далі. Толькі задрамаў, занурыўшыся ў прэлую салому...

— Пан Алесь, вы тут?

За маленькім закратаваным акенцам, анучу з якога адкінулі, захінаў зоры нечы цень. Гэтак пачапіцца на мур мог толькі нехта спрытны, лёгкі і адчайны.

— Панна Рэгіна! — тут жа кінуўся да акна Ледніковіч. — Неадкладна злазьце! Вас могуць схапіць альбо параніць!

— Могуць! А могуць i не! — шэпт быў вясёлы. — Памятаеце, як на возеры ад трапераў адбіваліся? Справілася! Ды я цяпер i не адна... Трымайце!

Праз краты прасунулася штось бліскучае. Кінжал! Баўтрамей Лёднік, які таксама наблізіўся да акна, спрытна падхапіў зброю, каб не загрымела па падлозе. Потым прасунулася яшчэ нешта... Пісталет, ладунка... Рэгінцы нехта гэта падаваў знізу. Няўжо палахлівая Марла? Але вось спускаецца на вяровачцы пакунак, у якім намацваюцца шкляніцы са знаёмымі накрыўкамі...

Бутрым тут жа азваўся:

— Давыд дзесь тут?

— Так, унізе стаіць, з вамі, пан доктар, перагаварыць хоча. Але як?

Лёднік прыкусіў вусны.

— Вызваліце акно, паненка...

Разбегся, адштурхнуўся нагой ад сцяны — і вось ужо вісіць, як вялізны кажан, чапляючыся за краты. Падцягнуўся, каб твар быў на ўзроўні акенца... I гады ж Чорнага Доктара не бяруць, з зайздрасцю падумаў Вырвіч. Няўжо да смерці будзе вось так скакаць?

А між тым пачаліся перамовы шэптам з нябачным Давыдам. Перамовы дзіўныя... Вырвіч змог расчуць толькі трошкі з доктаравых адказаў, згодна з імі Давыд пытаўся, ці абшуквалі іх, удакладняў, як выглядае штуковіна, за якой усе палююць, нешта наконт сабора Святой Сафіі... Гаварылі нядоўга — не на куртуазным спатканні. Доктар спрытна саскочыў на падлогу, нават не паморшчыўся.

— Раю нам усім пастарацца хоць пару гадзін адпачыць. Заўтра... Дакладней, ужо сёння, дзень чакаецца бурлівы i на падзеі багаты. Трэба быць пільнымі і моцнымі. Давыд мае рацыю: ніколі яны ад нас не адчэпяцца, пакуль рамфею не атрымаюць.

I тлумачыць больш нічога не стаў. А відавочна ж нешта з Давыдам задумалі...

На вуліцы пачуліся галасы вартаўнікоў... Аддаліліся. Добра, што не заўважылі гасцей.

— Пан Аляксандр!

Што такое? Зноў Рэгінка... То-бок заміж таго каб разумна рэціравацца ці пачаць шукаць родных татуню i матулю, што яшчэ было б вытлумачальна, закарцела яшчэ пагаманіць з дактаровічам... Відаць, паненка лагічна палічыла, што ўжо з вязніцы ён ад яе ўвагі нікуды не ўцячэ.

Малодшы Лёднік, хоць таксама спрытны, скакаць па сценах, як бацька, так i не навучыўся, таму стаяў пад акенцам, задраўшы галаву, і шэптам загадваў свавольнай князёўне знікнуць, зляцець, сплысці, спапяліцца ў сакавіцкае начы... Рэгінка выскалялася і дражніла «насатага цыркуля» згадкамі пра іхнія амерыканскія прыгоды, дзе яна, адважная паненка, праявіла такую зухаватасць, што ўсялякім палкоўнікам да яе, як да месяцовага зайца, не дастаць.

Як кажуць, адлезь, капейку дам.

Яны што там, за акіянам, увесь час так?

— Паненка Рамэа i пан Джульет, — прамармытаў раздражнёна Вырвіч, якому парачка перашкаджала заснуць.

— Ай!

Скончылася тым, чым мусіла. Шалапутную князёўну злапалі.

Перейти на страницу:

Похожие книги