Читаем Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага полностью

— Гэта мая віна. Я вырашыў здабыць святыню насуперак волі бацькі, які ўсяляк мне ў гэтым супярэчыў. I, каб мог, я б яе вынес. Вось, самі бачыце, васпан, — мае рукі пустыя. Рамфею дастаць немагчыма. I мне давялося з гэтым змірыцца. I вам давядзецца.

— У такім выпадку, панове, рушым наверх, і вы яшчэ раз directe альбо indirecte распаведзяце нам свае казкі!

Цяпер здабывальнікаў рамфеі не пасаромеліся абшукаць, нават жанчын. Не дапамагло Паланэйцы верашчанне і пагрозы княскім тытулам... Князі на самоце па сутарэннях не шастаюць, у іх паперадзе — світа, за спінай — світа... Іначай гэта не князі, а лаздыгольцы нейкія.

Адправіў ваявода кагось і праверыць сутарэнні — праўда, гайдукі, якім выпаў такі гонар, скрывіліся, як печаныя яблыкі. Падземныя пасткі нагналі жаху... Але ж палезлі, бо пан Тадэвуш Жаба мог яшчэ хутчэй за каменную пліту раструшчыць. Вярнуліся брудныя і пераляканыя: далёка не прайсці, заваліла, хоць кратоў наймай.

А наверсе было сапраўды веснавое свежае паветра, але ж i начная цемра, якая здавалася згуслай, як халадзец, ад святла паходняў. Банду Чорнага Доктара амаль ветліва завялі ў драўлянае збудаванне, дзе яшчэ нядаўна быў так званы «ўціхамірвальны дом» — вязніца. Цяпер новыя ўлады ўзвялі ў горадзе дыхтоўныя каменныя казематы, а гэты дом, паколькі побач правіянцкія склады, думалі прыстасаваць пад нешта падобнае — ці склад, ці краму. А пакуль якраз удалося парадаваць старыя сцены вяртаннем ранейшай ролі.

Вязняў быў цэлы ўзвод, так што ўсіх раздзялілі. Паланэю з Агалінскім адвялі, мяркуючы па ўсім, у найбольш ганаровае і ўтульнае месца, вартае сястры вялікага гетмана, хоць і заняпалай. Меланхолія ўзяла пад сакалінае сваё крыло Сафійку, якая так і ўчапілася ў мачыху ў чаканні магчымасці парумзаць той у плячо і запазычыць мужнасці. А Карусь, Вырвіч, Лёднік і Алесь апынуліся ў адной вялікай камеры, засланай прэлай саломай. Столь высока, пад самай столлю — рукой не дацягнешся, не даскочыш — маленькае акенца, у дзве далані, нават дзіця не пралезе, ды яшчэ і закратаванае. Холадна, як у лядоўні, хоць адзін з ахоўнікаў — нечуваная ўвага да вязняў! — паабяцаў зацепліць печку.

Цагляны бок печкі, які выходзіў у камеру, сапраўды хутка пачаў цяплець... Адначасна з калідора праз шчыліны ў дубовых, акаваных жалезам дзвярах пацягнуўся дым. Добра, усё-ткі цяга была, а то ўчадзелі б усе... Акенца, выгнаўшы дым, заткнулі кавалкам посцілкі — Карусь падсадзіў Алеся на плечы. А вось і есці-піць прынеслі, хоць не на парцаляне... I кажухі абкрыцца... Разумеюць, што шляхту незаконна схапілі. А раз усё-ткі схапілі, значыць прыедзе нехта важны разбірацца.

Між тым высокі худы спадар з незапамінальным тварам, падобным да недапечанага бліна, які прынёс вязням збан квасу і стос праснакоў, усё марудзіў сыходзіць. Вочы колеру веснавога лёду слізгалі па пакоі i ягоных нявольных насельніках, так што здавалася, быццам ад таго позірку на твары наліпае бязважкая павута бабінага лета, да якога яшчэ вой як далёка, дапамажы, Святы Франтасій, дажыць...

— Пан Лёднік, трэба з вамі перамовіцца... Я магу гаварыць пры іх?

Блінатвары прашаптаў гэта Лёдніку на вуха, наблізіўшыся бязгучна, як павук.

Баўтрамей насцярожана выпрастаўся:

— Я цалкам давяраю ўсім прысутным.

Вартаўнік кіўнуў.

— Вас добра рэкамендаваў наш агульны знаёмы — Зыгмунт Грос.

Во як! З Гросам, былым езуітам і сённяшнім масонам, не раз жыццё зводзіла... Значыць, i гэты спадар — шпег...

— Пан Лёднік, наша брацтва ў сілах вас выратаваць. Думаецца, перадаць рамфею ў рукі тых, хто змагаецца за сусветную справядлівасць, — годнае завяршэнне вашай місіі. I вы, пан Аляксандр, атрымаеце таму пацвярджэнне ад сваіх высокіх хаўруснікаў у Новым Свеце, дзе шмат нашых братоў. Мы адна вялікая сям’я. Дык нашто везці святыню так далёка ды праз небяспеку, што яе адбяруць? Перадайце нам тут — i будзе той жа вынік i тое ж блаславенне агульнай справы — стварэнне справядлівага грамадства!

Мякка сцеле як... Вось i яшчэ адны прэтэндэнты на святыню... Таемныя ордэны, на якія ў Чорнага Доктара даўно алергія. Пакаштаваў іх сусветнай справядлівасці кучу і горбачку.

— Выбачайце, пан, але рамфея недаступная для рук чалавечых, — голасам Лёдніка можна было рэзаць метал.

Госць паківаў спачувальна:

— Вы падумайце добра, спадарства. Не адпрэчвайце працягнутую вам руку. Вас чакаюць вялікія справы на карысць чалавецтва і ягонага прагрэсу.

Калі ахоўнік сышоў, няхітрая начная вячэра працягвалася ў змрочным маўчанні — ці не грэе ўвішны спадар вушы за дзвярыма?

Нарэшце Лёднік звярнуўся да Алеся:

— I каму ж у выніку дасталася б рамфея за акіянам, га, Алесь?

Ледніковіч не адказаў, толькі вочы адвёў...

Перейти на страницу:

Похожие книги