Читаем Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага полностью

Яшчэ спадар вынайшаў, чаму роўны квадрат гіпатэнузы, і патлумачыў людцам пра метэмпсіхоз. Пасля смерці твая душа кудысь пераселіцца — можа, у матылька, а мо і ў слана... У апошняга як у сваё новае ўвасабленне свята верыў ягоная княская мосць Марцін Радзівіл.

Але насамрэч той Піфагор, калі верыць Дыягену Лаэрцкаму, дурыў народ ды грошыкі з легкаверцаў цягнуў. Дыяген апісваў, як прыехаў той у Італію, зрабіў сабе пад зямлёю пакой, куды і схаваўся. А маці сваёй наказаў пра ўсё, што адбываецца, запісваць на таблічках і спускаць у ягонае сховішча. Пасядзеў, паквасіўся пад зямлёй, тады выбраўся наверх, худы, як шкілет, і абвясціў, што вярнуўся з самога Аіда. Ну, людцы старагрэцкія хто паверыў, хто не. А пазасветны вандроўца давай ім апісваць, што за яго адсутнасць тут адбывалася. Маўляў, у выглядзе духа ўсё-ўсенькае пабачыў. Тады прысутныя заплакалі, зарыдалі ды паверылі, што Піфагор насамрэч богападобнае стварэнне. I, як піша Дыяген Лаэрцкі, даверылі яму сваіх жонак дзеля навучання таемным навукам.

Невядома, чаму вучыў кабетаў слухач музыкі сфераў, але тыя бегалі за ім зграяй ды ў вочы мудрыя зазіралі, і празвалі іх піфагарычкамі.

На жаль, бандзе Чорнага Доктара ніхто ў лабірынты Полацкай бібліятэкі таблічкі з летапісам падзей не адпраўляў... Таму ўсе толькі агаломшана спрабавалі зразумець, што тут без іх адбылося.

Бо першае, што пабачылі, калі выскачылі ў знаёмы ход з квадратнымі плітамі, — руку.

Ляжала, нібы адарваная нейкім волатам, у крывавай лужыне на адной з выпрабавальных плітаў падлогі.

Належала яна немаладому вою... Шабля паблісквала тут жа. Простая аўгустоўка, але са старанна завостраным лязом. Наводдаль валяўся разбіты ліхтар.

I ціша. Злавесная ціша. Гуд пад нагамі сціх. І не чуваць было нічога з тае буры, што ўчыніў доктар. Ці таму, што каменныя дзверы надта шчыльныя, ці, хутчэй, таму, што ўсё, што магло абрушыцца, абрушылася.

Практычная Меланхолія падабрала ліхтар, у якім жаўцела недагарэлая свечка з два пальцы, і хутка стала ўдвая святлей. А доктар, прадказальна, застыў над адарванай канечнасцю.

— Трэба спусціцца ўніз.

Ну, калі Баўтрамей Лёднік штось пастанавіў, яго можна было прыстрэліць, але не адгаварыць. Пранціш уздыхнуў і патупаў на крайнюю злева пліту... Хоць і не ў ягоным ужо ўзросце зайцам скакаць.

Падазрэнні доктара спраўдзіліся. Знізу разам з ім падняўся труп без рукі. Небарака быў апрануты ў колеры полацкага ваяводы, а значыць, з’яўляўся ягоным жаўнерам.

Так што Алесю і Паланэйцы пашанцавала, што засталіся цэлыя...

Бутрым закрыў нябожчыку ашклянелыя вочы, перахрысціўся і выпрастаўся.

— Што ж, прынамсі, нашы пераследнікі зразумелі, што блукаць па гэтых сутарэннях небяспечна. Мусіць, таму не чуем брэху сабак... Але гэта не значыць, што нас дзесь не перастрэнуць.

Па скляпеннях варушыліся цені — куды большыя i пагрознейшыя за тых, хто іх адкідваў.

— Калісьці мы апынуліся ў тым жа становішчы, вы з Саламеяй тады застацца тут, у пацучыным каралеўстве, думалі... А я, як і тады, паўтару: пакуль жывыя, ёсць надзея і трэба змагацца, — Пранціш распрастаў плечы — яны цяпер сталі шырэй і магутней, чым у таго дзёрзкага шкаляра, якім ён быў. — Вядзі да выхада, доктар.

Але, перад тым як яны адправіліся ў невядомасць і, магчыма, вечнасць, Алесь Ледніковіч бухнуўся ў ногі бацьку:

— Прабач... Калі можаш... Ты зноў выявіўся разумнейшым за мяне... Мне такой веры, як у цябе і пані Галены, відаць, не дадзена...

Дайшло. Высокі вырас, доўга разумная думка да мазгаўні дабіралася.

А Бутрым што? Прабачыў, зразумела. Меланхолія таксама пасынка амаль што па галоўцы пагладзіла... Але Вырвіч быў пэўны: гэтая кабета полацкага Фаўста ў крыўду не дасць нават ягоным дзеткам.

А Гервасій Агалінскі, абдымаючы ўласнае шкадлівае ды звяглівае золатка, адно шумліва наракаў, што біклажка засталася па той бок сцяны разам з каптанам, бо і Амерыканцу давялося шчаміцца праз завалены лаз, хоць тады яшчэ не настолькі, на яго шчасце. Бо Гервасій у параўнанні з Вырвічам — як бык у параўнанні з цяляткам, каб трохі прамарудзіў — засеў бы грунтоўна.

Дарэчы, адсутнасць верхняй вопраткі дужа хутка адчулася. Аж зубы пачалі лявоніху скакаць. Праўда, калі зноў пайшлі завалы, маршалак менскі хоцькі-няхоцькі сагрэўся, аж змакрэў. Не, слова шляхціца: як дабярэцца да Капанічаў, адразу пачне трэнінгі!

А доктар зноў выбрыкнуў... Калі прабіраліся з дыхтоўнай часткі сутарэння ў вузкі лаз у кірунку Сафійскага сабора, заявіў:

— Трэба было б гэты ход закрыць. Бо пачнуць лазіць — загінуць...

Меланхолія тут жа акінула вокам нетрывалыя сцены.

— Калі скарыстаць порах, які ў нас застаўся, можна прыстойна зводы абрушыць.

Пашлі дурное, за ім другое... Алесь далучыўся да абмеркаванняў — відаць, жадаў выправіць віну... Хуценька паказаў, куды закласці выбуховае рэчыва, як скарыстаць расколіны... Пораху было няшмат — высыпалі ўсё, што мелася ў ладунцы ў Багінскай, хоць яна і лаялася, як гандлярка на Нізкім рынку. Меланхолія была забрала зброю ў загінулага ваяводскага жаўнера... Карацей, здабылі, каб хапіла, калі добра разлічыць...

Перейти на страницу:

Похожие книги