За спінай зноў ірванула... Дзякуй богу, на галовы нічога не пасыпалася — Ледніковіч сваю справу ведаў дый Меланхолія любую знішчальную справу магла выканаць дасканала.
Багінская аддыхалася, вытрасла з валасоў друз і абвяла позіркам пашкамутаную кампанію:
— Ведаеце, калі мы набылі дом у горадзе, аднойчы Гервасій прыйшоў дадому босы. Ну я ўзялася. Трэба ж так нажлукціцца, каб новыя боты спляжыць! А ён расказвае: ішоў, уграз у лужыне так, што бот там застаўся... Ну і думае: калі лужына высахне, нехта знойдзе адзін бот... Што ён з адным рабіць будзе? Узяў ды кінуў у лужыну і другі. Вось, уласна кажучы, і ўся філасофія вашага жыцця, панства.
Паланэйка нездарма абзывала чальцоў іхняга атрада і ўласнага мужанька дурнямі ды цюхцямі: пасля страты набояў засталіся ж зусім без зброі...
Бо, вядома, іх чакалі. Проста ў падвале сабора, ля пралома ў падлозе.
Варта было вылезці, абтрэсціся...
— Дзе рамфея?
Вельмі хацелася выдаць сябе, як Піфагор, за прыхадняў з таго свету. А што, выгляд адпаведны: кашулі страцілі белы колер і ператварыліся ў лахманы, фізіяноміі ледзь не такія, як у Марлы, Ясючковай сяброўкі, і ад холаду калатун.
Але перад імі былі не захопленыя піфагарычкі, а ваяводская дружына на чале з самім панам Тадэвушам Жабам.
Твар у пана Жабы быў, аднак, не зялёны, а амаль бурачковы ад гневу.
— Мы ж з табой дамаўляліся, доктар... Палезеш па рамфею не папярэдзіўшы — не толькі дом адбяру, скуру злуплю, не пагляджу, што патэнт на шляхецтва маеш. Давай яе сюды!
— Мне пан таксама будзе скуру лупіць? — выпнулася наперад Паланэя Багінская, чый выгляд быў самы самавіты ў кампаніі — каптанчык хоць і выпацканы, але ў наяўнасці, і нават капялюшык умудрылася не згубіць. — Пан хоць ведае, хто я такая? Мой пан брат, вялікі гетман Міхал Казімір Багінскі, ад вашае мосці адну жабіную скурку пакіне! Я — Паланэя Даратэя Альдона Багінская-Агалінская! Пан з Багінскімі вырашыў вадзіцца? Мае пані сёстры таксама не будуць надта задаволеныя абразай нашага роду!
Ваявода трохі адступіў і пачціва пакланіўся — абражаць магнацкі род сабе даражэй... Жабы Багінскім не роўня. А з другога боку — жонка пераймае становішча мужа, так што Паланэя Даратэя Альдона і як там яе яшчэ болей не княжна, а проста пані Агалінская. Дый не асабліва згадваў гетман Багінскі пра сваю збеглую сястру, наўрад ці яна мае на яго ўплыў са сваім меней радавітым мужаньком — князь жа, здаецца, ёй ні шэлега пасагу не вылучыў. I сёстры, хто за кашталянам, хто за падканцлерам, наўрад ці ганарацца такім сваяцтвам.
— Перапрашаю вашую мосць, ні ў якім разе не хачу выказаць непавагу да вялікага гетмана і ягонай сям’і. Аднак, згодна з даручэннем ягонай мосці генерал-губернатара Пятра Пасека, мушу прасачыць за лёсам знойдзенай вамі святыні. Спадзяюся, вы не хочаце выказаць непавагу да імператрыцы, якую прадстаўляе генерал-губернатар і з якой узгадняе свае дзеянні польскі кароль?
Паланэйка гатовая была выказаць непавагу ў самай даходлівай форме...
— Ваша мосць, мы не вынеслі з сутарэнняў ніякай святыні, слова шляхціца! — цвёрда заявіў маршалак менскі. — Здарылася страшнае няшчасце — сутарэнні абрушыліся...
Дакладна такімі ж словамі яны тлумачыліся шмат гадоў таму...
— Дык і праўда ж, цэлы пагорак з дрэвамі каля лазні праваліўся... Яміна там цяпер здаровая... Людзі пералякаліся... — заспяшаўся вірлавокі бамбіза паведаміць пану Тадэвушу. — Мусіць, і праўда там падземны ход засыпала...
Жаба падкруціў вусы, бы які-небудзь італійскі акцёр, які рыхтуецца сыграць куртуазную сцэну.
— Абрушыўся ці не абрушыўся — няхай аддаюць, што вынеслі. Гэтая зямля і ўсё, што ў ёй, належыць гасударыні.
Пад пазелянелымі цаглянымі зводамі не верылася, што недзе вясна i празрыстае ад прадчування квецені паветра.
— Рамфея засталася ў полацкай зямлі! — цвёрда заявіў Лёднік. — Мы ўсе гатовыя ў гэтым прысягнуць. I вынесці яе адтуль больш не ў сілах чалавечых.
Пан Тадэвуш Жаба раздзьмуў ноздры тонкага носа і абвёў набрынялымі крывёй вачыма кампанію падземных прыгоднікаў. Загадаць таўчы ды катаваць, аднак, не насмеліўся... Але быў у яго падрыхтаваны і інакшы спосаб. На знак ваяводы ў сутарэнне прывалаклі яшчэ дваіх...
— Ну што, доктар, мо падумаеш лепей?
Лёднік пераводзіў пагляд з Сафійкі, збляднелай i няшчаснай, на Каруся, звязанага, як паляндвіца, павешаная гаспадаром на гарышчы, і прыгнечана маўчаў.
— Тата, прабач... У Караблі ганчар з Полацкага кірмашу вярнуўся, сказаў, дом наш забралі і вернуць табе, толькі калі я аб’яўлюся... — замармытала Сафійка.
Ну так, пан Пшчолка тады такі гармідар узняў, што цікаўнікаў, як мурашоў на разлітае сочыва, спаўзлося.
Інжынер Белай фартэцыі закруціўся на падлозе, адчайна замычаў нешта ў кляп...
— Карусь не пускаў мяне... Я сама ўцякла... А ён — за мной...
Ваяводу надакучыла сямейная сцэна.
— Ну што, доктар, хочаш вярнуць назад сваю дачку і ейнага кавалера — аддай рамфею, і ідзіце ўсе куды хочаце.
Наперад ступіў Алесь. Нос дзюбаты задзёр, у голас марозу дадаў: