Калі мы ішлі сюды празь цёмны і цесны пераход, я крыху адстаў ад групы і мімаволі затрымаўся каля адной зь нішаў. Высьветлілася, што адстаў ня толькі я. Уціснуўшыся плячыма ў камяні, у нішы стаяла знаёмая мне жанчына ў белай сукенцы. Чорны заплечнік яна трымала ў руках — а перад ёй тырчаў знаёмы мне бляндынчык. Ніша была досыць вузкая, і бляндынчык загароджваў жанчыне ў белай сукенцы праход.
«А если подумать? — пачуў я ягоны бадзёры голас. — А если хорошо подумать? А, Почемучечка?»
Жанчына ў белай сукенцы заўважыла мяне — я адвярнуўся і кінуўся даганяць экскурсантаў. Як мужчына му.
Цяпер мы ўсе стаялі вакол стала ў позах рэвалюцыйных матросаў і тупа глядзелі на чырванашчокую Любу. Хамы, якія ўпіваліся сваёй уладай. Уражаньняў нам ужо хапіла — але гэта была толькі палова экскурсіі.
Мы ішлі згодна са стрэлкамі — жаночымі пальцамі, раздрукаванымі на прынтэры, паўсюдна разьвешанымі на белых сьценах. «Працяг экспазыцыі» — чыталі мы ўголас, чамусьці нам вельмі падабалася чуць свае галасы ў такой сур’ёзнай абстаноўцы. Мы пабачылі пакоі, дзе ўладары замка спалі і кахаліся, мяшаючы ў правільных прапорцыях дынастычную кроў — на дзіва маленькія, амаль дзіцячыя ложкі зь неверагоднымі балдахінамі. Мы пабачылі пакоі, дзе яны елі — цяпер у іхны посуд за люстранымі загародкамі было налітае толькі сонца, пасыпанае пылам. Калі б мне прапанавалі выпіць з такога, я б адчуў гідлівасьць. Мы пабачылі пакоі, дзе яны чыталі — цяжкія кнігі ў вокладках з чалавечай скуры. Мы пабачылі пакоі, дзе яны музыцыравалі: паркет маўчаў, ён быў зусім новы, ён пахаваў пад сабой усе жывыя гукі, а новых пакуль не нарасло. Мы пабачылі галерэі і паглядзелі па чарзе ў байніцы, мы наступалі адно аднаму на ногі і адхіналіся ад чужых ног на вузкіх пакручастых лесьвіцах. Мы пачулі колькасныя лічэбнікі, якія не застануцца ў памяці, і гады жыцьця, якія нічога нам не сказалі. Мы паслухалі гісторыю пра тутэйшы прывід — маладую сялянку, якую некалі спаліў, прывязаўшы да дрэва, мясцовы фэадал, і цяпер кожная ноч, якая апускаецца на замак — гэта яе тая самая ноч, якая паўтараецца ўжо трыста гадоў. Расказваючы пра гэта, Люба старалася ўкласьці ў свой голас як мага больш рамантыкі, а я думаў пра тое, што кожны мужчына, які чуе гэта, уяўляе сябе на месцы фэадала, а кожная жанчына — на месцы той сялянкі, і інакш ніколі не было і ня будзе. Мы гвалцім і аддаемся гвалту нават тады, калі ня маем да гэтага ні волі, ні ахвоты. Сялянку звалі Ганна, здань таксама — «Однофамилицы», гучна сказаў бляндынчык, і ўсе засьмяяліся, і я разам з усімі.
«А зараз мы пройдзем уніз, — усьміхнуўшыся, сказала мне Люба, і ўсе пакорліва ўздыхнулі. — Сходы, якія мы бачым за гэтымі дзьвярыма, вядуць у пакой аканома, а адтуль — да памяшканьняў, дзе захоўваліся замкавыя прыпасы…»
«Не, — сказала раптам жанчына ў белай, занадта белай сукенцы. — Не, Люба, мы туды ня пойдзем».
«Як гэта ня пойдзем? — зьдзіўлена ўскінула бровы Люба. — Вы павінны. Экскурсія яшчэ не…»
«І ніхто туды ня пойдзе, — прамовіла жанчына ў белай сукенцы строга і стомлена. — Ніхто. Усе застануцца тут, Люба, і будуць уважліва слухаць, што ім скажуць. Дзякуй вам за цікавую экскурсію».
Чорнага заплечніка на гэтай нахабнай, занадта нахабнай жанчыне відаць ужо не было. Затое ў руках зьявілася нешта, падобнае да зброі. Чорнай і недвухсэнсоўнай зброі. Такую я трымаў у руках апошні раз на вайсковых зборах ва ўнівэрсытэце.
«Что это у вас, девушка, за фаллическій символ в руках? — засьмяяўся нехта з мужчын. — Дайте-ка мне…» Ён зрабіў два хуткія крокі і тут жа спалохана адступіў назад. Фалічны Сымбаль у руках жанчыны ў белым нарабіў столькі шуму, што Люба заплакала, а ў Жанчыны ў Зялёным пачалася гістэрыка. Аўстрыяк зьбялеў, а Кунцэ ўхвальна засьмяяўся. «Приключэние!» — падняў ён угару вялікі палец. Жанчыну ў Зялёным пасадзілі за стол, Любу пагладзілі па галаве, але яна заплакала яшчэ гучней.
Гэта і праўда быў стрэл. У тынкаванай сьцяне цямнела дзірка зь няроўнымі, быццам намаляванымі краямі, а ў паветры запахла вясёлай сьмерцю.
Аглушаны, я стаяў і глядзеў на жанчыну ў белым. На вялікае акно, на сонечны прамень, які ў той самы момант, калі я зірнуў на яго, распаўся на некалькі вясёлкавых зьмеек. На непрыгожую маладзіцу з нашай групы, якая адышла да адных дзьвярэй, і на іншую, хударлявую, якая стала каля сходаў, што вялі ў пакой аканома. У іхных руках таксама былі яны — Фалічныя Сымбалі. На кітайца, які расшпіліў пінжак і аказаўся пласкагрудай дзяўчынай зь невялікім пісталетам у руках. На тоўстую дзеўку з вачыма, як у старога «Масквіча», якая дастала свой Фалічны Сымбаль і падышла да акна, памахаўшы камусьці рукой.
«Што будзем рабіць з гэтымі, Босая?» — запыталася ў жанчыны ў белым непрыгожая маладзіца.
«Зачыніце іх пакуль што тут», — сказала Босая, прысела перад Любай на кукішкі і пагладзіла яе па шчацэ.
«Усё будзе добра, — сказала Босая задуменна. — Магчыма. А можа, і не. Гэй, Аленькі Цьвяточак, прасачы, каб усё было ў парадку. І зьбяры ў іх тэлефоны, а то зараз званіць кінуцца. І фотаапараты хай здадуць, а то я іх ведаю…»