Читаем Белая муха, забойца мужчын полностью

Карэспандэнтка больш не паказвалася, але наведнікаў хапала. Усім хацелася пабачыць велічны старажытны Замак, які атрымаў новае жыцьцё. Але як дырэктарка Галіна Вітольдаўна Бабец была ня надта гэтым задаволеная. Ёй патрэбныя былі не галадранцы нейкія, хай бы і са сталіцы, а сапраўдныя замежныя турысты. Менавіта іх чакала рэстарацыя «Пан або прапаў», крама сувэніраў, менавіта па іх душу стаяў сумны фатограф каля разьвешаных у фае старасьвецкіх строяў, менавіта ім быў адведзены пакой для віпаў у левым крыле, які можна было зьняць на суткі за суму, эквівалентную гадавому заробку Галіны Вітольдаўны.

Але людзі з далёкіх замежжаў ня надта рваліся ў Замак. А тыя, што прыяжджалі — толькі хмурыліся, пілі чамусьці адну ваду і елі прывезеныя са сталіцы бутэрброды. І гэта — іншаземцы?..

Галадранцы адны. І там, і тут.

Пан прападаў, параваркі стаялі халодныя, як сьпісаныя паравозы ў дэпо, блішчалі непрыстойна яркія і пукатыя, як прадукцыя інтым-шопу, сувэніры, сумны фатограф нядаўна звольніўся, а ў пакоі для віпаў кожны дзень мянялі некранутыя прасьціны, быццам тут начаваў прывід…

Трэба было нешта рабіць.

Дзьверы ў дырэктарскі кабінэт раптам паволі адчыніліся і замерлі, быццам прапускаючы кагосьці наперад. Галіна Вітольдаўна ўздрыгнула і падняла падведзеныя сінім вочы. Ніякіх гасьцей яна сёньня не чакала. Дый не маглі яны завітаць вось так зьнянацку. Яна пачула б спачатку крокі на лесьвіцы, яна заўжды іх чула. Але да гэтага моманту ў вежы было ціха — толькі з двара даносіўся дзявочы віск экскурсаводак.

І вось — гэты скрып.

Дырэктарка паднялася, падышла да дзьвярэй, вызірнула ў вузкі калідор. Нікога. Яна зачыніла дзьверы і падышла да акна. Яшчэ адзін аўтобус пад’ехаў. Выходзяць… Цікаўныя, азіраюцца, глядзяць, мружачыся, на муры, на вежу, на браму… Глядзяць — а яе, Галіну Вітольдаўну, ня бачаць. Так і мусіць быць. Улада павінна заставацца магутнай і непрыкметнай. Галіна Вітольдаўна Бабец была тут у Замку вышэйшая за ўсіх. Адзіныя, хто быў упоравень зь ёю — гэта хмара, што насунулася на Замак з раніцы, ды лянівае сонца. Хмара і сонца. І мужныя ваяры, прыгожыя вобразы якіх жылі тут паўсюль. Галіна Вітольдаўна верна служыла ім і дзяржаве. Разам яны былі сілай. Галіна Вітольдаўна Бабец, князі Якуцкія і дзяржаўныя мужы, уладары цяперашняй Краіны Замкаў. Усе разам яны і ёсьць — Гісторыя.

Крак. Крак. Крак.

А вось цяпер па калідоры дакладна нехта ішоў.

Нясьпешна, нібы навобмацак, нібы выбіраючы месца для кожнага наступнага кроку. Як варона каркае. Гэта было ўжо ня першы раз. А лесьвіца ўнізе чамусьці маўчала. Дырэктарка прыслухалася. Крокі былі нягучныя, але выразна чуліся зусім блізка, за сьцяной кабінэту. Што за халера?

…Пакручастая лесьвіца, што вяла ўгару па вузкім нутры каменнай вежы, была таксама вялікім плюсам — Галіна Вітольдаўна спадзявалася, што старыя супрацоўніцы ня будуць злоўжываць візытамі ў дырэктарскі кабінэт. Але калектыў ёй трапіўся на дзіва малады. Адны незамужнія, чырванашчокія дзеўкі, якія зь любой нагоды ўзьляталі па крывых прыступках, як быццам гнаўся хто. «Галіна Вітольдаўна, Галіна Вітольдаўна!» Крычалі так, быццам іх рэжуць жыўцом. Ніякай пачцівасьці да гістарычнай памяці. Яна хутка навяла тут парадак, патлумачыла, што гэта за месца працы, якая адказнасьць на іх ляжыць. Прыціхлі, перасталі швэндацца дзе папала. Ня дзеўкі, а нейкія скразьнякі ў спадніцах… І тут дзьверы ў яе кабінэт зноў павольна і неяк шматзначна адчыніліся. Галіна Вітольдаўна бачыла ў пройме сьцяну калідору, асьветленую праціснутым скрозь вузкія вокны сонцам — а на сьцяне дрыжэў дзіўны трохкутны цень. Быццам жаночая постаць прытаілася збоку і чакае, калі яе запросяць увайсьці. Галіна Вітольдаўна адставіла ўбок кубак з гарбатай, рашуча падышла да дзьвярэй і грымнула імі з усяе моцы.

«Якаўлевіч, — набрала яна нумар заўхоза. — Зайдзіце да мяне, як зможаце, ручка ў дзьвярах боўтаецца. І праверце там заадно, чым занятыя нашы пцічкі».

Галіна Вітольдаўна Бабец не любіла жанчын. Галіна Вітольдаўна Бабец любіла людзей.

Жанчыны выклікалі ў ёй пачуцьцё пратэсту. Асабліва маладыя. Было ў іх нешта такое… Ну вот как вам сказаць. Такое хітрае і двухсэнсоўнае. Яны нават выглядалі ўсе неяк няправільна. Ну што гэта такое, на самам дзеле: усе гэтыя цыцкі, губкі, лыткі, завушніцы, усьмешачкі… Навошта гэта ўсё? Хто гэта прыдумаў? Вось, напрыклад, гэтая новенькая, Люба. У першы ж дзень падышла: «Галіна Вітольдаўна, а я веру, што ў нашым Замку жыве гэты прывід!» — і вочы, як у дзіцяці.

«Што? У што ты верыш, дзіця маё?»

«Што прывід нашай Ганны, той, якую спалілі — сапраўды існуе!»

«Добра, што мы ня плацім ёй зарплату, — змрочна адказала тады дырэктарка. — Дый за што плаціць? Дзе вынікі? Дармаедка твая Ганна. Ідзі, працуй, і паменей разгавораў! Помні, што мысьль — матэрыяльна!»

Жанчыны зусім не пасавалі Замку — гэта было мужчынскае месца, і мужчыны даверылі Галіне Вітольдаўне захаваць яго такім. І Галіна Вітольдаўна не магла ня выканаць мужчынскага загаду.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Оптимистка (ЛП)
Оптимистка (ЛП)

Секреты. Они есть у каждого. Большие и маленькие. Иногда раскрытие секретов исцеляет, А иногда губит. Жизнь Кейт Седжвик никак нельзя назвать обычной. Она пережила тяжелые испытания и трагедию, но не смотря на это сохранила веселость и жизнерадостность. (Вот почему лучший друг Гас называет ее Оптимисткой). Кейт - волевая, забавная, умная и музыкально одаренная девушка. Она никогда не верила в любовь. Поэтому, когда Кейт покидает Сан Диего для учебы в колледже, в маленьком городке Грант в Миннесоте, меньше всего она ожидает влюбиться в Келлера Бэнкса. Их тянет друг к другу. Но у обоих есть причины сопротивляться этому. У обоих есть секреты. Иногда раскрытие секретов исцеляет, А иногда губит.

Ким Холден , КНИГОЗАВИСИМЫЕ Группа , Холден Ким

Современные любовные романы / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Современная проза / Романы