Пра тое, што Галіна Вітольдаўна і сама належыць да касты непаўнавартасных, яна старалася ня думаць. Гэта была чыстая выпадковасьць. Галіна Вітольдаўна была не такая. Галіна Вітольдаўна шанавала мужчын. Тых, што кіравалі тут трыста гадоў таму, і тых, хто кіраваў цяпер. Галіна Вітольдаўна любіла, калі на яе крычалі мужчыны. І яны крычалі: мацюгаліся, камандавалі, гразіліся, грукалі кулаком па стале. І тады Галіну Вітольдаўну апаноўваў такі жар, быццам яе прывязалі і яна ня можа паварушыцца, прывязалі й паднесьлі да самага нізу жывата расплаўленае жалеза…
Галіна Вітольдаўна апусьціла галаву і сьцішана зараўла.
І тады праклятыя дзьверы адчыніліся трэці раз.
«Якаўлевіч, ручку паглядзі, разбаўталася», — прамовіла дырэктарка, не падымаючы галавы.
«Галіна Вітольдаўна? — спытаў незнаёмы, стомлены жаночы голас, які не абяцаў нічога прыемнага. — Памагай бог, добры дзень».
Дырэктарка рэзка падняла галаву. У пакой увайшлі адразу дзьве даволі маладыя жанчыны, адна невысокая, у белай сукні, з твару — скончаная мярзотніца, а разам зь ёй — худая і даўгалыгая, як сьмерць, якая адразу пачала шныраць вачыма па кабінэце.
«Так, вы хто такія? Журналісткі? Чаму без папярэджаньня?»
Жанчына ў белай сукенцы ўсьміхнулася: «Не, мы не журналісткі, Галіна Вітольдаўна. Мы, хутчэй… Скажам так, маладыя мастачкі…»
«Ага. Рэстаўра-а-атаркі…», — прашыпела злавесна хударлявая.
«Адкуль вы ведаеце, як мяне завуць?» — падазрона спытала Галіна Вітольдаўна, намацаўшы рукой цяжкі шкляны замак на стале.
«На дзьвярах напісана», — суха адказала тая, што ў белай сукенцы. Яе вочы, вялікія, як у мухі, глядзелі проста на дырэктарку, быццам Галіна Вітольдаўна была звычайным крэслам. Пустым крэслам пад партрэтам вусатага мужчыны.
«А Якаўлевіч — гэта, відаць, той мужычок з інструмэнтам, — прамовіла худая. — Ён яшчэ і пісталетам махаў, дурань, страляць зьбіраўся».
«Напэўна, ён любіць мёртвых жанчын. Вось жа ізврашчэнец, — кіўнула тая, што ў белым, і зноў павярнулася да дырэктаркі. — Якаўлевіч прасіў перадаць, што затрымаецца. Дні на тры», — дадала яна зьедліва.
«Чаго-чаго? — нахмурылася Галіна Вітольдаўна, набіраючы нумар Якаўлевіча. — Якія яшчэ тры дні?»
«Якія яны будуць, залежыць толькі ад нас з вамі», — уздыхнула дзеўка ў белым і падміргнула сваёй прыяцельцы.
Якаўлевіч чамусьці не адказваў, і гэта было вельмі, вельмі падазрона.
«Так, што вам тут трэба, спадарыні? Я занятая,» — гістэрычна выгукнула Галіна Вітольдаўна, адчуваючы, як расьце ўнутры млосьць. Дзьве дзеўкі, маладыя, здаровыя, стаяць так блізка, што яна адчувае іх подых, адчувае, як пахнуць іх па-летняму адкрытыя целы.
«Мы праводзім у вас, хм… — задумалася тая, што ў белым. — Скажам так, мастацкую акцыю. Тры дні пажывем тут у вас, а потым паглядзім».
«Што значыць пажывем? — паднялася, бліснуўшы сінявою, з-за стала Галіна Вітольдаўна, схапіўшы шкляны замак і сьціснуўшы яго ў руцэ. — Папрашу вас, дзевушкі, пакінуць мой…»
«Джэк Патрашыцель, расстаў, калі ласка, усе кропкі над і, — ласкава зьвярнулася жанчына ў белай, занадта белай сукенцы да сваёй таварышкі. — Займіся пунктуацыяй, дарагая. Ты гэта любіш».
У руках хударлявай зьявіўся доўгі, памерам зь яе руку, чорны прадмет, у якім Галіна Вітольдаўна не адразу пазнала самую звычайную мужчынскую зброю. Такую, як у кіно пра вайну.
«Уберите это! — перайшла яна зь перапуду на другую дзяржаўную мову. — Уберите ваши штучки!»
Жанчына ў белай сукенцы дзелавіта закрыла вушы, зморшчылася, і зброя ў руках Джэка Патрашыцеля загаварыла.
Татататата. Мамамама. Яяяяя.
Умомант па ўсім кабінэце Галіны Вітольдаўны былі расстаўленыя чорныя кропкі — выразна артыкулюючы ўсе гукі, зброя тлумачыла, што працоўны дзень у Замку на сёньня скончаны. Паляцеў на падлогу прабіты ў некалькіх месцах партрэт галоўнага дзяржаўнага мужа, разьляцеўся на дробныя аскепкі кубак з гарбатай, пакрыліся высыпкай, як ад скураной хваробы, белыя сьцены, і нават шкляны замак у руцэ Галіны Вітольдаўны ў нейкае імгненьне рассыпаўся на прыгожыя шкельцы. Галіна Вітольдаўна ўзвыла і памерла. А калі ўваскрэсла, дзьве мярзотныя маладзіцы стаялі каля яе і ветліва крычалі проста ў твар, курчачы страшныя пысы: «Вы ня ведаеце часам, дзе ключы? Ключы ад ніжніх памяшканьняў? Мы нідзе ня можам знайсьці! Галіна Вітольдаўна! Галіна Вітольдаўна! Спадарыня дырэктар! З вамі ўсё нармальна? У вас тут такі парадак! І замак — абалдзець проста! Вы ж любіце мастацтва? Праўда? Нам толькі ключы! А патом чайку вып’ем!»
Дырэктарка нейкім цудам узяла сябе ў рукі, заплюшчыла вочы і кіўнула.
«Ну вось і добра, — дзеўкі адразу ж скончылі гэтую псыхічную атаку і засьмяяліся адна адной. — Давайце іх сюды!»
На імгненьне стала ціха.
«Яны ня тут, гэта ў іншым кабінэце, — сказала зь дзіўнай палёгкай Галіна Вітольдаўна. На яе яшчэ ніколі так не крычалі жанчыны. — Я аддам, аддам, я ўсё аддам…»
Яна павяла іх па цёмным пустым калідоры да сходаў.
«Босая, а калі яна хлусіць? — спытала напаўголасу хударлявая ў той, што ў белым. — А калі ў яе няма ніякіх ключоў?»