Папіўшы абяцанай кавы і пад’еўшы канапак з замкавых прыпасаў, мужчынская палова нашай групы адразу ж пачала снаваць пляны вызваленьня. Жаночая частка пазірала на нас з надзеяй, якая вельмі хутка саступіла месца расчараваньню, і гэтае жаночае расчараваньне дратавала нас яшчэ мацней за нечаканы палон. Чалавек у акулярах прапанаваў абвясьціць галадоўку — і тады, патлумачыў ён, ніякае жаночае сэрца ня вытрымае: калі тэрарысткі пабачаць натоўп згаладнелых мужыкоў, яны пераменяць мячы на апалонікі і накормяць нас баршчом, а калі баба гатуе боршч, яна імгненна ўспамінае сваё месца. «На каленях прыпаўзуць», — упэўнена казаў ён, і ў вачах ягоных былі толькі белыя калготкі, з чорнымі плямамі на каленях ад гэтага пакорлівага поўзаньня па падлозе, прывіды белых калготак, якія так пужаюць і так вабяць нас усё нашае жыцьцё.
Ніхто не паставіўся сур’ёзна да апэрацыі «Боршч», нават чалавек са значком. Той вырашыў, што разумней за ўсё будзе абмяняць нас на палітвязьняў.
«Какие ещё политвязни? — грымнуў кулаком па стале адстаўнік. — Хватит пиздеть. Я знаю, что делать».
«Дак скажите нам, батя!» — кінуўся да яго муж ціхмянай жанчыны.
«Подумать надо, — глуха сказаў адстаўнік. — Так быстро дела не делаются. Тут главное, чтобы без жертв. Чтоб не пострадали дети, старики и женщины. Это в нашей работе главное».
Ніякіх дзяцей сярод нас, на шчасьце, не было. Дзеці бегалі ўнізе, па замкавым двары, і з нашай прасторнай залі было чуваць, як яны прыдумляюць сабе гульні: дзяўчаткі гулялі ў клясыкі проста на бруку, і вось ужо адна падвярнула сабе нагу, і на ўвесь двор чуўся пранізьлівы крык.
«Сердце кровью обливается, — сказала Жанчына ў Зялёным. — Пусть бы лучше нас мучали, но детей-то зачем?»
Хлопчыкі ўнізе гойсалі вакол вартавой. Ці дала яна ім дакрануцца да Фалічнага Сымбаля? Да таго, што марыць мець кожны хлопчык — каб забіваць ворагаў, прыдуманых для яго дарослымі.
Бляндынчык, які чапляўся да Босай, адчуваў сябе самым абазнаным ва ўсім, што тычыцца тэрарыстак — як-ніяк, ён быў знаёмы з галоўнай бандыткай лепш за ўсіх, гаварыў зь ёй, дакранаўся і — мы ўсе яму чамусьці паверылі — ведаў жаночую псыхалёгію. Плян бляндынчыка быў наступны: ён паспрабуе спакусіць Аленькага Цьвяточка. «Это нетрудно, — пераконваў ён, пагардліва крывячыся. — Пусть только зайдет». Быццам пачуўшы, Аленькі Цьвяточак увайшла ў пакой і абвясьціла, што мы можам па адным схадзіць у прыбіральню, што была проста за дзьвярыма.
«Всё продумали, — прабурчаў адстаўнік. — План, я смотрю, не здесь разработан. Бабы сами не додумались бы…»
«Я первый, если вы не против», — бляндынчык, ухмыляючыся, нясьпешна выйшаў. А вярнуўшыся, абвясьціў, што ўсе яны лесьбіянкі ванючыя. Асабліва Босая.
«Я б ее научил искусству любви, — сказаў ён, разглядваючы сваё адлюстраваньне ў шкляным кубе, у сярэдзіне якога ляжалі кнігі. — Бля буду, я ее научу!»
І ў вачах ягоных зьявіліся сьлёзы.
Немцу, здавалася, усё гэта прыносіла неверагоднае задавальненьне. «Пиф-паф, — паўтараў ён раз-пораз са сьмехам, наставіўшы на нас палец. — Эти девушки нас всех пиф-паф! Эй, Шпэцль, ты будешь первый. И никто не узнайт, где могилька твоя… Я напишу твоей женщине в Грац. Даю слово».
Закаціўшы вочы і пагойдваючыся, Шпэцль сядзеў у куце на крэсьле. Ад яго ўжо даўно не было чуваць ані слова.
«Это и ест твой плян, гер Шпэцль? — весяліўся Кунцэ. — Сидит бичок, качается. Пока настоящие мужчины думать про спасенье. Австрия никогда не умел воевать!»
І Кунцэ паказаў нам на адсутную, безуважную постаць Шпэцля і зарагатаў.
Надышла і мая чарга наведаць прыбіральню. Я ішоў апошні. Аленькі Цьвяточак засталася на калідоры, паглядзеўшы на мяне безь ніякай цікаўнасьці. Фалічны Сымбаль цьмяна пабліскваў у руках гэтай жанчыны зь цяжкімі сківіцамі і вялікімі вушамі. Я чамусьці кіўнуў ёй і зайшоў. Уцячы з прыбіральні не было ніякай магчымасьці — там не было ні вокнаў, ні іншых дзьвярэй. Проста маленькі пакойчык, туалет для пэрсаналу. Калі за мной зачыніліся дзьверы, я адчуў сябе замураваным у замкавай сьцяне. Я дастаў цыгарэту і закурыў. Дзіўна: нешта мне замінала курыць там, у вялікай залі з масіўным сталом, дзе некалі, напэўна, ляжалі дарагія парцалянавыя люлькі і попельніцы на паўсотні курцоў.
«Аленькі Цьвяточак, — паклікаў я скрозь дзьверы. — Раскажы хоць, чаго вам трэба. Чаго вы патрабуеце? Дзеля чаго гэта ўсё?»
За дзьвярыма маўчалі.
«Вас жа возьмуць, яшчэ сёньня ўначы, — сказаў я з усёй упэўненасьцю, на якую быў здольны.
Маўчаньне.