Стары «Масквіч» з праломленым лысым чэрапам стаяў там, дзе заўсёды. На раскіданым сене ляжаў труп чалавека ў аранжавай куртцы. Куртка і цяпер была на ім, набрынялая густой чорнай крывёй. Там, дзе звычайна стаяла карова, валялася ніцма цела Жуцінай даяркі, у якой замест твару было суцэльнае сіне-чырвонае месіва (яна была адзіная, хто ацалеў; на яе Жута напала першая). У куце, на шэрых пакрышках, распласталася нежывая постаць гаспадарова пляменьніка — штаны ягоныя былі спушчаныя да каленяў, а сьвіны халадзец вываліўся з галавы. У вачах пляменьніка застыла любоў — такая, якая бывае ў людзей, калі ў іх ёсьць ва ўласнасьці дзірка, у якую можна засунуць усё, ад сваіх трывогаў да сваіх трыхаманадаў.
Па вельмі доўгай вуліцы, якая невядома куды прывяла б, калі па ёй прайсьці да самага канца, ішла карова Жута. Хто яе так назваў? Цяжка сказаць. Толькі менавіта гэтае слова, выпаленае паяльнай лямпай, можна было прачытаць у яе на белым баку. А другі бок у яе быў зялёны, бо іншай фарбы не знайшлося, а ног было ўсяго тры. А вакол каровы віліся чорныя авадні, як злавесныя німбы, і карова Жута не магла адагнаць іх, бо хваста ў каровы Жуты таксама не было, толькі шэры абрубак, які сутаргава рухаўся сюды-туды. Карова Жута моўчкі ішла па доўгай вуліцы, абапал якой стаялі, адварочваючыся ад яе, прыватныя дамы і нічые дрэвы. У каровы Жуты зьвісала ззаду белая сьлізь. У каровы Жуты было парванае вымя. Карова Жута пакідала за сабой карычневыя кучы і мёртвых хлопчыкаў. Аднаго, другога, трэцяга. Яны проста не пасьпявалі схавацца, гэтыя дзеці, якія бачылі кароваў толькі па тэлевізары і цяпер траплялі ў пяшчотнае Жуціна вока, выклікаючы ў ёй успаміны. Карова Жута была гарадзкая. У каровы Жуты была дрэнная памяць на катаў. Карова Жута перастала быць проста каровай. Яна была індыйскай багіняй Калі — руйнавальніцай часу, Цемрай і Творцай.
Мабыць, карову Жуту спакойна застрэліў бы якісьці адважны міліцыянт, і гэта было б найлепшым выйсьцем для гэтай дзіўнай істоты. Трохногая карова-забойца зь зялёным бокам і падазроным імем, пазбаўленая цнатлівасьці да шлюбу, ды яшчэ без хваста — такая жывёла магла толькі зганіць маральнае аблічча свайго ахвярнага роду, які спрадвеку клапаціўся пра хатні ачаг людзей і жанчын і захаваньне народных традыцый. Міліцыянт, які выйшаў з машыны і сьмела крочыў насустрач пачвары, ужо ўзьняў пісталет, каб усадзіць гáдзіне кулю проста ў брыдкі пафарбаваны лабэшнік. Так бы і здарылася, калі б не ўмяшаньне аднаго сьвятара, які абвясьціў, што ў карову Жуту ўсяліліся бесы, і таму калі забіць яе, яны проста пераселяцца ў людзей, а дакладней, у жанчын. Бо ў каго яшчэ могуць перасяліцца бесы з ашалелай каровы? Сьвятар вызваўся іх выгнаць, прычым абсалютна бясплатна. Чалавек ён быў паважаны, набліжаны да патрыярха, да таго ж вучоны, загадчык катэдры экзарцызму на філфаку БДУ. І толькі тады, вызваленую ад нячыстай сілы, карову Жуту можна было са спакойным сэрцам спаліць і разьвеяць яе попел над Менскам у імя справядлівай помсты, што насьцігае ўсіх, незалежна ад поглядаў і сацыяльнага статусу — згодна з галоўным законам дэмакратыі.
«Як думаеш, Жуту адпусьцяць? — спытала Босая, гледзячы мне ў вочы. — Толькі кажы праўду».
«Вядома, не, — сказаў я. — Гэта проста хворая карова. Ды і куды яе адпускаць? Спаляць, і канец».
Яна кіўнула, адвярнуўшыся да акна.
«Але чаму менавіта карова? — я адчуў, што яна ня супраць размаўляць далей. — Чаму ня людзі? Хіба ў нас мала несправядліва пакрыўджаных людзей?»
«Аленькі Цьвяточак кажа: бо за людзей ёсьць каму заступіцца, — спыніла мяне Босая. — А за карову? Асабіста ты заступіўся б за карову?»
«Наўрад ці. Сьвет такі, — сказаў я нейкім старэчым, скрыпучым голасам і сам спужаўся яго мярцьвячнасьці. — Спачатку трэба падумаць пра людзей».
«Вось-вось. Сьвет. Але калі б сьвет раптам быў вымушаны цябе паслухаць? Калі б сьвет больш ня мог ухіляцца? Што б ты сказаў яму?»
«Ня ведаю, — прызнаўся я, разглядваючы яе калені. — Але людзі для мяне важнейшыя за кароваў».
«Табе таксама казалі ў школе… — прымружыўшыся, Босая ўважліва зірнула на мяне, і было такое адчуваньне, быццам муха дакранулася да маіх шчокаў сваімі гнюснымі крылцамі. — Што карова ў Індыі — сьвятарная жывёла? Чамусьці яны любяць пра гэта расказваць. Асабліва настаўнікі гісторыі. Такія прыгожыя сівыя мужчыны з чырвонымі паглядамі».
«Ня памятаю», — сумеўся я.
Мы памаўчалі: яна ўсё так жа сядзела на стале, а я стаяў перад ёй, і было ясна, хто тут галоўны. Я зразумеў, што больш ёй не цікавы, і пасьпешліва прамовіў, намагаючыся не згубіць гэты яе дзіўны, беспрычынны давер: «Добра, гэты твой Аленькі Цьвяточак хоча, каб кароўку ніхто ня мучыў… Каб кароўцы далі падохнуць спакойна. Ясна. А ўсё ж: чаго хочаш ты? Таксама ўратаваць кагосьці? Коціка?»