«Не, мяне акурат цікавяць людзі… — сур’ёзна прамовіла яна і стомлена ўзяла са стала свой Фалічны Сымбаль, накіраваўшы яго ў мой бок. — Памерлыя людзі… Пра якіх ніхто ня памятае. Але гэта, ведаеш, не твая справа. Добра, ідзі. Ніхто вас не пакрыўдзіць. Ежы ўдосталь, кампанія ў цябе там неблагая, усе жывыя, дастойныя грамадзяне, чэсныя, законапаслухмяныя і гетэрасэксуальныя. Хітрыя… Хітрыя беларусікі. Бачыш, цябе паслалі, умомант дапялі, з кім я буду гаварыць, а з кім не. Хаця, лягічна разважаючы, маглі б бабу якую паслаць. Але пасылаць бабу — гэта прызнаць паразу... Так што ідзі, давай. Ідзі, каму сказала».
І я выйшаў, забраўшы з сабой гэты строгі голас, схаваўшы яго недзе ў патыліцы, там, дзе яго дакладна ніхто ня будзе шукаць. Аленькі Цьвяточак, думаючы пра сваю д’ябальскую карову, вяла мяне пераходамі Замку, і канец яе Фалічнага Сымбаля тыцкаўся мне ў сьпіну. І калі яна зачыняла за мной дзьверы нашай ярка асьветленай турмы, на Замак нарэшце абрынулася навальніца. Струмені шмаравалі каменныя муры, вадзяныя фіранкі ўпалі на вокны, і маланка біла проста ў вежу, якую было добра відаць з нашага акна — яна асьвятляла яе ва ўсёй яе галізьне, яна малявала ў паветры свае блакітна-агністыя літары, нібы гаворачы з Босай наўпрост, без пасярэднікаў. І на момант мне падалося, што за сьцяною вады, якая вырасла проста перад нашым акном, за празрыстымі нябеснымі камянямі, якія падалі ў замкавы двор і разьбіваліся там зь неверагодным грукатам, я разгледзеў жаночую постаць, што плыла проста ў паветры.
11. Законы кiтайскай iмпэратрыцы
Надышла ноч — наша першая ноч у Замку. Зь яе надыходам мае браты па няшчасьці неяк суцішыліся, паспакайнелі, твары выцягнуліся, а ў вачах зьявілася нейкая тупаватая пакора. І нават я, як толькі ў нашай турме сьцямнела, упершыню адчуў да іх нейкае падабенства прыязнасьці. Я быў зь імі, і яны былі са мной, і іншых, бліжэйшых мне людзей на той момант не існавала. Не лічыць жа такой Босую… Чамусьці мне было прыемна зь ёй размаўляць, але яна была жанчына. Кабета. Баба. Скво. Істота зь іншага сьвету. Іншаплянэтніца. Неспасьціжная і чужая, як я ні імкнуўся пранікнуць у яе маленькую і злую галаву. Чаго яна ўсё ж дабіваецца? А гэтыя мужыкі вакол мяне былі мной самім. Мне хацелася іхнага прызнаньня, і яны глядзелі на мяне як на свайго. Я ведаў правілы, па якіх яны гуляюць. А правілы Босай — не. Не ўспрымаць жа сур’ёзна гісторыю пра карову. Я нават ня стаў нікому пра гэта расказваць — каб не выклікаць панікі, бо гэта было ганебна: быць узятым у закладнікі празь нейкую там карову Жуту. Не… Вакол мяне сядзелі сур’ёзныя мужчыны, і я сам лічыў сябе такім. А тое, што сказала мне Босая, было зусім несур’ёзна. Сур’ёзнымі былі толькі Фалічныя Сымбалі ў руках гэтых дурніцаў, дзевак, якія вырашылі, што маюць права нешта зьмяняць у нязьменным сьвеце.
Карова… Босая… Як гэта ўсё не пасавала лірычнаму настрою, які апанаваў нас з надыходам цемры. Хаця, магчыма, рэч была ў тым, што ўвечары нас пакармілі: прынесьлі вялікія астылыя супніцы і халоднае мяса з тушанай гароднінай. Вядома ж, ежа была з замкавай рэстарацыі — як яна называлася, тая карчма для нетутэйшых турыстаў: «Панская куцьця»? «Пан або прапаў»? Неяк так.
Мы запалілі сьвятло і шчыльна паселі вакол стала — грузныя, цяжкія, млявыя мужчыны. На чале сеў Міхаіл Юр’евіч, сеў і пачаў гадаць свае думы, і галоўная дума хіліла ягоную сівую галаву ўніз: чаму ён ня сокал, чаму не лятае? Вось лятаў бы, і зраўняў бы гэты піздаябучы замак з зямлёй. А разам зь ім усіх гэтых піздаябучых тэрарыстак. Ну, і нас разам зь імі. Такіх розных. Такіх аднолькавых. Беларусікаў, якія ўвесь час блытаюцца пад нагамі ў паважных фірмаў і салідных дзяржаваў.
Якія нават ненавідзець па-сапраўднаму ня ўмеюць.
Я ж кажу, у мяне быў
вельмі
лірычны
настрой.
«А я вось ніколі яшчэ не начаваў у замку, — летуценна прамовіў Паўлюк. — І ў гасьцініцах — ніколі… Толькі як усе, дома і ў гасьцях. Ну, і на сене, у вёсцы… От зараз бы на сена. Усё ж не хацеў бы я быць панам арыстакратам. Я б на іхным панскім месцы прамяняў бы ўсе іхныя замкі на добрае сена… Такое, каб зоркі праз страху відаць і каб мяккае і такое, ведаеце, трохі ў задніцу калола…»
«Ну, если б бабу на сено рядом, и я б от сена не отказался… — адгукнуўся Цімур. — Я бы с ней до утра на сене кувыркался, а потом…»
«Што патом?»
«Потом бы новую нашел и на новый сеновал, — засьмяяўся нязлосна Цімур. — Сена в стране до черта, баб тоже, а мы тут сидим. Как пидоры какие-то».
«Когда идешь к женщина, не забудь пилотка», — глыбакадумна сказаў Кунцэ і сам засьмяяўся.
«Я вось таксама не разумею, — пакрыўджана працадзіў скрозь прыгожыя вусны Рыгор. — Я са сваёй разьвёўся, тры гады таму. Ну чаму вось такая сука трапілася? Ну спачатку ж нармальная, здаецца, жанчына, была. Думаў, навучу яе розуму, выхаваю, пад сябе затачу. Золата будзе, а не жанчына. Пустышка аказалася. Не схацела вучыцца. Пачала з дому ўцякаць. Не, ня людзкія яны стварэньні, што вы мне ні кажыце».