Зрэшты, Кунцэ і Шпэцль таксама ня бралі ўдзелу ў гэтай на дзіва зладжанай нарыхтоўцы драўніны. Іх запрасілі — але нашыя замежныя госьці ветліва адмовіліся. Кунцэ сказаў, што гэта ўнутраная справа Краіны Замкаў і мы самі мусім разьвязваць свае праблемы, а Эўразьвяз ужо зрабіў усё, што мог і ня можа ўмешвацца ў канфлікт. Што да Шпэцля, дык ён, здаецца, дасягнуў сваёй мэты і адшукаў сабе недарагую жонку з тутэйшых: цяпер ён бегаў за ружавашчокай грамадзянкай РФ, якая ахапкамі выносіла з музэйных заляў усялякі старасьвецкі друз, і расказваў ёй нейкія забаўныя гісторыі. Кабета зьбянтэжана пасьміхалася — Шпэцль ёй відавочна спадабаўся.
«Можа, выкінемся з акна? — прапанаваў я Босай, і голас мой дрыжэў, як ліст на асеньнім ветры. — Разам. Яшчэ ня позна. Я разаб’ю шыбу і… Толькі ты мяне падштурхнеш».
Яна паглядзела на мяне, як на ідыёта. Зноў гэты востры позірк, які даходзіў да самага майго нутра, перапуджанага, закаханага, панылага.
«Усё будзе добра, — сказала яна бацькоўскім голасам. — Я ж казала, некалі ўсё гэта скончыцца. Пацярпі зусім трошкі. Грыль… Брыль… Ну вось, я зноў забыла імя».
«Што ўратуе нас?» — сказаў я патасна, сам разумеючы, наколькі лішнімі былі гэтыя словы.
«Толькі Джонатан Сўіфт, сьпелыя сланечнікі і здаровая русафобія, — адказала Босая мне ў тон, нібы зьдзекуючыся, і засьмяялася. — А ты што, праўда із эціх? Зь Якуцкіх, халера на ўвесь іх род?»
«Я ўжо сам ня надта ў гэта веру… Але… Якая розьніца? Якая? Яны ж зараз заб’юць цябе!» — крыкнуў я і паспрабаваў абняць маю Босую. Яна не далася, высьлізнула, адступіла на крок — і я не наважыўся зноў наблізіцца да яе гарачага, такога духмянага ад адчуваньня блізкай небясьпекі цела.
«Некалі я ўжо была тут, у Замку, — прамовіла Босая задуменна. — Даўно, задоўга да рэканструкцыі. Тады ва ўнутраным двары ляжала вялікая куча сьмецьця, у вокнах не было шкла, і тут так страшна пахла гісторыяй…»
І яна нясьпешна, быццам чытаючы разгорнутую недзе ўнутры сябе кнігу, расказала мне пра тую даўнюю, ужо амаль мітычную паездку. А я слухаў, зусім забыўшыся пра тое, штó нас чакае гэтай ноччу, зусім хутка, значна хутчэй, чым я мог сабе ўявіць.
Некалі даўно, калі краіну Замкаў яшчэ мала хто называў менавіта так, у Босай быў муж, добры і адказны малады чалавек, гісторык. Трошкі зануда, але ж ня здольны да подлых учынкаў. Ён зусім ня ведаў, што Босую са школьнай яшчэ пары завуць Босай, ён ведаў яе пад іншым імем, значна больш пашыраным сярод жанчын. А яна не спрачалася. Яна проста стамілася быць адна і вырашыла жыць, як усе.
Аднойчы муж Босай урачыста абвясьціў, што на выходныя яны паедуць у Замак, старажытны і занядбаны Замак, на аднаўленьне якога ні ў кога не было грошай, бо часы на двары стаялі ня тыя — не да замкаў было, не хапала ні тынку, ні танкаў, ні нацыянальнай самасьвядомасьці. Раніцай у суботу яны селі ў аўтобус і паехалі на захад, туды, дзе пасярод калгасаў і саўгасаў узвышаўся ўзгорак з галавой індзейца, вочы якой даўно выдзеўблі крумкачы і іншыя бязбожныя камуністыя.
Муж Босай дамовіўся, што яны пераначуюць у суседнім мястэчку, у аднаго з былых аднакурсьнікаў. А пакуль што ўвесь дзень быў наперадзе. Яны ўвайшлі ў замак, што смачна пах гноем і плесьняй, бо раней тут што толькі не зьмяшчалася: калгасныя стайні, «авашчэбаза», інтэрнат, склады, ЛТП… Ён сьмярдзеў усімі шасьцюдзесяцьцю гадамі вядомай усім Гісторыі, сьмярдзеў рэшткамі дваццатага стагодзьдзя, і на сэрцы ў Босай зашчаміла, калі яна пабачыла цагляны друз, спарахнелыя рэчы, што некалі належалі людзям і жанчынам, і глыбокія раны на выцьвілых і аблезлых, як скура, мурах. Яны блукалі па Замку ўтраіх: яна, муж і той самы мужаў сябра, ягоны былы аднакурсьнік. Аднакурсьнік расказваў пра сапраўдную гісторыю Замку, а муж устаўляў свае заўвагі, заўжды трапныя, і разам яны з усьмешкамі двух апекуноў глядзелі на Босую, ласкава назіраючы, як сьвецяцца яе вочы — яна ні пра што такое раней ня чула.
Яны хадзілі па абваленых балюстрадах і гулкіх гразкіх калідорах, узьбіраліся на кучы сьмецьця, і цэгла трашчала ў іх пад нагамі, і недзе ў глыбіні замку стагнаў час, і капала вада ў ніжніх паверхах, гучна, тужліва, мерна… Раз-пораз ім трапляліся людзі: мастакі, што адкрывалі для сябе мінуўшчыну, нейкія жабракі, а то і сяляне, што дагэтуль прыходзілі ў нікім не абаронены замак, каб сьцягнуць сёе-тое для гаспадаркі. Тады яшчэ ніхто ня чуў ні пра якае ЮНЭСКА, а калі і чуў, дык ніколі ня думаў, што Замак таксама можа апынуцца пад яго аховай.