«А, ну да, — пагадзіўся Міхаіл Юр’евіч. — Вот демократ, чтоб тебя. Ладно. Кто за то, чтоб спалить эту ебанутую ведьму, прошу поднять руки!»
«А женщинам можно голосовать?» — спытала Жанчына ў Зялёным.
«А какая разница, если вы за», — засьмяяўся Цімур, і мужчыны падтрымалі яго дружным рогатам.
«Так… Кто против?»
Я падняў руку. Рука дрыжала. Рука была нібы не мая. Мне было вельмі сорамна за маю руку. І ня толькі таму, што яна тырчала цяпер, недарэчная і валасатая, перад усімі гэтымі вясёлымі, рашуча настроенымі людзьмі, якія стаміліся ад няпэўнасьці і сумневаў, ад замкнутай прасторы і тужлівых думак, ад вадзяністай, не разагрэтай як сьлед піцы і адсутнасьці якасных відовішчаў. Я думаў пра Лізу і яе гісторыю, пра кроў Босай і яе пагардлівы сьмех, пра Глюмдалькліч, пра сёньняшнюю раніцу і карову Жуту, пра Царонг і Аленькага Цьвяточка, пра мёртвую Джэка Патрашыцеля, якая ляжала наверсе, на тым месцы, дзе яна апошні раз у жыцьці стрэліла — не ў чалавека, а ў анёлкаў на столі. Я стаяў, трымаў сваю сарамлівую руку і думаў пра белыя калготкі.
Урэшце, я быў ёй проста вінен.
«Ты чего, сынок? — пакрыўджана паглядзеў на мяне Міхаіл Юр’евіч. — Голова болит? Опусти руку, засранец. Против своих поднял? Против отца родного?».
Ого, ён ужо называў сябе маім бацькам. Я падняў руку яшчэ вышэй. Да поўні.
«Да и так все ясно, большинство за, — нецярпліва кінуў Цімур. — Пошли ведьму жарить! Красиво будет: ночь, огонь, мясо… Как в детстве, когда в поход ходили…»
«Закахаўся! — зарагатаў Паўлюк. — Вось вычварэнец!»
«Можа, цябе зь ёй спаліць? Холадна стала? Пагрэцца хочаш каля бабы? Дык якую пякнейшую знайшоў бы», — разважліва параіў мне Рыгор.
«Стойте! — перапыніў яго велічны і строгі Міхаіл Юр’евіч. — Мне вот жалко писателя нашего. Надо ему объяснить, что к чему. Тут особый подход нужен».
Ён падышоў да мяне і абняў. Але нават у гэтых бацькоўскіх адбымках я неяк ухітрыўся не апусьціць сваю недарэчную, тонкую, убогую руку, якая тырчэла над імі, як ручка ад зламанага парасона. Міхаіл Юр’евіч адступіў, пажаваў сталёвага колеру губамі.
«Думаешь, я солдафон? Что у нас, офицеров, ни чести не осталось, ни культуры? — прамовіў ён узьнёсла. — Эх, сынок… Я ж тоже когда-то стихи писал…»
Ён адвярнуўся, а потым паглядзеў на агонь і пранікнёным голасам прадэклямаваў:
«Мы снова встретились с тобой,
Но как мы оба изменились…
Года унылой чередой
От нас невидимо сокрылись.
Ищу в глазах твоих огня,
Ищу в душе своей волненья,
Ах, как тебя, так и меня
Убило жизни тяготенье…»
Міхаіл Юр’евіч памаўчаў, уражаны сваім выступам, змахнуў сьлязу, прыслухоўваючыся да таго, як дагараюць у двары замку ягоныя словы. Усе былі расчуленыя, у натоўпе запляскалі. Дэкляматар стрымана пакланіўся, ягоны поўны надзеі твар павярнуўся да мяне — але мая праклятая рука ўсё гэтак жа, як раней, застыла ў паветры, вэртыкальная і безнадзейная.
«Ладно! Хер с тобой! — голас Міхаіла Юр’евіча ўмомант набыў мінулую цьвёрдасць. — Народный суд постановил: ведьму спалить! Закроем их пока вон там, и писаку нашего, и сучку эту босую, — загадаў
Міхаіл Юр’евіч, гледзячы на мяне так, быццам я быў ужо мёртвы. — Так. Все за дровами! Бабоньки, вы тоже, не стойте, тащите все, что горит, скажем, гестаповки костры жгли! Давайте быстрей, что вы там дрочите по углам, Гришка, Павлючок! Надо до утра поспеть! Сама пойдет!»
29. Як спалiць кабету
Спаліць жанчыну — справа лёгкая толькі на першы погляд. Яна патрабуе адмысловых навыкаў, псыхалягічнай раўнавагі і пэўнай спрактыкаванасьці. Але гэтых якасьцяў жыхарам Краіны Замкаў ніколі не бракавала.
Мужныя людзі і іх элегантныя, сінявокія жанчыны — яшчэ нядаўна палонныя звар’яцелага Замку, а цяпер справядлівыя судзьдзі — шчыравалі ў двары, зьбіраючы дровы для вялікага ачышчальнага вогнішча. Для такой справы прыдавалася ўсё: куфэркі і куфры, глянцавыя брашуры дваццаць першага стагодзьдзя, канцылярскія сталы і тоўстыя папкі дваццатага, самага бюракратычнага, выкрутасістыя крэслы і тоўстыя кавенькі эпохі рамантызму і драўляныя чарніліцы веку клясыцыстаў і асьветнікаў, а таксама злавесныя і нязручныя сярэднявечныя прылады, пра якія ніхто ня мог сказаць з пэўнасьцю, для чаго яны прызначаліся. Ня мог — і ладна, у агонь іх, на важную справу, матэрыял што трэба; людзі і жанчыны памяталі, што ім расказвалі пра гэтыя дзіўнаватыя прадметы, але што менавіта расказвалі, яны неяк забыліся, экскурсія была так даўно, амаль тры дні таму.
Мы з Босай бачылі іх з акна невялікага пакоя, у якім нас замкнулі, каб даць магчымасьць разьвітацца. А можа, проста для таго, каб я не дакучаў умольнымі просьбамі, ня блытаўся пад нагамі ў занятых людзей. Яны ведалі, што я ня буду цягаць у двор дровы для расправы, і махнулі рукой: дамо рады і безь цябе. Яны былі вясёлыя і вольныя, Яе судзьдзі — але нешта перашкаджала мне любавацца імі. Нешта падказвала, што я мушу іх ненавідзець. Але і такімі — я любіў іх.