Казімір бачыў перад сабой гетмана Якуба на кані. Галава схіленая над рассечанай правай рукой, якую люляе здаровая левая. Вялікі гетман, мудры вой. Калі конь панясе, не здолее нічога зрабіць. Намеснік наблізіўся, падхапіў павады гетманава каня, спадзеючыся, што паранены прачытае ў гэтым руху пагарду. Гетман не павярнуў галавы.
– Навошта? – спытаў Казімір.
– Загад.
– Дзяўчыны-дурніцы? Яна не ведае, што робіць.
Не знайшлося разумнейшых загады раздаваць?
– У яе – улада.
Безуладдзе панавала ў сёмым класе: хтосьці запускаў самалёцікі і камякі з выдранай са старых сшыткаў паперы, хтосьці маляваў на дошцы, нехта ўключыў музыку, некаторыя рабілі сэлфі ці здымалі ўсё на відэа. Панавала непрадказальная і невытлумачальная радасць – прымушала расцягваць вусны ва ўсмешках, размаўляць гучна, смяяцца шчыра, верыць, што ўсе навокал сябры, і зусім не хацець сядзець яшчэ два ўрокі матэматыкі. Вялікі перапынак пасля занятку па літаратуры – заўсёды абуджальнага, вольнага – скончыўся, гадзіннік адлічваў секунды ад званка да з’яўлення настаўніцы. І кожны, паглядаючы на цыферблат, гіпнатызаваў стрэлкі бегчы хутчэй, а настаўніцу – ісці павольней. Раптам пашчасціць, спрацуе «правіла пятнаццаці хвілін» і можна будзе збегчы? Канешне, настаўнікі гэтае правіла ўвесь час адмаўляюць і забараняюць выходзіць са школы падчас урокаў без суправаджэння. Але матэматыца сама вінаватая: нечага спазняцца.
Леся, як і ўсе, сядзела, смяялася, гіпнатызавала. Расцягнуць бы кожную хвіліну гэтай любові і еднасці. Калі ніхто нікога не дражніць, не крыўдзіць, не злуе, калі ўва ўсіх адна мэта і адно жаданне – каб настаўніца не з’явілася на занятку. Еднасць такая тонкая, безабаронная: лішняе слова, неасцярожны рух, рэзкі гук – і яна разарвецца паўсіх швах, рассыплецца на ніткі. І тады толькі паспрабуй патрапіць на вочы «галоўным» у класе – нястомным крыўдзіцелям і задзіракам – аграбеш за ўсё мінулае і будучае. І ні за што таксама – бонусам. Нацягваецца, нацягваецца тканіна любові і еднасці, нарастае напружанне.
– Дванаццаць хвілін. Ды не будзе матэматыцы!
– Ды будзе – па законе подласці ў апошнія секунды.
– А ты адно каркаеш! Змоўч.
– У мяне – чатырнаццаць. Яшчэ крышачку…
– І ты маўчы!
Некалькі секунд гаспадарыла густая цішыня.
– А хадземце ў кіно! Сеанс праз паўгадзіны! – выгукнуў Казік, галоўны завадатар школьных свавольстваў, аб’ект захаплення дзяўчат і невычэрпная крыніца нервовых зрываў настаўнікаў.
Прапанова была з тых, што мусяць з’яднаць суполку, але толькі разбіваюць на два лагеры. Ніткі на тканіне еднасці пачалі распаўзацца.
– Хадземце! – радасна падхапілі некалькі сямікласнікаў. Астатнія няўпэўнена пераглядаліся, думалі.
– А раптам матэматычка зойдзе?
– А раптам заўважыць хто?
– А калі бацькам трапімся? – гучалі то тут, то там нясмелыя галасы. Канешне, хочацца ў кіно замест матэматыкі, але столькі перашкод чакае на гэтым шляху.
– Вы даўжэй думайце, дакладна ўсім трапімся!
– Развялі тут соплі!
– Калі ісці, то разам!
– Усіх не пакараюць!
Аматары кіно былі ў меншасці, але іх напорысты гоман перамагаў ціхмяную большасць так пераканаўча, быццам менавіта на іх баку стаяла рацыя. Самыя смелыя, не чакаючы прамоўленай згоды, збіралі рэчы ў заплечнікі.
– Хто не пойдзе, той здраднік!
Адзін за адным сямікласнікі пацягнуліся да дзвярэй. Леся сядзела, трымаючыся далонямі за край парты. Апошняя нітка нацягнулася паміж ёй і астатнімі, вось-вось ці лопне, ці выслізне з пальцаў. Так хацелася ўскочыць, падбегчы да ўсіх і разам рушыць у кіно. А галава схілялася над партай, прыціснутая думкамі, што зробіць мама, калі даведаецца. А яна даведаецца. Яна пра ўсё даведваецца. І атрымае Леся кухталёў не толькі за тое, што прагуляла матэматыку, але і за тое, што не падумала сваёй галавой, перш чым рабіць глупства. «Усе пойдуць з даху скакаць – і ты пойдзеш?»
– А ты чаго сядзіш? – абыякава запытаўся Уладзік, сябар Казіка.
– Не будзеяна ўрок прагульваць, – насмешліва сказала Анэлька, Лесіна суседка па парце.
Леся хітнула галавой і ўперылася вачыма ў парту.
Раніцай наступнага дня дырэктар уласнаручна выпісваў у дзённіку кожнага збеглага заўвагу. Панурая змейка сямікласнікаў неахвотна цягнулася да яго між шэрагамі парт. Апушчаныя вочы кожнага хавалі ці то сорам, ці то злосць. Леся сядзела за апошняй партай – хацелася сціснуцца ў неіснуючую кропку, праваліцца пад зямлю, запаліцца агменем… якія там яшчэ спосабы хуткага і эфектнага знікнення? Зрэшты, позіркі, якія кідалі на яе аднакласнікі, прамінаючы, сапраўды маглі і запаліць, і ў зямлю ўтаптаць. Пакуль дырэктар тут, стрымліваюцца, але паветра набрыньвае злосцю і агідай, вось-вось разрадзіцца помстай. А змейка да настаўніцкага стала карацее… Хоць ты следам за дырэктарам бяжы і ў яго кабінеце хавайся.
– Здрадніца, – прасвісцеў Казік, як толькі дырэктар зачыніў за сабой дзверы. І слова стала маланкай у захмараным і загусцелым паветры кабінета. Больш ніхто нічога не сказаў. Голас Казіка заўсёды быў апошнім.
– Я нікому не казала.