Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

Часам ён думаў, што вар'яцее. Часам яму хацелася проста сысьці – асьцярожна адчыніць дзьверы і сысьці з гэтага дому, і ніколі сюды не вяртацца. Дзяўчынка Сіа будзе чакаць яго – а потым выйдзе з кватэры, да іх, да сьвету, да Языка. І тады бацьку апаноўваў такі гнеў, што ён пачынаў ціха рыкаць. А адказнасьць за мову біла яго па галаве… ён спаўзаў на падлогу і пачынаў маліцца. І на ўсё гэта глядзеў з брудных шпалераў яўрэй Пэрэльман – без усялякага зьдзіўленьня.

«Як ты здолеў, Жыдзе?» – хацелася крыкнуць яму, але крычаць было нельга. Ясная рэч, што б яны падумалі.

Уначы яго за галаву трэсла лядоўня, сьценка якой была пад самым вухам. Ён прачынаўся, глядзеў на будзільнік. Падымаўся, ішоў паглядзець на Лёсю. З таго самага моманту, калі яна зьявілася ў гэтай кватэры, у ім пасяліўся страх, што аднойчы ўначы яна задыхнецца. Таму ён кожную ноч падымаўся, каб праверыць, ці ўсё зь ёй у парадку. Лёся спала, ён нахіляўся і ўцягваў у сябе водар яе подыху.

Гэтыя ночы. Так, ён глядзеў на будзільнік, а потым ішоў глядзець на Лёсю. Час ішоў. І Лёся расла ў сьне. Птушка Сіа гадавала сабе крылы па той бок рэальнасьці, каб у адзін цудоўны момант вылецець і зрабіць усё напраўду жывым. Яго, краіну і яе – мову.

Перад тым, як выйсьці з дому, яны стараліся ўдосталь нагаварыцца. Ён уключаў музыку, і яны балбаталі пра ўсё на сьвеце – апрача школы. Дзіўна: у той страшны час ім заўжды было пра што пагаварыць. І яны гаварылі, гаварылі, гаварылі па-свойму, бессаромна радуючыся, як цудоўна складваюцца словы, як зьлятаюць з вуснаў, як віюць гнёзды ў вачах адно ў аднаго. Яны гаварылі ўсмак.

Таму што наперадзе ў Лёсі было маўчаньне. Восем гадзін маўчаньня.

Яна ня ведала, што некаторыя людзі могуць задыхнуцца ў сьне. Але яна ведала, што бывае з тымі, хто гаворыць не на сваёй мове. Гэта была не забарона – гэта была ўмова іх выжываньня.

Праз паўгадзіны яны былі каля школы. І заўсёды разам зь імі да школьнага ганку падыходзіла яна – псыхоляг Тацяна Эдуардаўна. Апускалася да Лёсі і віталася зь ёй за руку:

«Привет, Сиа. Как дела?»

Яна вымаўляла яе імя правільна. І за гэта бацька яе ненавідзеў. Вучаніца Сіа жавала бутэрброд і глядзела на Тацяну Эдуардаўну, як глядзяць на вялікага сабаку. Бутэрброд – гэта была іхная з бацькам хітрасьць. Раней Тацяна Эдуардаўна любіла зазіраць Лёсі ў рот – быццам хацела знайсьці там прычыну яе праблем. Але зазіраць у рот, поўны каўбасы і батону, цяжка нават прафэсійнаму школьнаму псыхолягу.

«Мне кажется, она скоро заговорит», – сказала аднойчы Тацяна Эдуардаўна, калі Сіа пабегла па сходах, а бацька зьбіраўся вярнуцца да машыны. – «И еще мне кажется, вы что-то недоговариваете».

Гэта было прамоўлена такім спакойным голасам, што бацьку ажно скаланула. Ён спыніўся, уцягнуў галаву ў плечы, але знайшоў у сабе сілы выпрастацца і павярнуў твар да яе – сьветлыя вочы глядзелі на бацьку пранізьліва, як быццам гэта ён быў школьнікам.

«Что вы имеете в виду?» – спытаў ён з усьмешкай, якая, як яму падалося, выкрыла яго з галавой.

Пракляты Богам Язык. Мова інтрыгаў і страху, мова прыніжэньня і гвалту, мова няправеднага суду, суду, дзе асуджваюць толькі невінаватых.Что вы имеете в виду – так трэба было спытаць, каб адцягнуць час і выцягнуць плечы з іхнага сховішча, что вы имеете в виду – значыць, што ты цудоўна разумееш сваю віну.

«Мне кажется, с вами все не так просто», – прамяўкала Тацяна Эдуардаўна. – «И Сиа это чувствует».

«Ерунда», – махнуў ён рукой.

«Мне кажется, вы не хотите…» – працягвала яна, з інтарэсам сочачы за тым, як бегаюць ягоныя вочы.

«Что?»

«Вы не хотите, чтобы она была здоровой. Вам не нужен полноценный ребенок».

Ён з жахам зразумеў, што чырванее. А яна не сьпяшалася сыходзіць, хаця ўжо выбухнуў званок, глядзела на яго зь міліцэйскай пяшчотай, з асалодай колючы яго сваім чыстым голасам:

«Возможно, вы просто привыкли считать себя жертвой. И вам так легче. Легче, когда ребенок болен. Вы не можете себе представить, как вы будете жить, когда она заговорит, когда выздоровеет».

«Нет, нет», – ён выставіў наперад далонь, але гэтая дыплямаваная сука не зьбіралася яго слухаць.

«Но, вполне возможно, здесь что-то другое. Какая-то тайна. И я обязательно доберусь до ее сути. Мне жаль девочку. Она талантлива, это сразу видно, и заслуживает счастливой жизни в родной стране. А может быть, даже не здесь».

Не разьвітаўшыся, яна пайшла да ўваходных дзьвярэй, над якімі вісела даўгая дошка з надпісам «Добро пожаловать». Яны зь Лёсяй часта сьмяяліся з такога калецтва іхнага падступнага Языка: у тое, што людзі, якія ім гаварылі, маглі мець нейкае дачыненьне да дабра, а пагатоў да шкадаваньня або перадачы яго трэцім ліцам, ім ня верылася.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы