Яна ўважліва паглядзела на Лёччыка, а потым дакранулася да яго шчокаў.
«Наўрад ці», – сказала яна тым самым скрыпучым голасам, якім гаварыла зь імі на пачатку. – «Гэты хлопец не такі просты… Але ладна, дзеткі, брат дык брат. Вы ж галодныя зусім, трэба вам падсілкавацца, перад тым, як у той Брэмэн ісьці. Дый аўтобусы ўжо ня ходзяць, толькі заўтра ў восем першы. Да астаноўкі я вас давяду, а так можаце ў мяне начаваць. Пакармлю вас, а то вунь худыя якія, як тыя шкілеціны».
«Не шкілеціны, а шкілеты», – сказаў Лёччык, і Лёсі падалося, што ён зараз укусіць бабулю – за руку, на якой выгіналіся, быццам гаварылі нешта, доўгія, зарослыя валасамі пальцы, або за грудзі. Бо Лёся бачыла, што Лёччык дужа, дужа, дужа галодны.
«А гэта ўсё, што ў скрынках было – дзе?» – аблізваючыся, спытаў Лёччык, прагна паварочваючыся да хаткі.
«Ну, сёе-тое засталося», – ахвотна сказала бабуля, паказваючы ім, каб ішлі за ёй. – «Сяго-таго знойдзем, падсілкуем вас, а то ж да таго Брэмэну, як да месяца, гэта ж няблізкі сьвет, той Брэмэн, гэта ж зь перасадкамі трэба, гэта ж марачкі трэба мець, гэта ж огого…»
Яны падышлі да хаткі, якая сваёй дзіўнай, зусім не вясковай формай нагадвала ў цемры нейкі іншаплянэтны карабель, і бабуля адчыніла дзьверы:
«Сюды заходзьце, цесна ў мяне, гэта ж дача, мне адной хапае, але і для вас, дзеткі, месца знойдзецца…»
Яна прапусьціла іх наперад.
«Зараз лямпачку запалю…»
Лямпачка ўспыхнула недзе збоку і павесіла пад столяй іхныя цені. Каля супрацьлеглай сьцяны стаяў стол, а на стале – чайнік.
«Бліжэй праходзьце», – прамовіў за сьпінамі Лёсі і Лёччыка скрыпучы голас, яны зрабілі крок наперад – і падлога раптам сышла ў іх з-пад ног.
Першым паляцеў у цемру Лёччык, і ўпаў на нешта мяккае, а на ягоную шыю азадкам пляснулася Лёся і паваліла яго на дно яміны, засланае гнілой саломай. Сьвятло засталося высока наверсе, а тут было цесна, як быццам цябе схавалі пад коўдру, каб задушыць, і цёмна – так што Лёся, узмахнуўшы рукамі, адразу ж трапіла Лёччыку ў вока.
«Разуй глазы», – крыкнуў Лёччык пакрыўджана. У лягеры ён любіў сварыцца на Языку. І Лёся нечакана так выразна згадала лягернае жыцьцё, што ўнізе жывата заныла. Але самае кепскае было тое, што яна ўспомніла пра пігулкі. І адразу ж цела загуло, і ў галаве пачуўся сьпеў лягернага горна – яны забыліся, яны забыліся прыняць, яны забылі прыняць лекі! Самае страшнае, непапраўнае, тое, за што можна атрымаць сапраўднае Сярэднявечча! Тады, у лягеры, ім хацелася закапацца ў зямлю ад таблетак – а цяпер яны пад зямлёй, а леку няма, і ўсё не сыходзіцца, не спалучаецца адно з адным, не працуе, ня складваецца!
«Сам разуй», – сказала Лёся груба, каб супакоіцца, суцішыць гэтае ныцьцё ў сваім нутры і заглушыць кляты горн у галаве. Дапамагло – яна нават адчула, што і Лёччык таксама ўзяў сябе ў рукі і цяпер глядзіць на яе з павагай у гэтай саламянай цямрэчы.
Што рабіць? Яны ведалі, што нельга вымаўляць уголас гэтае пытаньне – ніколі пра гэта не дамаўляліся, але ведалі, і Лёся ведала, і Лёччык ведаў: варта прамовіць гэтыя словы – і нічога ня выйдзе. А Лёсі так хацелася іх сказаць. Нават ня Лёччыку, і ня гэтаму сьветламу колу высока над іхнымі галовамі, і не самой сабе – а камусьці, хто ўсё так прыдумаў. Хтосьці хадзіў кругамі вакол іх, і вырвацца за намаляваны ім круг было цяжэй, чым яны думалі.
Ім бы толькі на мапу трапіць. А там дарога знойдзецца.
«Трэба берагчы наш Атлас», – сказаў у цемры Лёччык. – «Не забыцца яго, калі пойдзем далей».
«Я не забудуся», – сказала Лёся і пагладзіла яго па каленцы. – «Давай спаць. Зможаш?»
«Змагу», – пачуўся голас Лёччыка, такі сонны, быццам ён толькі і чакаў яе прапановы.
Лёся прыціснулася да Лёччыка, адчуваючы, як абмякла ягонае цела, і заплюшчыла вочы. Ёй падалося, што толькі на хвілінку – а калі адплюшчыла, наверсе ўжо сьвятлела воблака запхнутай у хатку раніцы і пахла туманам і холадам.
«Лёччык», – паклікала яна, дастаючы руку з пад ягонай майкі.
«Што?» – голас быў такі, быццам яе брат так і не засынаў.
«Слухай, а адкуль ты ўзяўся?»
«Я твой брат», – сказаў Лёччык, нешта калупаючы: ці то пазногці на нагах, ці то зямлю вакол сябе.
«Я не дурная, я ведаю, што ты мой брат», – пацягнулася Лёся. – «Але адкуль ты ўзяўся? Цябе не было – а потым ты ёсьць, і брат, і ўсё іншае, і мы ў лягеры, і вось тут сядзім. Але ты сам памятаеш, адкуль ты ўзяўся?»
«Як усе людзі», – сказаў Лёччык, падумаўшы. – «Калі цябе завуць, калі называюць нейкім словам, значыць, ты ёсьць».
«Але ня ўсе хлопчыкі мне браты», – сказала Лёся, прыўзьнімаючыся. – «Разумееш, пражэрлівая скаціна?»
«Таму што яны ня лёччыкі», – упэўнена адказаў Лёччык.
І ў гэтым была нейкая такая пераканаўчая лёгіка, што Лёся зноў засунула рукі яму пад майку і заснула.
Раніцай бабуля іх пакарміла. Яны пачулі яе крокі, яшчэ толькі калі яна падыходзіла да хаткі, успомнілі яе рот і падумалі, што няблага было б пачысьціць зубы. І вырашылі, што калі рушаць далей, знойдуць сад і зьядуць там па яблыку. Так казаў дантыст у лягеры: калі раптам няма шчоткі і пасты, можна зьесьці яблык. Але, вядома, гэта на скрайні выпадак.