Я вось не валодаю ім у належнай ступені, але кіно і тэатры ўсё роўна наведваю. Проста я давяраю справу прафэсіяналам. Але іх робіцца ўсё меней. А дзяцей і падлеткаў усё болей. Як кажа статыстыка, краіна перажывае першы за гады незалежнасьці паўнавартасны бэбі-бум. І гэта толькі пачатак. У людзей зьявілася ўпэўненасьць у заўтрашнім дні, і яны пачалі заводзіць дзяцей і вадзіць іх у кінатэатры, тэатры і таму падобныя ўстановы. Вось жа гэтая ўпэўненасьць у заўтрашнім дні… Калі яна ў іх зьявілася – дык хай бы вадзілі сваіх атожылкаў на заўтрашнія сэансы. Але яны ідуць на сёньняшні – акурат на той, на які ідзеш ты. “Ідзіце ў макдональдс! Там вам самае месца!” – так і хочацца сказаць гэтым самаўпэўненым суайчыньнікам, якія вырашылі, што могуць браць з сабой дзяцей паўсюль, куды ім раптам закарціць.
І вось даводзіцца спасьцігаць самавукам, як супрацьстаяць гэтай навале.
Зразумела, найлепшае выйсьце – вывесьці ўсіх дзяцей з залі яшчэ да пачатку сэансу або спэктаклю. Але часьцей за ўсё яны прыходзяць у кіно і тэатры не адны, а ў суправаджэньні дарослых, рэакцыя якіх на такія прэвэнтыўныя захады можа быць непрадказальнай.
Раней, у добрыя старыя часы, усё было проста. Ухапіў дзіцятка за вуха і пацягнуў да дзьвярэй. І ўсе праводзяць цябе ўхвальнымі позіркамі. Дзіця маўчыць, цярпіць, яго вуха наліваецца крывёй – зусім як твае строгія, але справядлівыя вочы. Неверагодная сіла расьпірае цябе знутры. І нават калі ты поўны здыхлік – у гэты момант ты адчуваеш сябе такім магутным і спрытным, і ловіш на сабе зацікаўленыя пагляды кабет. Ты – абаронца і збаўца, ты зрабіў гэта. І калі ты вывеў з залі паскудніка і нарэшце адпусьціў ягонае вуха, за якое ён адразу ж хапаецца, як за біг-мак у макдональдсе – ты разумееш, што воплескі, якія чуюцца з залі, прызначаныя ня толькі акторам. Што ў посьпеху пастаноўкі ёсьць і твая заслуга. Часьцінка тваёй працы, чорнай, але неабходнай, якую так часта даводзіцца браць на сябе неабыякавым людзям.
У старыя часы ты не патрабаваў удзячнасьці. Ты проста вяртаўся ў залю, у прыемным узбуджэньні, прыкладваючы руку да сэрца, і станавіўся тварам да сцэны, усім сваім выглядам паказваючы, што ня трэба абдзяляць увагай няшчасных актораў, што на тваім месцы так зрабіў бы кожны і што ты – усяго толькі глядач, нічым ня лепшы за астатніх.
Але на гэтым трыюмф не канчаўся. Пасьля спэктаклю да цябе падыходзіла, кульгаючы, бабулька з тых, што прадаюць праграмкі і правяраюць білеты, зазірала ў вочы і ціха прамаўляла сваім скрыпучым добрым голасам:
“Дзякуй табе, сынок…”
“Няма за што, маць”, – казаў ты бадзёра і ліха паводзіў плячыма. Бо за білецёркай ужо маячыла постаць маладзіцы-настаўніцы, якая і прывяла сюды, у тэатр, гэты вывадак чужых дзяцей – маладзіца нясьмела глядзела на твой суворы твар і таропка казала:
“Вы уж ізвініте, спасібо вам, этот Касперовіч, он із трудной семьі, без отца растёт…”
А сама такая ўся раскрытая, як тая ружа, шчокі пунсавеюць, далоні трымцяць. А ты такі ўвесь падбіраўся, непрыступны і велічны, і строга казаў:
“Сачыць трэба за сваімі апекаванцамі. Вы ж прафэсіянал!”
Гэта ў старыя добрыя часы так было. І гэты Касьпяровіч, ці Казьбярук, ці Казьлёначкін, ці проста Казёл, глядзеў на цябе з павагай, паціраючы вуха. А потым падыходзіў сам рэжысэр, разам з дырэктарам тэатру, і запрашалі цябе на банкет, улічваючы тое, што ты ўратаваў прэм’еру, і пад руку з маладой настаўніцай ты ішоў у сутарэньні, дзе ўжо быў накрыты стол і ўзьнімалася пара ад сьціплых закусак. Ну, а далей ужо магло быць усё што заўгодна. Залежала ад фантазіі.
…Гэта адбывалася ў адным з тых старых менскіх кінатэатраў, якія ўсё яшчэ паказваюць час ад часу кіно і завабліваюць гледача сапраўднымі маляванымі афішамі.
Праўда, да аднаго фільму афішы чамусьці не зрабілі. Бо фільм быў пра старасьць і самоту. Вядома, іх таксама можна намаляваць – але вось ці можна імі завабіць? Наўрад ці. Была самая сярэдзіна сэансу, і на экране быў сэкс. Экран быў вялікі, таму і сэксу было шмат. Двое вельмі пажылых людзей кахаліся, забыўшыся пра ўсё на сьвеце. Друзлая скура, абвіслыя жываты і грудзі, шнары ад апэрацый, старэчае рабаціньне, кіляграмы плоці, якая ўсё яшчэ хоча жыць, але якую ўжо нікому не прадасі. І гэта – на ўвесь экран. Поўнамэтражная старасьць, самота велічынёй у сьцяну. Але ў залі былі дзеці. І гэтыя дзеці рагаталі ваўсю… Увесь сэанс”.
***
Зрыцель уздыхнуў.
“Яны думалі, што ніколі не памруць”.
Ён замаўчаў, дапіў проста з бутэлькі тое, што налівала яму бабуля, і дастаў з кішэні пігулку. Лёся і Лёччык чулі, як храпе побач бабуля.
“Зараз я скіну лесьвіцу, і ты пойдзеш са мной”, – сказаў Зрыцель, гледзячы зьверху на Лёсю. – “Я ня буду вучыць цябе правільна вымаўляць гукі. Зусім хутка ты сама зробішся гукам. Гэта ўсё, на што здатныя жанчыны. Прагучыш – і цябе ня будзе. Зусім не балюча. Проста цябе выведуць з залі, а спэктакль будзе працягвацца далей”.
“Нікуды я не пайду!” – сказала Лёся.
“Нікуды яна ня пойдзе”, – сказаў Лёччык.