Цяпер панна Пракшына і яе татухна, пераапрануўшыся ў сухое, сядзелі ў фатэлях і грэлі настылыя ногі ў мядніцах, час ад часу падліваючы гарачую ваду, а таксама цешачыся чарговай порцыяй гарбаты. Круціўся тут і Тэдзі, якога нядаўна выкупалі ды нават намагаліся расчасаць, з прычыны чаго pies стаўся ў два разы пульхнейшы праз мноства пасмачак, што закруціліся ў яго поўсці. Замест гарбаты ён намагаўся папіць наўпрост з мядніцы, аднак Яўгенія Канстанцінаўна, адставіўшы філіжанку, пасадзіла сабаку сабе на калені і ўзяла ў рукі невялічкі грабянёк, каб усё ж такі надаць гадаванцу прыстойны выгляд. Тым часам татухна засяроджана хмурыўся і наяўна вёў у думках няпростую дыскусію з самім сабою. Іх знаходка ляжала на невялічкім століку паміж фатэлямі ды паблісквала, весела адбіваючы святло агню ў каміне.
Канстанцін Мікалаевіч у чарговы раз узяў дукат ды пачаў круціць у пальцах.
– Што ж мы будзем цяпер рабіць? – асцярожна спытала яго дачка.
Пан Пракшын пакруціў галавой ды абурана вымавіў:
– Ну што я магу зараз зрабіць? Лесапілка стаіць, наладка механізмаў спынена, без Штэйна справа не прасунецца і мы змарнуем цяперашнюю замову. Як вынік – страцім грошы і надзейных
Яўгенія Канстанцінаўна акругліла вочы, дзівячыся татухнавым рэзалюцыям. Як можна зараз думаць пра business, калі справа тычыцца забойства ды выяўлення матываў гэнага страшнага злачынства!
– Я, між іншым, зусім не пра гэта, – тактоўна сказала панна Пракшына Яна знарочыста спыніла позірк на дукаце, які дагэтуль заставаўся ў татухнавых руках.
– Ах, вось ты пра што! Пабачу Штэйна ды распытаю, – адмахнуўся Канстанцін Мікалаевіч, аднак, адзначыўшы непрыхільныя змены ў абліччы дачкі, дадаў: – Калі цябе так цікавіць з’яўленне дуката ў інжынерскім флігелі, то няхай, напішу графу Чапскаму. Усё ж ты маеш рацыю, Джынні: гэтая манета пакуль наш адзіны доказ і, магчыма, яна шмат пра што можа распавесці. А каму, як не графу, ведаць пра гэта, усё ж некалькі гадоў таму ён выдаў кнігу якраз па польскіх манетах. Сам я не разбіраюся ва ўсіх тонкасцях гэтага, – ён узважыў на далоні дукат, – перыяду, то, сапраўды, дашлю ліст. Спадзяюся, граф не пагрэбуе даўнім знаёмствам.
Задаволеная тым, што здолела скіраваць татухнавы разважанні ў рацыянальнае, як ёй падавалася, рэчышча, Яўгенія Канстанцінаўна хацела была працягнуць абмеркаванне дэталяў, якія маглі б выявіць яшчэ якія-небудзь схаваныя пакуль бакі справы. Аднак пан Пракшын рашуча спыніў следчыцкія парывы дачкі. Самалюбства дзявіцы было крыху ўшчэмлена, яшчэ і Тэдзі прыхапіў за палец на знак помсты за не самае пяшчотнае расчэсванне.
Ну і добра, яна сама ва ўсім разбярэцца – пасля
Спачатку нашая дзявіца хацела адмовіцца. Разменьваць літаратурнае натхненне ды цвёрды намер разблытаць злачынства на сумніўны азартны запал? Вядома ж, яна вышэйшая за падобныя ваганні і ўжо вырашыла, што абірае. Аднак спакуслівы татухнаў прыжмур ды незнарок узгаданы адмоўны вынік мінулай гульні зрабілі сваю справу: душа Яўгеніі Канстанцінаўны была захоплена заганным жаданнем адыграцца, якому яна не магла супраціўляцца. Таму праз некалькі імгненняў ламберны столік быў ужо раскладзены, пярэстыя калоды распакаваныя,
Нарэшце прасадзіўшы дзесяць рублёў асігнацыямі, панна Пракшына заўважыла, як ад распаленых пачуццяў (а мабыць, ад звычайнай нягоднай сквапнасці?) у яе зноў пачало паторгвацца вока. Прытрымліваючы яго пальцам ды спадзеючыся, што гэтая ейная рыса, што перашкаджае навучыцца як след блефаваць, не надта кідаецца ў вочы, дзявіца паскардзілася татухну, што прымудрылася выдаткаваць увесь свой бюджэт, хаця месяц ледзь паспеў пачацца.
– Я магу запісваць табе на вексель у лік пасагу,