У сталоўні дзявіца спаткала Ганну Юр’еўну, ад якой даведалася, што сняданак быў даўно ўжо скончаны, а татухна з’ехаў у Ашмяны, каб пабачыцца са Штэйнам. З нагоды святочнага дня зрабіць візіт да зняволеных было значна прасцей, дый балазе дарогу падсушыла, таму татухна загадаў закласці яму двухколку ды мусіць зараз хадзіць па справах у павятовым горадзе – не тое, што яго лянотнае нашчадства.
– Ды сёння ж нядзеля, Гануля, – здзівілася ўпіканням панна Пракшына.
– У тым і рэч, панначка, – няўхвальна прамовіла аканомка, наноў расстаўляючы перад той прысмакі.
Яўгенія Канстанцінаўна нахмурылася: сёння патрабаваць ад яе разумовых высілкаў было выключным кашчунствам, яна прыехала сюды іншыя загадкі разгадваць. Дзявіца стомлена прыкрыла вочы, але тут жа адняла руку, пачуўшы непрыемнае шчоўканне над вухам – Ганна Юр’еўна з непадступным выглядам пачала перабіраць ружанец, які вісеў у яе на баку.
– Што б гэта магло значыць? – незалежна працягнула панна Пракшына.
– Тое, што панначка ў святы дзень спіць не проста да абедні, а нават і абедню прымудраецца прапусціць, – вырашыла адказаць на рытарычнае пытанне аканомка і шчоўкнула ружанцам асабліва гучна.
– Наважуся адзначыць, што фурман знік, то не пешшу ж мне ісці да царквы.
Яўгенія Канстанцінаўна развяла рукамі.
– Аднак у маёнтку ёсць капліца, – заўважыла кабета і сцяла вусны.
– Ну вось што, – іх кароткая дыскусія надакучыла дзявіцы, і яна ўзнялася з-за стала, так нічога і не пакаштаваўшы. – Мне для размовы з Богам адмысловыя памяшканні не патрэбныя, і сварыцца с табой праз розніцу ў поглядах я не збіраюся.
Яна клікнула Тэдзі, але той у спадзеве на ласку Ганны Юр’еўны выказаў здрадніцкае жаданне застацца бліжэй да харчоў, і панне Пракшыной давялося выдаліцца ў свае пакоі ў ганарлівым адзіноцтве. Размовы пра абавязкі перад Госпадам надзвычай яе раздражнялі, а сёння, у дадатак да і так не самых узнёслых абставінаў, і пагатоў. Прычыны такога даволі вальнадумнага стаўлення да царкоўных інстытуцый хаваліся ў наступным. Хаця ў сям’і Яўгеніі Канстанцінаўны спавядалі адну і тую ж рэлігію, яе бліжэйшыя прашчуры належалі да розных канфесій, з нагоды чаго дома календароў трымаліся абодвух, а святы адзначаліся па некалькі разоў. Сам гэты звычай панне Пракшыной нават падабаўся, каб жа толькі ўсё не псавалі настойлівыя перацягванні яе самой з адной традыцыі ў іншую ад самага нараджэння 21 траўня 1854 года.
Пакуль татухна біўся на Усходняй вайне, нованароджаная Яўгенія Канстанцінаўна, якая на той час яшчэ не паспела займець сваё імя, разам з матухнай знаходзілася ў гэтым самым маёнтку ды толькі пачынала знаёміцца з навакольным светам. Аднак бабуля, скарыстаўшыся адсутнасцю зяця праз напружаную ваенную абстаноўку, пахрысціла ўнучку наперакор пагаджэнню бацькоў у веру каталіцкую. Калі ж дайшло да называння, то замест таго каб абраць з мноства імёнаў дастаткова мілагучнае і памяркоўнае для іх цяперашняй айчызны, пані Канстанцыя прыкінулася, што забылася на розніцу ў стылях, ды абвясціла: панна Пракшына нарадзілася дзень у дзень са сваім слаўным дзедам і першым, адзіна каханым мужам бабулі – Эжэнам Іллінічам, які трагічна загінуў падчас польскага паўстання ад рук імперскіх захопнікаў. То, прыняўшы гэта за вышэйшы знак, пані Канстанцыя назвала ўнучку ў яго гонар, што да таго ж не разыходзілася і з сучаснай модай. Аднак сама Яўгенія Канстанцінаўна трохі пакутавала, што мусіць насіць паўмужчынскае імя, бо яна была ўпэўнена, маючы за прыклад сваю ўладарную бабулю: гэта мае непазбежны адбітак не толькі на характары, але ж і на самім лёсе. Вось была б яна якой-небудзь сонечнай Helen альбо блаславёнай Natalie, мо яе жыццё прымала б зусім іншыя кірункі ва ўсіх адносінах. Але ж не: Eugenia была змушана стацца нашчадніцай шляхетнага роду (і нават некалькіх), то яна ўспрымала сябе з усёй адказнасцю адзінай спадкаемніцы, з якой звязаны спадзяванні не толькі сям’і – усяго народа, а таму яна часам блытала наканаванасць з уласным выбарам. Праўда, у пытаннях царкоўных выяўляць самастойнайсць ёй выпадала рэдка і надалей.
Пасля вяртання з вайны Канстанціна Мікалаевіча адкамандзіравалі ў Ноўгарад, што дазволіла Пракшыным пазбегнуць удзелу ў чарговым паўстанні пад прымусам абодвух бакоў. А Лізавета Яўгенаўна прыняла цвёрдае рашэнне не перашкаджаць кар’еры дарагога мужа хаця б якім-небудзь сваім жэстам: няхай у Ноўгарадзе і мелася каталіцкая грамада, з самага пераезду ўся сям’я хадзіла ў праваслаўны храм. Пасля шэсцьдзясят трэцяга года колькасць каталікоў у паўночным горадзе павялічылася, і мець з імі шчыльныя стасункі сталася тым больш рызыкоўна.