Аднак яго дачка запратэставала, бо з такім поспехам ёй пагражала застацца ўвогуле без якога-небудзь пасагу, нават татухнава лесапілка не выратуе, тым больш што галоўны інжынер зараз знаходзіўся ў турме і яго далейшы лёс пакуль нікому не быў вядомы. Але ж гэта панна Пракшына ўсётакі вырашыла абдумаць заўтра: з-за расчаравання ад гульні ды трохі задужага для яе напою творчыя намаганні цалкам рассеяліся. Палічыўшы, што за ноч назіранні ў яе галаве толькі самі сабою сістэматызуюцца, Яўгенія Канстанцінаўна пусціла Тэдзі занырыцца ў коўдру, чаго ў Менску ніколі яму не дазваляла, і забылася моцным сном.
Раздзел IV
Панна Пракшына была ў разгубленасці, а таму сердавала гэтай раніцай значна горш за папярэдні дзень. Насуперак ейным чаканням назаўтра атрымаць яснае ўяўленне пра прычыны і следствы таямнічага злачынства, прачнулася яна не толькі з болем у галаве, але ж і з думкамі зусім іншага складу. Усю ноч ёй з’яўляўся не хто іншы, як учарашні спадарожнік па цягніку – Падгорскі. Зух нахабна падміргваў ёй, варушыў пухнатымі вусамі ды ўвогуле паводзіўся так, што каб не быў гэта сон, дык даўно б атрымаў, як учора пагражаўся губернскаму сакратару татухна, па сваіх самазадаволеных фізіягнамічных рысах. Праўда, пакуль спала, нашая дзявіца гэткай непрыхільнасці зусім не выяўляла, і нават наадварот, што вельмі абурала яе цяпер, у чуйным стане.
Разбудзіў жа яе Тэдзі, які ўзяўся бессаромна гойсаць наўпрост па падушцы Яўгеніі Канстанцінаўны, намагаючыся давесці да сумлення гаспадыні, што няшчасны pies мае права на свабоду перамяшчэння – саскочыць з высокага ложка сам, нягледзячы на баявітасць, ён пабойваўся.
– Адчапіся, Тадзік, – прабуркатала панна Пракшына, захінуўшыся ад сабакі локцямі, і тут жа спахапілася: прыкрае супадзенне імёнаў надало выразнасці зданям, з дужых абдоймаў каторых яна толькі што вырвалася.
З цалкам пазбаўленым вытанчанасці крахтаннем Яўгенія Канстанцінаўна выкараскалася з ложка, спусціла на падлогу гадаванца ды, паціраючы лоб, патупала да вокнаў. Адвесіўшы цяжкую штору, дзявіца хваравіта здрыганулася ды ўтаропілася з-пад набрынялых за ноч павек на вуліцу: у аблічча ёй біла занадта яркае сонца, якое ўжо знаходзілася значна вышэй, чым яна меркавала. Панна Пракшына пахмурна перавяла позірк на збан і шклянку, якія месціліся на століку побач, ды, спісаўшы свае пакуты на шараговае