– Ну, добра, калі табе не падабаецца такі спосаб разлікаў, то ёсць яшчэ адзін, – замахала рукамі Каця. – Хаця ён ужо значна састарэў: трэ падзяліць узрост мужчыны папалам ды дадаць сем год.
Але тады ёй мусіла быць на цэлы год болей, зноўку не атрымлівалася. Ды што ж гэта за прыкрасць! Яўгенія Канстанцінаўна была гатовая ўласнаручна расправіцца з тымі, хто навязваў гэтакія стандарты.
– Зноў не падыходзіць, так? – са спачуваннем прамовіла ліхадзейка-суседка.
…Панна Пракшына не спала другую ноч, гэтым разам намагаючыся абысці недарэчную арыфметыку. Насамрэч аднойчы сэрца яе ўжо разбівалася. Усе сяброўкі яе, акрамя Каці, ужо даўно павыходзілі замуж ды раз’ехаліся: хто ў аддаленую ад Менска сядзібу, а хто нават і ў які-небудзь чужы горад. Доля падобная магла напаткаць паўтара года таму і самую Яўгенію Канстанцінаўну, пры гэтым з-за вялікага кахання. Ва ўсялякім выпадку, так ёй падавалася. Аднак пакуль яна натхнёна чакала прапановы, улюбёны ёю прадмет раптоўна ажаніўся з іншай дзявіцай, якая не вылучалася ні прыгажосцю, ні фінансавым дастаткам. Панна Пракшына шчыра і з усёй стараннасцю намагалася выявіць іншыя магчымыя цноты ў разлучніцы, але чым болей шукала, тым меней знаходзіла.
Магчыма, меркавала Яўгенія Канстанцінаўна, віной усяму былі тыя самыя fine eyes
[65], што сталіся закладнікам шчасця яе кніжнай дарадчыцы міс Бэнэт. Асэнсаванне гэтага нават зблізіла панну Пракшыну на кароткі час, наадварот, з міс Бінглі, ды нават прасякнулася яна да антаганісткі спагадай. Праз некаторы тэрмін і сябе палічыўшы ў некаторым сэнсе антаганісткай, Яўгенія Канстанцінаўна надта засмуцілася, што нават прымусіла яе на даволі працяглы час паглыбіцца ў самое сябе і аддавацца горкім роздумам, з прычыны чаго і з’явіўся ў яе крыху пазней, дзякуючы турбаванням бацькоў, ёркшырскі pies. Да таго ж і перыядычнае сузіранне ў люстэрку пары ўласных не менш гожых вачэй ды яшчэ супольна з румянцам ва ўсю шчаку (і знайшліся ж аматары!) пераканала Яўгенію Канстанцінаўну, што, зрэшты, той аб’ект яе часовай жарсці апынуўся ўсё ж зусім не Тым, раз наважыўся надаць перавагу другой. Таму панна Пракшына старалася не цікавіцца станам спраў цяпер ужо былога знаёмца, хаця крыўду сваю памятала і нават нейкі час мела на мэце замаляваць увесь трагізм падманутых пачуццяў у невялічкай павучальнай аповесці. Але прасунуцца ў ёй далёка дзявіца не здолела, бо да галавы ёй прыходзілі збольшага выразы не самага высокага стылю.Што ж тычыцца знаёмца новага, то Яўгенія Канстанцінаўна ўсё яшчэ вагалася наконт адпавядання Таму самаму, але недзе далёка ў сэрцы яна вырашыла, хаця яшчэ і не прызналася самой сабе канчаткова: Падгорскі непараўнальна лепшы нават за самую perfection
[66]! Аднак кроіла душу панны Пракшыной тое, што яе вырашэнні не значаць анічога. Загваздка была нават не ў Каціных васьмі гадах, а ў тым, што новая сустрэча іх залежала толькі ад яго, а прадбачанне ягоных учынкаў не было ў яе ўладзе. Яна не ведала нават, ці значылі іхнія размовы нешта для іх абаіх альбо толькі для яе. Таму Яўгеніі Канстанцінаўне заставалася толькі соладка залівацца слязьмі пад манатоннае выццё Тэдзі, які пасля распусты ў маёнтку ніяк не жадаў мірыцца з адпачываннем дзесьці, акрамя падушак гаспадыні.