Па-першае, ліст ад гаспадароў атрымалі яны ў апошні момант, а таму як след падрыхтавацца да выхаду было зусім немагчыма. Не з паветра ж ім ствараць убранне – усё-такі не абы-куды ідуць. А па-другое, Лізавета Яўгенаўна мела сёння ўласныя планы на свайго сужэнца, і таму шчыра не разумела, навошта ўвогуле патрэбна марнаваць каштоўны час на візіты, калі пан Пракшын усё роўна здолее пабачыцца з графам на балі. Ды што гэта за свойскія сустрэчы? Чым яны такім будуць займацца і куды паедуць? Ах, якая розніца? Мабыць, Канстанціну Мікалаевічу варта застацца пад хатнім арыштам да заўтра?
– Ты нічога не разумееш, Бэтсі! – замахаў рукамі татухна. – Ну сапраўды, як можна? Абмяркоўваць справу ў свята!
– Ну-ну, – Лізавета Яўгенаўна непрыхільна ўзняла адно брыво. – Вядома ж, вылучыць хвілін пятнаццаць на такую дробязь, як твой дукат, паважаны калекцыянер не здолее.
– Між іншым, гэтая дробязь каштуе свабоды бязвіннага чалавека! – пакрыўдзіўся Канстанцін Мікалаевіч.
– Магчыма, але ж май на ўвазе: я табой вельмі незадаволеная, пан палкоўнік. Вельмі, – падкрэсліла матухна, падпускаючы сталі ў голас.
Яна з годнасцю павярнула галаву ў іншы бок, быццам бы больш не жадала ўганараваць Канстанціна Мікалаевіча сваім ясным позіркам, так што татухну давялося падхапіцца з крэсла ды вярнуць сабе такую вышэйшую ласку. Назіраючы за іхнімі перамовамі, панна Пракшына дзівілася: ну як жа ў іх усё атрымліваецца так натуральна? Нават у спрэчках застаюцца як адно цэлае. Што ж з ёй тады не так?..
Калі татухна ўсё-такі дамогся дазволу ў гэты дзень распараджацца ўласнай асобай па сваім разуменні ды паабяцаў, што вернецца не пазней за другую гадзіну
– Здаецца, гэта робіцца традыцыяй, – раздражнёна прамовіў Канстанцін Мікалаевіч і распячатаў тэлеграму.
Азнаёміўшыся са зместам яе, ён злосна скамечыў паперчыну ды гнеўна засоп, не выдаўшы ні слоўка.
– Што? Што там? – занепакоіліся сямейніцы, і нават Тэдзі пачаў падбрэхваць, не зважаючы на тое, што набіў рот ласункамі.
Граючы вужлакамі, татухна абвясціў:
– Забіты фурман.
– Не! – усклікнула Яўгенія Канстанцінаўна ды праз стол пацягнулася да аркуша.
Разгарнуўшы яго, дзявіца пераканалася ў сапраўднасці навіны: з маёнтка пісалі, што здарылася гэта ўначы. Аднак што ж будзе са Штэйнам? Не паспела гэтая думка як след аформіцца ў галаве панны Пракшыной, як Агапка прынесла чарговую капэрту. Гэта быў ліст ад Снопіна, але дата значылася ўчарашняя, таму дэталяў новага забойства, відаць, у ім апісана не было. Татухна пачаў чытаць услых, і вось што мелася ў лісце:
«Дарагі Канстанцін Мікалаевіч,
пішу табе, каб папярэдзіць, што колькасць прыкрых здарэнняў у нашай акрузе значна павялічылася. То добра, што ты ў час паспеў звезці з маёнтка дачку, а таксама і з’ехаў сам. Пакуль мы не маем дастаткова сведчанняў, каб зразумець, ці ўсе злачынствы – справа рук адной і той жа прышлай хеўры альбо гэта праз напады, аб якіх табе вядома, павыткалася розная навалач, што тут асела. Аднак жа здарылася яшчэ некалькі рабункаў мясцовых габрэяў, а таксама і іншае забойства. Знайшлі надоечы забітай
Рады быў пабачыцца з табою і зычу нам абодвум наступным разам сустрэцца ў больш спрыяльных абставінах.
Па-сяброўску цісну руку,
P. S. Датычна пытання твайго даведаўся: ёсць адмеціны на руцэ і плячы. Кажа, што выцяўся на лесапілцы падчас наладкі вашага абсталявання. Ды толькі ж ты сам ведаеш: сказаць можна, што заўгодна».