я – карлік-нос, я бадзяга, поўная віна, я сурвэтка, вільготная сурвэтка, пасьля таго як нос зрабіў сваю справу, але я хачу быць носам, але я не хачу адчуваць пахі, я хачу быць носам француза, я хачу быць носам армяніна й грузына, я хачу быць прыкметным, я хачу быць гонарам, я хачу быць носам зь вялікай літары Н, мне ня хочацца быць звычайным, ня хочацца быць як усе насы ў сьвеце, і я не хачу быць наперадзе, толькі наперадзе, я хачу быць носам, які ня чуе пахаў прыбіральні й згарэлай ежы, я хачу быць носам нэйтральным, знаходзіцца дзесьці на мяжы між сьветам вачэй, між тым сьветам, які бачыць левае вока, паводле традыцыі, і між правым вокам, якое падпарадкоўваецца сваёй усходняй завядзёнцы, і я не хачу быць карлікам-носам, але я майстра гатаваць, бо пахі робяць ежу па часе прыгатаванаю, я проста хачу кіравацца пахам, але ня пахам парфумы, ня пахам часу й ня пахам з-пад пахі, ня пахам спарахнелага часу цяпер і зараз, я хачу заставацца носам сьвежага паветра й сьвежай раніцы, дыхаць толькі вытворчасьцю дрэваў, дыхаць ня дымам цыгарэт і смугою ранішніх маршрутак і дызэльных аўтобусаў, але дымам ад вогнішча, полымем дзікага пачатку, усяго таго пачатку, дзе губляюцца паняцьці мэнэджмэнта, рэклямы, маркетынга, усяго, што ніколі ў жыцьці ня зможа прынесьці сапраўднай карысьці й шчасьця.
паламаны
ня так далёка ад мяне, як хацелася б, жывуць два чалавекі, звычайныя мужчына і жанчына, яны шараговыя абываталі, але, як і кожны шараговы абываталь, яны адметныя сваімі ўнутранымі перажываньнямі, сваркамі, каханьнямі, якія робяць іх жыцьцё цалкам непаўторным. яны сярэдняга ўзросту, яго гады імкнуцца да пяцідзесяці, яна распачала сярэдзінку саракагодзьдзя. ён – той самы мой сусед, які п’е як артыст. ён паламаны, як сам і кажа, і выглядае на ўсе шэсьцьдзясят, яна таксама да такіх лічбаў падобная. гаспадарка ня робіць іх моцнымі й мужнымі, пітво ня робіць іх бадзёрымі, але ў іх, я магу дакладна сказаць, – жыве каханьне, самае сапраўднае.
дзесяць год таму ён нажлукціўся да амаль сьмяротнага стану, яна крычала на яго, але, зразумела, ён не рэагаваў, потым яна ўзяла рыдлёўку й так ляснула яго па сьпіне, што зламала ня толькі рыдлёўку, але й сьпіну. цяпер ён паламаны, нават інваліднасьць мае.
але ён як глядзеў на яе вачыма сабакі, так і да гэтага часу глядзіць, а яна кожны вечар б’е яго, цяпер ня так моцна, але ж. і крычыць, і б’е, а ён п’е і п’е, і нічога не мяняецца, толькі каханьне застаецца, бо кожную раніцу ён яе кліча «каровушкаю». стане на ганку, скасабочаны, запаліць і крычыць: «жонушкакаровушка! ходзь сюды…»
такое каханьне.
гарбуз
з гарбузом у мяне зьвязана шмат асацыяцый. і беларуска-ўкраінская традыцыя, і сьвята ўсіх сьвятых, і папялушка ў карэце. але да пэўнага часу для мяне гарбуз быў цалкам звычайным плодам, якія я не ўспрымаў у якасьці ежы, акрамя як марынаваным з пацісонамі. і ўсё зьмянілася, акурат калі я прачнуўся чароўнаю зімоваю раніцаю, год таму, а на кухні стаяў пах. незвычайны для мяне пах прыгатаванай ежы.
гэта Люба, дзяўчына, зь якою я быў знаёмы ня так даўно, але ўжо быў у шчыльных стасунках і дасканала дасьледаваў яе сэксуальнасьць.
ці трэба казаць, што калі каханкі толькі пачынаюць адзін аднаго дасьледаваць, яны на гэтым этапе пэрманэнтна галодныя. я прачнуўся з адчуваньнем такой неверагоднай пустэчы ў страўніку, што празь некалькі сэкунд быў ужо на нагах і на кухні.
Люба стаяла ў маёй завялікай для яе саколцы, грудзі павольна калыхаліся з кожным рухам, раскудлачаныя кудзеркі былі неахайна сабраныя на макаўцы. яна ўсьміхалася мне. я ізноў адчуў жаданьне.
сэкс на стале на кухні, сэкс на кухні на падлозе, сэкс на стуле на кухні.
пах прыгатаванай ежы ізноў прымусіў мяне зацікавіцца тым, што стаіць на пліце.
Люба знайшла гарбуз і прыгатавала суп-пюрэ, якога я ніколі на ўласныя вочы ня бачыў. суп быў густым, зь мяккімі кавалачкамі, ня цалкам пюрэ, бо адкуль у мяне блэндэр?
са зьяўленьнем Любы я палюбіў гарбузовы суп, набыў блэндэр і нават прыдумаў два ўласных рэцэпты (складнікі такія: гарбуз, бульба, салодкі перац, кабачок, пацісон, морква, курыны бульлён, тамат).
са зьяўленьнем Любы суп-пюрэ ператварыўся для мяне ў сэксуальную гульню, і нават калі мы зь ёй доўга ня бачымся, бо жыве яна ў Менску, і адносіны ў нас вольныя, я заўсёды гатую суп з гарбуза (не істотна якога: сьвежага, замарожанага), калі пачынаю сумаваць па ёй.
сёньня раніцай пабачыў смс, яна едзе да мяне. яна заўсёды так робіць, піша смс, папярэдне як прыехаць, калі ўжо кіруе машынаю ў бок маіх мясьцінаў, за гэты час я магу пасьпець прыбрацца альбо справадзіць дадому якую іншую дзяўчыну. Люба – разумная жанчына, яна ўсё разумее.
да панядзелка ў мяне ізноў усё ў жыцьці будзе перамяшаным: пачуцьці, гастранамічныя густы, захапленьні, мары, сьненьні.