А мне стала так сорамна, так няёмка, быццам я, зусім яшчэ малы, выпадкова пабачыў перад сабой сваю аголеную маці. Але не змог адвесці вачэй, глядзеў, як Надзея прысела, пасля лягла ўздоўж баразны і пакацілася — з жывата на спіну, у баразну, з баразны наверх — і вось яна ўжо ля маіх ног. Схапіла мяне за ногі, прыўзнялася.
— Скідай адзенне, распранайся… Увесь…
А я баяўся даткнуцца да яе го лага цела, здавалася — мяне апячэ, бы токам ударыць. Немагчыма было перавесці позірк уніз, адно ратаванне — глядзець у яе вочы.
— Надзея, Надзюшка мая… — папрасіўся я.
— Маўчы цяпер, маўчы і цярпі, міленькі, — Надзея расшпільвала гузікі на маёй кашулі, сцягвала яе з плячэй. Тузала рэмень на джынсах, цягнула іх долу, прымусіла пераступіць нагамі… Хапіла мае транты, скамячыла ў адзін вузел і кінула цераз баразну. І раптоўна прыпала сваім прахалодным, такім жывым целам да мяне, цалкам голага, кожнай клетачкай прыціснулася, абхапіла за плечы.
— Абдымі мяне моцна, кладзіся на траву!
Апякло, аж закалаціла ўсяго, здаецца, і зубы заляскалі, а рэшткі свядомасці галасілі: «Сорам! Сорам які!» Але слухаўся, ужо цалкам прыняўшы Надзею за маці, а сябе за маленькага паслухмянага хлопчыка…
Раптам кульнулася зямля, раз і другі, мне падалося, мы ляцім у прорву, б’ёмся аб камяні. А Надзея ціснулася што моцы да мяне, і цяпер ужо адна думка калола недзе ў паўзабыцці: як жа балюча ёй можа быць.
Зямля ніяк не магла супакоіцца, гойдалася. Я адчуваў, як Надзея апранае мяне, потым чуў яе загад ісці, і яе дужыя рукі не давалі зямлі абрынуцца на нас, хілілі ў іншы бок…
У лесе мне стала крыху лепш, у кожным разе, я сам мог стаяць на нагах. Пабачыў аўтамабіль, ля яго мужчыну, пазнаў: Сяргей.
— А я — вось, — дурнавата пасміхнуўся яму.
— Сядай!
Мы ехалі нядоўга, спыніліся. Надзея адчыніла дзверцы, дапамагла мне выйсці. Павяла.
— А тут жыве вядзьмак Зміцер, — прамармытаў я.
— Пазнаў, Васілёк, так, Зміцер… — прыгаворвала Надзея, адчыняючы веснічкі, тузанула дзверы ў хату.
— Хто там? — пачуўся з цемры тонкі жаночы голас. Запалілася святло кволай лямпачкі.
— Мы да дзеда, — рашуча ступіла наперад Надзея, трымаючы мяне пад локаць, і баба Марылька зрабіла крок убок, даючы нам прайсці.
Стары Зміцер глядзеў на нас. Я бачыў яго вочы, на гэты раз у яго позірку было жыццё — там была і пагарда — да мяне, і цікавасць — да Надзеі.
— Прысядзь, — Надзея пабачыла табурэтку, падвяла мяне да яе, пасадзіла, павярнулася да старога і жорстка гукнула: — Дзед! Ты мяне ведаеш! Яму трэба зелле ад круга забыцця.
Стары маўчаў.
— Я не стану цябе прасіць, дзед Зміцер! — паўтарыла Надзея тым жа тонам. — Мне трэба, і я не сыду з хаты, пакуль не вазьму. У цябе ёсць. Змог прыгатаваць адно, гатуй і другое. Мне няцяжка будзе ператрэсці тут усё дашчэнту. Я выкіну цябе пад плот шалёным лісам, па цагліне разбяру печ, бервяна на бервяне не пакіну ад тваёй халупы, але знайду! Хочаш гэтага?
— Не знойдзеш, — прахрыпеў са шкадаваннем стары.
— Знайду!
— Ад круга не зелле трэба…
— А што? — Надзея падалася наперад, голас яе задрыжэў: яна адчувала, што прайграла. — Кажы!
Зміцер глядзеў на яе, скасіўшы вочы. Не, ён не ўсміхаўся пераможна, але не казаў ні слова.
— Добра, дзед Зміцер, — выгаворваючы кожнае слова паасобку, пачала сцішана Надзея. — Я прапаную табе людскую смерць. Я вазьму тваё.
— Вой, дзетачка, нашто табе, родная? — войкнула баба Марылька, перажагналася. — Табе ж жыць…
— Мне жыць, я адмалю, — адмахнулася Надзея, не паварочваючы галавы да старой. — Дзед! Ты згодзен? Я дам табе па-людску сканаць, — паўтарыла яна. — Ты не будзеш у пакутах маліць смерць прыйсці за табой. Ты ведаеш, які канец цябе чакае. Кажы мне!
— Вазьмі мяне за руку, — нарэшце папрасіў стары.
— Не бярыся, дзетачка, адумайся! З гэтай навукі адныя мукі, — зноў паспрабавала спыніць Надзею баба Марылька. Але тая бы не чула папярэджання, зрабіла крок да старога, узяла схуднелую руку, сціснула ў сваёй.
— Бяры, — выдыхнуў Зміцер, і Надзея ўздрыгнула ў наступны момант, па целе яе прайшлася кароткая хваля дрыжыкаў. Яна выпусціла старэчую руку, з хвіліну стаяла, заплюшчыўшы вочы, быццам прыслухоўвалася да сябе.
— Цяпер кажы, — нечакана знясіленым голасам папрасіла яна.
— На ваду пашапчы. Ты цяпер ведаеш, як шаптаць. З сабой пакладзі яго. Ваду з цыцкі дай, хопіць, каб толькі вусны памачыў. Няхай засне…
— Бывай, дзед Зміцер, — цяпер ужо спакойна, нават лагодна, развіталася Надзея, азірнулася да старой: — Добра начаваць, баба Марылька.
Мне здавалася, я бачу, адчуваю і разумею ўсё. І ўсё ўспрымаю з неверагодным спакоем, абыякавасцю нават, быццам нішто вакол не датычылася мяне. Дакладней, датычылася, але ж я ні пры чым, я — маленькі хлопчык, хіба можна мяне ў нечым абвінаваціць і потым пакараць? Не, гэта вышы дарослыя справы, дзікунскія справы…
Мы ехалі ў горад, я сядзеў на заднім сядзенні, мне было ўтульна і хораша. Так хораша… Нічога не турбавала, не было ні холадна, ні спякотна, не хацелася ні піць, ні есці. Адзінага жадалася: каб вось так ехаць праз ноч доўга-доўга, бясконца ехаць…